Шведскі патоп () — вайна Шведскай імперыі супраць Рэчы Паспалітай у 1655—1660 гадах. Вымусіла Рэч Паспалітую заключыць Віленскае перамір’е ў вайне з Маскоўскім царствам дзеля барацьбы супраць шведаў. Афіцыйна скончылася пасля падпісання перамір’е ў Аліве.
Перадумовы і прычыны канфлікту Пасля адрачэння каралевы Крысціны (6 чэрвеня 1654), увосень 1654 года шведскі ўрад прыйшоў да высновы, што ён не можа далей пасіўна назіраць за развіццём поспеху расійскіх войскаў у Рэчы Паспалітай у час вайны 1654—1667 гадоў, і шведская дзяржава павінна ўмяшацца, але пытанне аб форме ўмяшання заставалася адкрытым.
У снежні 1654 года адбылося пасяджэнне шведскага , дзе было прынята рашэнне ўмяшацца ў падзеі. Адначасова, з мэтай перашкодзіць далейшаму ўмацаванню Расіі, члены рыксрада вырашылі заключыць саюз з саслабленай польска-літоўскай дзяржавай. Паводле меркавання шведскіх кіруючых колаў, для заключэння саюза польскі кароль Ян II Казімір Ваза павінен быў адмовіцца ад прэтэнзій на Лівонію, пагадзіцца на шведскі пратэктарат над Курляндыяй і на саступкі ў Каралеўскай Прусіі — гэта забяспечвала б ператварэнне Балтыйскага мора ў «шведскае возера», што дало б Швецыі поўны кантроль над гандлем у рэгіёне.
У выніку разгляда пытання было прынята рашэнне пачаць вайну і прызначаны час — вясна 1655 года. Станоўчы ўплыў на такое рашэнне аказвалі весткі пра тое, што частка магнатаў Рэчы Паспалітай шукае «абароны» ў замежных кіраўнікоў. У Вялікім Княстве Літоўскам частка магнатаў ужо да канца 1654 года ўступіла ў перамовы са Швецыяй аб «пратэкцыі». У выступленнях некаторых членаў рыксрада была выказана гатовасць такую «пратэкцыю» аказаць.
Аднак, у Рэчы Паспалітай катэгарычным праціўнікам саюза са Швецыяй апынуўся кароль Ян Казімір. У студзені 1655 года пад ціскам сенатараў каралю прыйшлося адправіць у Швецыю свайго прадстаўніка, але паўнамоцтваў для заключэння саюза кароль яму не надаў. Наадварот, пасланец караля выступіў з патрабаваннем кампенсацый Яну Казіміру за адмову ад яго правоў на шведскі трон. Пазней шведскі кароль Карл X Густаў нават напісаў цару Аляксею Міхайлавічу, што польскі кароль «шукае… толькі нашай каралеўскай вялікасці ўсялякія шкоды і страты чыніць».
Адначасова Швецыя не магла не звярнуць увагу на становішча, якое ўзнікла на расійска-літоўскіх франтах. Спробы літоўскіх гетманаў вярнуць занятыя расійскімі войскамі землі зімой-вясной 1655 года не прывялі да станоўчага выніку. Тым часам шведскі пасланец Удэ Эдла даставіў у Стакгольм пасланне ад цара Аляксея Міхайлавіча, у якім адзначалася, што цар аддаў загад зімаваць сваім войскам у Вязьме, для таго, каб увесну пачаць наступ на каронныя гарады Рэчы Паспалітай. У сувязі з гэтым, для Швецыі ўзнікала тэрміновая неабходнасць не ўступаючы ў адкрытае супрацьстаянне з Расіяй перашкодзіць развіццю яе поспехаў і паставіць пад свой кантроль стратэгічна важныя для Швецыі тэрыторыі.
У пачатку 1655 года ўзмацнілася актыўнасць розных кругоў польска-літоўскай знаці па пошуку «абароны» ў замежных кіраўнікоў. У 1655 годзе магнаты і шляхта Вялікай Польшчы звярнуліся з просьбай аб абароне да курфюрста Брандэнбурга , а брандэнбургскі агент у Варшаве паведамляў, што прымас і шэраг сенатараў гатовыя бачыць курфюрста на польскім троне.
Увесну 1655 года ў актыўныя перамовы са Швецыяй уступіў вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл. Падчас перамоў ставілася пытанне аб абранні шведскага караля на трон Рэчы Паспалітай. Да лета 1655 года перамовы са шведскімі ўладамі пачаткаў і віленскі біскуп Юрый Тышкевіч. Усё гэта дапамагала стварыць уражанне, што сур’ёзнай вайны не будзе, а абяскроўленая Рэч Паспалітая сама прыме шведскі пратэктарат.
Да лета 1655 года быў гатовы план хуткай кампаніі. Удар планавалася нанесці з двух бакоў. На захадзе армія фельдмаршала павінна была са Шведскай Памераніі пачаць наступ на землі Вялікай Польшчы. Іншым кірункам павінны былі стаць землі Вялікага Княства Літоўскага і Інфлянтаў. Першай мэтай на гэтым кірунку быў захоп Дынабурга, які быў адным з галоўных цэнтраў Інфлянтаў і кантраляваў шляхі на Рыгу. Такая неабходнасць тлумачылася выхадам расійскіх войскаў да Заходняй Дзвіне. Для шведскіх інтарэсаў у рэгіёне ўзнікла неабходнасць не дапусціць заняцця гэтага горада расійскімі войскамі. Пасля ўзяцця Дынабурга прадпісвалася выслаць войскі для ўзяцця Браслава. Новы генерал-губернатар Шведскай Лівоніі граф Магнус Дэлагарадзі павінен быў заняць усю поўнач Вялікага Княства Літоўскага з гарадамі Біржы і Коўна, асаблівая ўвага надавалася заняццю Жамойці, што забяспечвала набліжэнне шведскіх граніц да Усходняй Прусіі. Дэлагардзі атрымаў правы на заключэнне дагавора з гетманам Радзівілам і павінен быў размясціць шведскія гарнізоны ва ўсіх стратэгічна важных пунктах.
Ход вайны
1655 год
Заваяванне шведамі Вялікай Польшчы 21 ліпеня шведская армія (14 400 чалавек) фельдмаршала А. Вітэнберга, якая выступіла з Шчэціна яшчэ 5 ліпеня, перайшла польскую мяжу пад Чаплінкам і рушыла на Велікапольшчу. Разам з фельдмаршалам знаходзіўся былы каронны канцлер Еранім Радзяёўскі.
Да таго часу ўрад Рэчы Паспалітай сабраў пад Уйсцем (на поўнач ад Познані) 17-тысячнае велікапольскае апалчэнне («паспалітае рушанне»). На чале польскага войска знаходзіліся вялікі падскарбі каронны Багуслаў Ляшчынскі, пазнаньскі ваявода Крыштаф Апалінскі і ваявода калішскі Анджэй Караль Грудзінскі.
24 ліпеня армія А. Вітэнберга захапіла пераправы цераз Нотаць, цалкам блакіраваўшы палякаў пад Уйсцем. 25 ліпеня велікапольскае апалчэнне, якое трапіла ў акружэнне і апынулася пад артылерыйскім абстрэлам, капітулявала. Шведскае камандаванне разам з былым канцлерам звярнуліся да сабранага польскім урадам паспалітага рушання Вялікай Польшчы з прапановай пачаць перамовы, на што адразу атрымалі згоду. Паводле падпісанага пагаднення магнаты і шляхта Вялікай Польшчы прызнавалі шведскага караля сваім пратэктарам і саступалі яму ўсе каралеўскія ўладанні і даходы. Ваявода пазнаньскі К. Апалінскі і ваявода калішскі А. Грудзінскі патаемна распачалі перамовы і склалі сепаратны дагавор са шведскім камандаваннем. Вялікапольшча (Пазнаньскае і Калішскае ваяводствы) перайшла пад уладу шведскага караля.
Пасля капітуляцыі велікапольскае паспалітае апалчэнне было распушчана. Шведская армія без бою ўступіла ўглыб Польшчы. 31 ліпеня А. Вітэнберг без супраціўлення заняў горад Познань. Польскія магнаты і шляхта, незадаволеныя ўладай свайго караля Яна Казіміра, масава пераходзілі на бок шведаў. З Познані армія Вітэнберга рушыла пад Сьроду, дзе спынілася, чакаючы падыходу галоўных сіл на чале з каралём.
Баявыя дзеянні ў Вялікім Княстве Літоўскім На пачатку ліпеня маскоўскія войскі сканцэнтраваліся ў Менску і рушылі да сталіцы княства Вільні. Вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл і віленскі біскуп Юрый Тышкевіч накіравалі сваіх ганцоў да шведаў. 26 ліпеня да Магнуса Дэлагардзі прыбылі пасланцы ад гетмана, біскупа і паноў-рады, якія прасілі хутчэй накіраваць войскі ў Біржы і Вільню.
29-30 ліпеня праз Заходнюю Дзвіну пачалі перапраўляцца шведскія войскі фельдмаршала Густава Левенгаўпта. 1 жніўня Левенгаўпт атрымаў загад заняць усе землі княства, якія яшчэ не былі захопленыя маскоўскімі войскамі. Галоўная стаўка шведаў павінна была размясціцца ў крэпасці Радзівілаў на мяжы з Курляндыяй, адкуль шведскія войскі павінны былі выступіць на Біржы і Коўна. Біржы здаліся шведскай арміі без бою, аднак маскоўскія войскі 6 жніўня захапілі Коўна, а ўжо 8 жніўня штурмам авалодалі Вільняй. Суперінтэндант лютэранскай царквы Вялікага Княства Літоўскага Ян Казімір Маліна пакінуў Вільню і пераехаў у Кёнігсберг, дзе выдаў кнігу «Разгром Літвы» (Excidium Lithuaniae).
Шведы пачалі ўмацоўвацца на захопленых тэрыторыях. Атрад капітана Уленброка заняў Браслаў, Іказнь і Друю.
Заваяванне Карлам X Густавам усёй Польшчы Пакінуўшы Стакгольм, Карл Х Густаў разам з войскамі 19 ліпеня высадзіўся ў памеранскім порце Вольгаст, 10 жніўня рушыў да польскай граніцы на чале другой арміі (12 400 чалавек) і 14 жніўня пад Тучнам перайшоў польскую мяжу. У Рагозне шведскага караля ўрачыста прынялі пазнаньскі і калішскі ваяводы, па просьбе якіх ён павінен быў зацвердзіць польска-шведскую дамову пад Уйсцем.
У Польшчы Карл X Густаў падзяліў сваю армію: кароль з часткай арміі рушыў на Конін і Кола, а генерал Густаў Ота Стэнбак з іншай часткай наступаў на Уйсце і Гнезна. У Коле войскі павінны былі злучыцца.
17 жніўня пад уладу шведскага караля перайшло Серадзскае ваяводства нача з ваяводам Янам Канецпольскім.
У той жа дзень у Вялікім Княстве Літоўскім Януш Радзівіл, які страціў надзею абараніць дзяржаву, падпісаў у Кейданах са шведамі пагадненне аб пераходзе ВКЛ пад шведскі пратэктарат.
18 жніўня 1655 года кароль Ян II Казімір з гвардыяй выправіўся з Варшавы ў Лэнчыцу, дзе стаяла польскае войска пад камандаваннем польнага кароннага гетмана Станіслава Лянцкаронскага. У Ловічы пачало збірацца шляхецкае апалчэнне з Куявіі і лэнчыцкай зямлі. Пад Лэнчыцай і Ловічам было згуртавана 10-тысячнае польскае войска.
24 жніўня пад Конінам Карл X Густаў злучыўся з арміяй А. Вітэнберга. 25 жніўня аб’яднаная шведская армія рушыла з Коніна на Кола, дзе да Карла Х Густава далучыўся корпус Г. Стэнбока. 27 жніўня 25-тысячная шведская армія пераправілася пад Колам праз раку Варту і 31 жніўня рушыла на Варшаву. 1 верасня Карл X Густаў заняў Кутна, дзе даведаўся пра збор Янам II Казімірам значных сіл пад Пёнткам, і рушыў супраць польскай арміі.
2 верасня ў бітве пад Саботай шведская армія караля Карла Х Густава, Г. Стэнбака і Магнуса Дэлагардзі нанесла паражэнне аб’яднаным сілам польскага войска і шляхты. У бітве найбольш вылучылася польская кавалерыя вялікага кароннага харунжага Аляксандра Канецпольскага, якая дзейнічала на баку шведаў. Польскі кароль Ян II Казімір з невялікімі сіламі вымушаны быў адступіць углыб краіны. 4 верасня шведы занялі Ловіч. Карл X Густаў з галоўнымі сіламі рушыў на Варшаву, выслаўшы ў пагоню за адступаючым польскім войскам 8-тысячны шведскі корпус фельдмаршала А. Вітэнберга. Ян II Казімір з 12-тысячным войскам пакінуў Варшаву і рушыў на Вольбуж.
8 верасня шведскі кароль Карл X Густаў без супраціўлення ўвайшоў у Варшаву, сталіцу Рэчы Паспалітай, але ўжо 11 верасня пакінуў горад і працягнуў сваё наступленне ў Польшчу. У Варшаве шведскі кароль пакінуў значны гарнізон на чале з Бенедыктам Оксешэрнам, а каля сталіцы застаўся шведскі корпус Г. Стэнбака. Ян II Казімір з польскім войскам адыходзіў ад шведскага авангарда ў Кракаў.
9 верасня кашталян кіеўскі Стэфан Чарнецкі разграміў у баі пад шведскі атрад (500 рэйтараў, 200 чалавек загінула) з авангарда А. Вітэнберга. У адказ А. Вітэнберг захапіў і разрабаваў польскія гарады Іноўлудзь, Джэвіцу, Аджывул, а 12 верасня пасля кароткай аблогі ўзяў Апочну. Шведскі кароль, атрымаўшы данясенне пра канцэнтрацыю значных польскіх сіл пад Вольбужам, рушыў з галоўнымі сіламі услед за А. Вітэнбергам.
15 верасня Ян II Казімір з 11-тысячным войскам (6900 рэгулярнага войска і 3-4 тысячы паспалітага рушання) прыбыў у Жарнаў. 16 верасня ў бітве пад Жарнавам шведская армія (10-11 тысяч чалавек) Г. Стэнбака і Магнуса Дэлагардзі ўшчэнт разграміла войска караля Яна II Казіміра, які стаў хутка адступаць у Кракаў. У бітве палякі страцілі забітымі каля 1 тысячы чалавек, большая частка паспалітага рушання разбеглася. Пад Рушаніцамі шведы разбілі рэшткі польскага апалчэння. З рэштамі войска Ян II Казімір адступіў праз Улашчову, Жарновец на Кракаў. Адступленне караля прыкрываў польны каронны гетман Станіслаў Лянцкаронскі.