Юбіле́йны меда́ль «Тры́ццаць гадо́ў Перамо́гі ў Вялі́кай Айчы́ннай вайне́ 1941—1945 гг.» заснаваны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 красавіка 1975 года ў адзначэнне 30-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг. Аўтарамі малюнка медаля былі мастакі В. А. Ермакоў і В. П. Зайцаў (абодва — аверс), а таксама А. Г. Мірашнічэнка (рэверс).
Палажэнне аб медалю
Юбілейным медалём «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» узнагароджваюцца: усе ваеннаслужачыя і асобы вольнанаёмнага складу, якія прымалі ў шэрагах Узброеных Сіл Саюза ССР удзел у баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай вайны, партызаны Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі падполля, а таксама іншыя асобы, узнагароджаныя медалямі «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг», «За Перамогу над Японіяй». працаўнікі тылу, узнагароджаныя медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.». Асобам, згаданым у першым пункце, уручаецца медаль з надпісам на адваротным боку «УЧАСТНИКУ ВОЙНЫ», а асобам, згаданым у другім пункце — з надпісам «УЧАСТНИКУ ТРУДОВОГО ФРОНТА».
Узнагароджанне юбілейным медалём «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» распаўсюджана на працаўнікоў тылу, удастоеных у гады вайны ордэнаў або медалёў СССР за працоўныя заслугі або ўзнагароджаных медалямі: «За абарону Ленінграда» «За абарону Масквы» «За абарону Адэсы» «За абарону Севастопаля» «За абарону Сталінграда» «За абарону Каўказа» «За абарону Кіева» «За абарону Савецкага Запаляр’я». Юбілейны медаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» носяць на левым боку грудзей і размяшчаецца пасля медаля «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».
Па стану на 1 студзеня 1995 года юбілейным медалём «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» узнагароджана прыблізна 14 259 560 чалавек.
Апісанне медаля
Медаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» круглы, памерам 36 мм у дыяметры, вырабляецца з латуні.
На адным боку медаля на фоне святочных агнёў салюту ў гонар Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне размешчана рэльефная выява скульптуры А. В. Вучэціча «Радзіма-Маці» з помніка-ансамбля героям Сталінградскай бітвы. Злева ад скульптуры на лаўровай галіне, схіленай долу, выяўлена пяціканцовая зорка і дата «1945—1975».
На адваротным боку медаля размешчаны: у верхняй частцы па акружнасці надпіс «УЧАСТНИКУ ВОЙНЫ» або «УЧАСТНИКУ ТРУДОВОГО ФРОНТА», у сярэдзіне — надпіс «ХХХ гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», у ніжняй частцы — рэльефная выява сярпа і молата на стужцы. На медалях, адчаканеных для ўзнагароджання замежных грамадзян, надпісы на рэверсе медаля — «УЧАСТНИКУ ВОЙНЫ» або «УЧАСТНИКУ ТРУДОВОГО ФРОНТА» адсутнічаюць.
Края медаля абрамлены борцікам. Выявы і надпісы на медалі выпуклыя.
Медаль вушкам і кольцам злучаецца з пяцівугольнай калодкай, абцягнутай шаўковай муаравай стужкай шырынёй 24 мм, з чаргаваннем палос чорнага і аранжавага колераў шырынёй 3 мм кожная, чырвонай — шырынёй 10 мм, зялёнай і чырвонай — 3 мм кожная. Края стужкі акантаваны вузкімі аранжавымі палоскамі.
Літаратура Володин А. Н., Мерлай Н. М. Медали СССР. — СПб.: Печатный двор, 1997. — С. 26—27. — ISBN 5-7062-0111-0. Колесников Г. А., Рожков А. М. Ордена и медали СССР. — Мн.: Народная асвета, 1986. — С. 92—93.
Спасылкі Медалі і ордэны СССР
Гл. таксама Нагрудны знак «25 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне»
Катэгорыя:Узнагароды паводле алфавіта