Меда́ль «За выда́тную слу́жбу па ахо́ве грама́дскага пара́дку» — дзяржаўная ўзнагарода СССР. Заснаваны Указам Прэзідыума ВС СССР ад 1 лістапада 1950 года.
Статут медаля Медалём «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку» ўзнагароджваюцца: радавы і начальніцкі састаў работнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў за подзвігі і заслугі, праяўленыя ў ахове грамадскага парадку і барацьбе з крымінальнай злачыннасцю; члены добраахвотных народных дружын і іншыя грамадзяне за актыўны ўдзел у ахове грамадскага парадку і праяўленыя пры гэтым адвагу і самаадданасць. Узнагароджанне медалём «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку» ажыццяўляецца ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Прэзідыумамі Вярхоўных Саветаў саюзных рэспублік.
Медалём «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку» ўзнагароджваюцца: за адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры ліквідацыі злачынных груп або затрыманні крымінальных злачынцаў; за смелыя, умела праведзеныя дзеянні па папярэджанні рыхтуючыхся або раскрыцці ўчыненых крымінальных злачынстваў; за актыўную працу па ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыяюць злачынным праявам; за ўмелую арганізацыю работы органаў унутраных спраў, часцей і падраздзяленняў унутраных войскаў па ахове грамадскага парадку і барацьбе з крымінальнай злачыннасцю; за бездакорнае нясенне службы ў органах унутраных спраў, у часцях і падраздзяленнях унутраных войскаў; за актыўны ўдзел у ахове грамадскага парадку і праяўленыя пры гэтым адвагу і самаадданасць, актыўную барацьбу з хуліганствам, п'янствам, крадзяжом сацыялістычнай і асабістай уласнасці грамадзян, з парушэннямі правілаў савецкага гандлю, спекуляцыяй, самагонаварэннем і іншымі правапарушэннямі, якія прыносяць шкоду грамадству. Медаль «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку» носіцца на левым боку грудзей, а пры нашэнні ордэнаў і іншых медалёў СССР размяшчаецца пасля медаля «За адзнаку ў вайсковай службе» II ступені.
Апісанне медаля Медаль «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку» вырабляецца з пасярэбранага нейзільбера (да 1960 года з серабра) і мае форму правільнага круга дыяметрам 32 мм.
На аверсе медаля, у цэнтры, надпіс рэльефнымі літарамі ў пяць радкоў «За отличную службу по охране общественного порядка». У верхняй частцы медаля намаляваная выпуклая пяціканцовая зорачка.
На адваротным боку медаля ў цэнтры, выпуклай формы герб СССР. У ніжняй частцы медаля, пад гербам, рэльефныя літары «СССР».
Абодва бакі медаля па акружнасці маюць выпуклы борцік.
Медаль пры дапамозе вушка і кольца злучаецца з пяцівугольнай калодачкай, абцягнутай сіняга колеру шаўковай муаравай стужкай шырынёй 24 мм з двума чырвонымі палоскамі пасярэдзіне стужкі шырынёй 1 мм кожная і чырвонымі палоскамі па краях стужкі шырынёй 5 мм кожная.
Калодка з медалём пры дапамозе шпількі мацуецца да адзення.
Літаратура Володин А. Н., Мерлай Н. М. Медали СССР. — СПб.: Печатный двор, 1997. — С. 158—159. — ISBN 5-7062-0111-0. Колесников Г. А., Рожков А. М. Ордена и медали СССР. — Мн.: Народная асвета, 1986. — С. 70—71. Спасылкі
Катэгорыя:Узнагароды паводле алфавіта