Жыткавіцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Жыткавічы.

Мяжуе з Петрыкаўскім, Лельчыцкім раёнамі Гомельскай вобласці, Столінскім і Лунінецкім раёнамі Брэсцкай вобласці, а таксама Любанскім і Салігорскім раёнамі Мінскай вобласці. Яго працягласць з поўначы на поўдзень 82,5 км, з захаду на ўсход — 71,5 км. Плошча 2 916,27 км².

Гісторыя

Утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Мазырскай акругі БССР з адміністрацыйным цэнтрам у мястэчку Жыткавічы. 20 жніўня 1924 года падзелены на 8 сельсаветаў: Браніслаўскі, Бялёўскі, Вятчынскі, Жыткавіцкі, Людзяневіцкі, Ляхавіцкі, Руднянскі, Юркевіцкі. 8 кастрычніка 1924 года да раёна далучаны Дзякавіцкі і Князь-Азёрскі сельсаветы Старобінскага раёна Слуцкай акругі. 21 жніўня 1925 года абодва сельсаветы вернуты ў склад Старобінскага раёна. 5 красавіка 1935 года Дзякавіцкі сельсавет зноў уключаны ў склад Жыткавіцкага раёна. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Палескай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Бялёўскі, Вятчынскі, Жыткавіцкі, Ляхавіцкі сельсаветы, утвораны Марохараўскі сельсаветУказ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.. Сучасныя межы раён набыў у першай палове 1960-х гадоў, калі праводзілася ўзбуйненне раёнаў і абласцей БССР. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны Ленінскі сельсавет Ленінскага раёна Брэсцкай вобласціУказ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 20 января 1960 г. Об упразднении некоторых районов Республики Беларусь, 11 красавіка 1960 года — Мілевіцкі сельсавет Старобінскага раёна Мінскай вобласціУказ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 11 апреля 1960 г. О передаче Милевичского сельского Совета из состава Старобинского района Минской области в состав Житковичского района Гомельской области, а 17 красавіка 1962 года — сельсаветы скасаванага Тураўскага раёна (Азяранскі, Верасніцкі, Перароўскі, Рычоўскі) і гарадскі пасёлак ТураўУказ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 17 апреля 1962 г. Об упразднении некоторых районов Республики Беларусь. 19 лістапада 1971 года Жыткавічы атрымалі статус горадаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 19 лістапада 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскіх пасёлкаў Жыткавічы Жыткавіцкага раёна і Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарады раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1971, № 33 (1335).. На 1 студзеня 1974 года ў складзе Жыткавіцкага раёна: горад, гарадскі пасёлак, 12 сельсаветаў, 110 населеных пунктаў. 28 студзеня 1991 года з часткі Марохараўскага сельсавета быў утвораны Чырвоненскі сельсавет.

20 кастрычніка 1995 года адміністрацыйныя адзінкі Жыткавіцкі раён і горад Жыткавічы, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр, аб'яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку — Жыткавіцкі раён.

27 жніўня 2004 года гарадскі пасёлак Тураў атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 26 верасня 2006 года скасаваны Браніслаўскі сельсаветРешение Гомельского областного Совета депутатов от 26 сентября 2006 г. № 295 Об изменении административно-территориального устройства районов Гомельской области .

11 студзеня 2023 года скасаваны Дзякавіцкі і Перароўскі сельсаветы.

Геаграфія 56 % тэрыторыі займае лес з перавагай хваёвых і чорнаальховых драўняных парод, 14 % — рэкі, азёры і штучныя вадаёмы, балоты, 24,1 % — сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Праз тэрыторыю раёна працякае галоўная водная артэрыя беларускага Палесся — рака Прыпяць з прытокамі Случ, Сцвіга, Скрыпіца, Навуць. На тэрыторыі раёна знаходзіцца шмат азёр: Чырвонае (самае буйное возера Палесся), Белае, Найда, Вусцечына і іншыя. У раёне размешчаны нацыянальны парк «Прыпяцкі», частка ландшафтнага заказніка «Сярэдняя Прыпяць», тры біялагічныя заказнікі («Залюціцкі», «Мілевіцкі» і «Тураўскі луг»), а таксама Жыткавіцкі і Ленінскі паляўнічыя заказнікі.

Геалогія У тэктанічных адносінах цэнтральная частка раёна прымеркавана да Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, паўночная і паўднёвая — да Прыпяцкага прагіну. Зверху залягаюць пароды чацвярцічнага ўзросту магутнасцю 10—15 м, месцамі да 60—70 м, ніжэй неагенавыя і палеагенавыя 10—70 м, мелавыя адклады трапляюцца на поўначы і поўдні раёна, каменнавугальныя і дэвонскія пашыраны больш, але таксама толькі на поўначы (700—1000 м) і поўдні (да 2000 м). На ўсходзе раёна ў адкладах верхняга дэвону вылучаюцца дзве саляносныя тоўшчы. У падэшве платформавага чахла верхнепратэразойскія адклады магутнасцю да 450 м. Пад платформавым чахлом на глыбіні 11—150 м на выступе і 1000—4000 м і больш ва ўпадзіне залягаюць пароды крышталічнага фундамента. 15 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 126 млн т (найбуйнейшыя Булеў Мох і часткова Межч, Ржышча-Ліпкі, Смалярня, Рудня-Грэбень), 3 радовішчы глін для грубай керамікі з агульнымі запасамі 587 тыс. м³, Жыткавіцкае радовішча будаўнічага каменю, Жыткавіцкае радовішча бурага вугалю, Тураўскае радовішча гаручых сланцаў, Бярэзінскае, Дзедаўскае, Людзяневіцкае радовішчы кааліну з агульнымі запасамі 17,7 млн т.

Насельніцтва У раёне налічваецца 109 населеных пунктаў, з іх 2 горада — Жыткавічы і Тураў. Усяго ў раёне (на студзень 2013 года) пражывае 38,3 тыс. чалавек. У горадзе Жыткавічы пражывае 15,8 тыс., горадзе Тураў — 2,8 тыс., у сельскай мясцовасці — 19700 чалавек. 1971 год — 60,0 тыс. 2008 год — 43,7 тыс. 2014 год — 37,7 тыс.

Адукацыя і культура На тэрыторыі раёна працуюць 21 сярэдняя і 7 базавых школ. Сетка ўстаноў культуры Жыкавіцкага раёна ўключае 52 клубных і 39 бібліятэчных устаноў, 3 школы мастацтваў, 1 дзіцячую музычную школу, Тураўскі краязнаўчы музей. Культурнае абслугоўванне маланаселеных пунктаў раёна забяспечваюць 2 аўтаклуба.

Вядомыя асобы Уладзімір Іванавіч Агіевіч — беларускі крытык, перакладчык. Віктар Аляксандравіч Жыгар (нар. 1954) — беларускі палітык. Навум Саламонавіч Перкін — беларускі літаратуразнаўца.

Гл. таксама Вусцечына Казелец Перавалец Булеўскае балота Вятлішча

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Сайт Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта

Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1924 годзе