Эазінафільнае запаленне стрававода (эазінафільны эзафагіт) — хранічнае аўтаімуннае захворванне стрававода, выкліканае харчовымі і аэразольнымі алергенамі. Клінічна праяўляецца сімптомамі дысфункцыі стрававода, а гісталагічна — запаленчай інфільтрацыяй сценкі стрававода з перавагай эазінафілаў. У 50 % хворых на ЭЗС назіраюцца атапічныя захворванні: дыхавіца, алергічны рыніт, атапічны дэрматыт, IgE-залежныя харчовыя алергіі.

Клінічны вобраз Скаргі хворага неспецыфічныя і могуць з узростам змяняцца. У дзяцей дамінуюць складанасці падчас кармлення, адмовы ад прыёму ежы, а таксама тармажэнне прыросту масы цела і росту; у дарослых — дысфагія і эпізоды захрасання кавалкаў ежы. Характэрнымі рысамі ЭЗС з’яўляюцца пазбяганне прадуктаў харчавання, якія ствараюць праблемы з глытаннем, і працяглы час перажоўвання. Хворы спажывае шмат вады падчас прыёму ежы. Могуць назірацца боль за грудзінай і сімптомы страўнікава-страваводнага рэфлюксу.

Дыягностыка

Лабараторныя даследаванні: невялікая эазінафілія перыферычнай крыві ў 5-50 % хворых, у ~70 % павышаны агульны ўзровень IgE ў крыві, а таксама спецыфічных для харчовых і аэразольных алергенаў IgE. Эндаскапія: кругавыя зморшчыны, кольцы слізістай абалонкі (вобраз трахеі), падоўжныя разоры, камякі, налёты белага колеру, адсутнасць сасудзістага малюнка, гіперэмія і набраканне слізістай абалонкі, пры запушчанай хваробе — стэнозы. Нармальны вобраз слізістай абалонкі стрававода (у 10 % хворых) не выключае ЭЗС. Гісталагічныя даследаванні: біяптаты (2-4) для гісталагічных даследаванняў дыстальнай і праксімальнай часткі стрававода выяўляюць наяўнасць эазінафілаў у эпітэліі і іншых абшарах сценкі стрававода, наяўнасць эазінафільных мікраабсцэсаў, пашырэнне міжклетачных прастор, гіпертрафію і падаўжэнне музкоў базальнай мембраны, а таксама фіброз базальнай мембраны слізістай абалонкі.

Дыягнастычныя крытэры ЭЗС (ACG 2013) сімптомы з’яўляюцца вынікам дысфункцыі стрававода; у біяптатах з стрававода выяўляецца запаленне з наяўнасцю >15 эазінафілаў у п / б (павелічэнне х 400); эазінафільнае запаленне абмежавана выключна страваводам і працягваецца, нягледзячы на лячэнне ІПП; выключаны іншыя прычыны эазінафіліі стрававода.

Дыферэнцыяльная дыягностыка гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба; іншыя прычыны дысфагіі; іншыя прычыны эазінафіліі стрававода: эазінафілія стрававода з добрай рэакцыяй на ІПП (калі хворы без істотнага рэфлюксу, з гісталагічна пацверджанай эазінафіліяй стрававода адказвае клінічна і гісталагічна на 2-месячнае лячэнне ІПП; механізм невядомы); эазінафільны гастраэнтэракаліт; хвароба Крона; гіперэазінафільны сіндром; цэліякія; ахалазія кардыі; хваробы злучальнай тканкі; інфекцыі; хвароба «трансплантант супраць гаспадара».

Лячэнне

Дыета Перш за ўсё, належыць ацаніць мэтазгоднасць элімінацыйнай дыеты: Элементная дыета — дыетычнае харчаванне, вырабленае вытворчым шляхам; добра збалансаванае, ачышчанае ад алергенаў, але пацыенты могуць яго не прымаць з-за смаку. Эмпірычная гіпаалергенная дыета — грунтуецца на элімінацыі найбольш частых харчовых алергенаў, у тым ліку малака, яек, рыбы, арэхаў, соі і пшаніцы. Мэтанакіраваная элімінацыйная дыета — падабраная згодна з індывідуальнымі патрэбамі і магчымасцямі пацыента на падставе анамнэзу і вынікаў алергічных тэстаў.

Фармакалагічнае лячэнне ІПП: добрая рэакцыя мае дачыненне да дыферэнцыяльнай дыягностыкі, але таксама лячэнне ІПП змяншае інтэнсіўнасць сімптомаў у часткі хворых. ГКС мясцовага дзеяння: з’яўляюцца прэпаратамі па выбару. Адсутнічаюць прэпараты, спецыфічныя для ЭЗС, выкарыстоўваюцца прэпараты аэразольных ГКС: будэсонід або флютыказон. Непажаданы эфект — кандыдоз стрававода. У хворых без адказу на стандартнае 8-тыднёвае лячэнне можна працягнуць тэрапію з большымі дозамі прэпаратаў. ГКС агульнага дзеяння: найбольш эфектыўныя, але ў сувязі са значнымі пабочнымі дзеяннямі зарэзерваваныя для хворых з цяжкімі сімптомамі, якія патрабуюць хуткага дасягнення клінічнага паляпшэння або не адказалі на іншае лячэнне. У большасці хворых назіраецца стэроідазалежнасць — пасля адмены ГКС сімптомы вяртаюцца. Стандартная доза прэднізалона складае 1-2 мг / кг / дз.

Прагноз ЭЗС з’яўляецца хранічнай хваробай: поўнае знікненне сімптомаў магчыма, але ў большасці хворых назіраецца толькі памяншэнне інтэнсіўнасці сімптомаў. Спыненне лячэння можа выклікаць рэцыдыў.

Літаратура

Катэгорыя:Гастраэнтэралогія Катэгорыя:Захворванні страўнікава-кішачнага тракту