Ві́лькаўшчына (часам Ві́лкаўшчына) — колішняя вёска, з 1959 года ў складзе Мінска.

Гісторыя

Узнікла ў пачатку XX стагоддзя. З 1924 года ў Навадворскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 1934 года ў Менскім раёне. У канцы 1940-х гадоў складалася з некалькіх двароў. Верагодна, некаторыя жыхары вёскі працавалі на цагельным заводзе № 4, які месціўся паблізу (цяпер на яго месцы завод «Керамін»). У 1959 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, Заводскі раён.

Пасля далучэння да горада адна з вясковых вуліц атрымала назву Вілкоўшчына, другая была названа ў гонар Марата Казея. У 1970-я — 1980-я гады вёска аказалася заціснутай паміж чыгункай Мінск-Асіповічы, «Керамінам» і новай прамысловай зонай вуліцы Сцебянёва, не мела нават асобнага пад’езду ад іншых гарадскіх дарог. У пачатку 2000-х быў пабудаваны новы цэх завода «Керамін», вакол якога склалася зона забароненая для пражывання, таму вёска была знесена. У 2006 годзе ў вёсцы заставаўся адзін дом па вуліцы Вілкоўшчына, 7, уладальнік якога адмаўляўся перасяляцца ў гарадскую кватэру. Апошні дом быў знесены ў 2007 годзе.

Рашэннем Мінскага гарадскога савета дэпутатаў ад 13 верасня 2016 года скверу ў межах вуліц Іосіфа Гашкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Лучыны прысвоенае найменне «сквер Вілкаўшчына».

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска