Анато́лія ( — «усход сонца»), таксама вядомая як Малая Азія, — гістарычны рэгіён і паўвостраў на самым захадзе Азіі, які сёння складае асноўную частку тэрыторыі сучаснай Турцыі. Геаграфічна рэгіён абмежаваны Міжземным морам на поўдні, Эгейскім — на захадзе, Мармуровым — на паўночным захадзе і Чорным морам — на поўначы. Ягоныя ўсходнія і паўднёва-ўсходнія межы часам пашыраюць альбо да ўмоўнай лініі Анаталійскай дыяганалі, што цягнецца ад Чорнага мора да Іскендэрунскага заліва, альбо на ўсю азіяцкую частку Турцыі цалкам. Тапаграфічна Мармуровае мора злучае Чорнае мора з Эгейскім праз пралівы Басфор і Дарданэлы, а таксама аддзяляе Анатолію ад паўднёва-ўсходнееўрапейскай Фракіі.

З’яўляючыся адным з найстаражытнейшых цэнтраў зараджэння земляробства ў эпоху неаліту, Анатолія стала калыскай для многіх цывілізацый. Адсюль жа каля 9000 гадоў таму пачалася маштабная міграцыя земляробаў на ўвесь еўрапейскі кантынент. У старажытнасці Анатолію насяляла вялікае мноства народаў, як карэнных (хаты, урарты), так і прышлых індаеўрапейскіх (хета-лувійцы, фрыгійцы і іншыя), якія паступова былі асіміляваныя падчас маштабнай элінізацыі ў антычны і візантыйскі часы, калі дамінуючай стала грэчаская мова. Кардынальныя змены пачаліся ў канцы XI стагоддзя з прыходам турак-сельджукаў, якія далі пачатак працягламу працэсу амаль поўнай цюркізацыі і ісламізацыі рэгіёна, што завяршыўся ў часы Асманскай імперыі. У пачатку XX стагоддзя, у выніку і дэпартацый перыяду Першай сусветнай вайны, рэгіён практычна цалкам страціў сваё аўтахтоннае хрысціянскае насельніцтва (грэкаў, армян, асірыйцаў).

Сёння Анатолія з’яўляецца пераважна турэцкай, аднак захоўвае пэўную этналінгвістычную разнастайнасць дзякуючы наяўнасці курдскай, арабскай, лазскай і іншых меншасцей.

Этымалогія

Паходжанне і развіццё назвы Назва «Анатолія» паходзіць ад грэчаскага (Anatolḗ), што азначае «Усход» і абазначае (з пункту гледжання старажытных грэкаў) усходнія землі ў цэлым. Гэтае слова ўказвае на кірунак, дзе ўзыходзіць сонца, і ўтворана ад дзеяслова (anătéllō) — «[я] ўзыходжу». Падобным чынам утвораны і тэрміны ў іншых мовах: французскае (уласна Левант — адпаведнік Блізкага Усходу) — ад лацінскага («падымаць, узвышаць»), «арыент» — ад лацінскага («узыходзіць», «узнікаць»), іўрыцкае (mizraḥ, «Усход») — ад (zaraḥ, «узыходзіць», «ззяць»), арамейскае ܡܲܕ݂ܢܚܵܐ (maḏnḥā, «Усход») — ад ܕܵܢܹܚ (dānēḥ, «узыходзіць», «ззяць»).

Выкарыстанне тэрміна «Анатолія» з цягам часу змянялася. Верагодна, спачатку ён адносіўся да эалійскіх, іанійскіх і дарыйскіх калоній на ўсходнім узбярэжжы Эгейскага мора, але паступова пачаў ахопліваць усходнія рэгіёны наогул. У такім значэнні ён ужываўся ў часы кіравання рымскага імператара Дыяклетыяна (284–305), які стварыў Дыяцэзію Усходу, аднак гэтая тэрыторыя зусім не супадала з рэгіёнамі Малой Азіі. Найбольшы тэрытарыяльны ахоп тэрмін меў пры імператары Канстанціне I (306–337), калі была створаная Прэтарыянская прэфектура Усходу. Яна ўключала ўсе ўсходнія землі Позняй Рымскай імперыі і прасціралася ад Фракіі да Егіпта.

Толькі пасля страты іншых усходніх правінцый у VII стагоддзі і скарачэння ўсходніх уладанняў Візантыі да межаў Малой Азіі, гэты рэгіён стаў адзінай ацалелай часткай Візантыйскага Усходу, таму за ім замацавалася назва (па-грэчаску) Усходняй часткі імперыі. У той жа час была створаная фема Анатолік ( — «Усходняя фема») — правінцыя, што ахоплівала заходнюю і цэнтральную часткі сучаснага турэцкага рэгіёна Цэнтральная Анатолія. Яе цэнтрам быў Іконій, але кіраванне ажыццяўлялася з горада Аморый.

Латынізаваная форма з канчаткам -ia, хутчэй за ўсё, з’яўляецца наватворам сярэдневяковай латыні. Сучасная турэцкая форма паходзіць непасрэдна ад грэчаскага . Тое ж лінгвістычнае паходжанне маюць і мужчынскія імёны, распаўсюджаныя ў розных мовах (напрыклад, беларускае Анатоль, альбо англійскае і французскае ), якія паходзяць ад імёнаў хрысціянскіх святых Анатоля Лаадыкійскага і Анатоля Канстанцінопальскага (першы патрыярх Канстанцінопальскі).

Гістарычныя назвы

Найстаражытнейшая вядомая назва ў межах Анатоліі адносіцца да яе цэнтральнай часткі, вядомай як «Краіна Хаці». Гэтае найменне першапачаткова выкарыстоўвалася для абазначэння зямель старажытных хатаў, але пазней стала самай распаўсюджанай назвай усёй тэрыторыі, што знаходзілася пад уладай старажытных хетаў.

Першай зафіксаванай назвай Анаталійскага паўвострава ў старажытных грэкаў (хоць у той час яна не мела шырокага ўжытку), была (Asía). Магчыма, яна паходзіць ад акадскага выразу са значэннем «узыход сонца» або з’яўляецца водгаласам назвы міжплемяннога саюза Асува ў заходняй Анатоліі. Рымляне выкарыстоўвалі яе як назву сваёй правінцыі, што ахоплівала захад паўвострава і суседнія астравы Эгейскага мора. Калі назва «Азія» пашырыла свой сэнс і пачала прымяняцца да значна большага рэгіёна на ўсход ад Міжземнага мора, некаторыя грэкі ў перыяд Позняй антычнасці пачалі ўжываць назву «Малая Азія» (, Mikrà Asía), каб пазначыць сучасную Анатолію. У той жа час адміністрацыя імперыі аддавала перавагу назве (Anatolḗ; «Усход»).

Энданім (Rōmanía — «зямля рымлян», г. зн. Усходняя Рымская імперыя) успрымаўся туркамі-сельджукамі, якія ўварваліся на гэтыя землі з Цэнтральнай Азіі, як яшчэ адна назва правінцыі. У 1077 годзе сельджукі заснавалі Румскі султанат. Такім чынам, Рум стаў яшчэ адной назвай Анатоліі. Да XII стагоддзя еўрапейцы пачалі называць Анатолію Туркіяй (, ) — «зямля туркаў». Уласна беларуская назва Турцыі паходзіць адсюль.

У эпоху Асманскай імперыі многія картографы называлі гарыстае плато ва ўсходняй Анатоліі Арменіяй (сёння вядомае як Армянскае нагор’е). Іншыя тагачасныя крыніцы называлі гэтую ж тэрыторыю Курдыстанам. Географы называлі гэты рэгіён Усходне-Анаталійскім плато, Армянскім плато і Іранскім плато, прычым першыя два паняцці ў значнай ступені супадаюць. Хоць у стандартным вызначэнні Анатолія — гэта ўся азіяцкая частка Турцыі, паводле слоў археолага Лоры Хачадуран, гэтая розніца ў тэрміналогіі «ў першую чаргу з’яўляецца вынікам зменлівых палітычных абставін і культурных шляхоў развіцця рэгіёна з ХІХ стагоддзя».

Першы геаграфічны кангрэс Турцыі ў 1941 годзе вызначыў два геаграфічныя рэгіёны на ўсход ад лініі паміж залівам Іскендэрун і Чорным морам: рэгіён Усходняя Анатолія і рэгіён Паўднёва-Усходняя Анатолія. Першы з іх у значнай ступені адпавядае заходняй частцы Армянскага нагор’я, гістарычна вядомай також як Заходняя Арменія, а другі — паўночнай частцы Месапатамскай нізіны. Як сцвярджае гісторык Рычард Аванісян, гэтая змена тапонімаў была «неабходнай, каб схаваць усе доказы» спрадвечнай прысутнасці армян. Гэта было часткай палітыкі адмаўлення генацыду армян, якую пачаў праводзіць урад Турэцкай Рэспублікі і тыя, каго Аванісян называе ягонымі «замежнымі саўдзельнікамі».

Геаграфія

Геаграфічнае становішча і межы

Анатолія (Малая Азія) абмываецца водамі чатырох мораў: Чорнага на поўначы, Мармуровага на паўночным захадзе, Эгейскага на захадзе і Міжземнага на поўдні. Пралівы Басфор і Дарданэлы аддзяляюць яе ад Еўропы. Паўвостраў далёка выдаецца на захад у параўнанні з усімі іншымі часткамі Азіі. Каля ягоных берагоў раскінуліся шматлікія астравы, найбуйнейшыя з якіх — Кіпр, Родас, Хіяс і Лесбас.

Традыцыйна ўсходняй мяжой Малой Азіі як фізіка-геаграфічнай вобласці лічыцца так званая Анаталійская дыяганаль — умоўная лінія, што пачынаецца ад узбярэжжа Міжземнага мора (на поўдзень ад Іскендэрунскага (Александрэцкага) заліва), праходзіць паміж 40-м мерыдыянам і возерам Ван, а на поўначы прыкладна супадае з ніжнім цячэннем ракі Чарох, што ўпадае ў Чорнае мора. На ўсходзе паўвостраў мяжуе з Армянскім нагор’ем і ракой Еўфрат (да таго месца, дзе яна паварочвае на паўднёвы ўсход у Месапатамію). На паўднёвым усходзе мяжа праходзіць па горных хрыбтах, што аддзяляюць Анатолію ад даліны ракі Аронт у Сірыі і Месапатамскай нізіны.

Паводле іншага, больш шырокага вызначэння, Анатолія цалкам супадае з усёй азіяцкай часткай сучаснай Турцыі. Такое атаясамленне шмат у чым звязана з адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі зменамі сярэдзіны XX стагоддзя. У 1941 годзе на Першым геаграфічным кангрэсе турэцкі ўрад афіцыйна падзяліў краіну на сем рэгіёнаў. Пры гэтым усходнія правінцыі дзяржавы (якія геаграфічна належаць да Армянскага нагор’я і гістарычна супадаюць з рэгіёнам Заходняя Арменія) былі аб’яднаны пад новай назвай — «рэгіён Усходняя Анатолія». У акадэмічным асяроддзі адзначаецца, што ўжыванне тэрміна «Анатолія» да гэтых тэрыторый з’яўляецца больш позняй адміністрацыйнай практыкай, паколькі традыцыйнае геаграфічнае паняцце паўвострава на іх не распаўсюджвалася. З улікам гэтага пашыранага сучаснага вызначэння, самым высокім пунктам «Усходняй Анатоліі» (як і ўсяго Армянскага нагор’я) лічыцца гара Арарат ().

Рэльеф

Рэльеф паўвострава пераважна горны. Большую ягоную частку займае паўпустыннае Малаазіяцкае нагор’е, якое на ўсходзе паступова пераходзіць у Армянскае нагор’е. Унутраная частка Малаазіяцкага нагор’я занята шырокім Анаталійскім пласкагор’ем ( над узроўнем мора), паверхня якога складзена пераважна з вапнякоў, што перасякаюцца складкаватымі хрыбтамі і вулканічнымі конусамі. З поўначы яго абрамляюць Пантыйскія горы (ад — мора), а з поўдня — горы Таўр (ад — «горы быка»). Уздоўж марскіх берагоў цягнуцца толькі вузкія палосы нізін з тыповай міжземнаморскай расліннасцю.

Горныя сістэмы па-рознаму фарміруюць берагавую лінію. Пантыйскія горы амаль усюды стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Чорнага мора, пакідаючы толькі ў некалькіх месцах невялікія ўчасткі прыбярэжных нізін. Залівы на поўначы (найбуйнейшыя з якіх — Сінопскі і Самсунскі) неглыбока ўразаюцца ў сушу і абрамляюцца крутымі схіламі. На поўдні хрыбет Таўр таксама ўтварае пераважна слабарасчлянёны бераг, аднак месцамі ён адступае ўглыб сушы. Там утвараюцца шырокія прыбярэжныя нізіны і вялікія залівы (Мерсінскі і Іскендэрун), якія адасабляюць на паўднёвым узбярэжжы Лікійскі і Кілікійскі паўастравы.

Своеасаблівы ландшафт сфарміраваўся на захадзе паўвострава: тут горныя хрыбты падыходзяць да Эгейскага мора амаль перпендыкулярна і спадзіста спускаюцца да вады. Яны падзелены шырокімі рачнымі далінамі, якія традыцыйна служаць зручнымі шляхамі зносін паміж узбярэжжам і ўнутранымі абласцямі. У выніку гэтага заходняя берагавая лінія вельмі моцна расчлянёная і ўтварае мноства зручных, абароненых ад вятроў глыбокіх бухт. Менавіта ў адной з такіх бухт гістарычна ўзнік і квітнее найважнейшы порт азіяцкай Турцыі — горад Ізмір (антычная Смірна).

Такая канфігурацыя рэльефу абумовіла гістарычны кірунак галоўных транспартных шляхоў: яны заўсёды ішлі з захаду на ўсход, ператвараючы Анатолію ў натуральны мост паміж Балканскім паўвостравам і глыбіннымі раёнамі Азіі. Пры гэтым камунікацыя цэнтральнага пласкагор'я з паўночным і паўднёвым берагамі заўсёды была істотна абцяжаранай.

Геалагічная будова

У тэктанічным плане кайназойскія складкаватыя структуры рэгіёна з’яўляюцца натуральным працягам горных сістэм Балканскага паўвострава. Фарміраванне сучаснага аблічча рэльефу адбывалася ў неагене і першай палове трацічнага перыяду, калі рэгіён разам з суседнімі тэрыторыямі Еўропы і Міжземнамор’я зведаў актыўныя тэктанічныя рухі — узняцці, апусканні і раздробліванне. З лініямі тэктанічных разломаў звязана праяўленне працэсаў вулканізму, асабліва ва ўсходняй частцы Малаазіяцкага нагор’я. Сёння заходняя і цэнтральная часткі паўвострава адрозніваюцца высокай сейсмічнай актыўнасцю.

Доўгі час Малая Азія ўяўляла сабой адзіны суцэльны масіў з Еўропай. Канчатковае аддзяленне Анатоліі ад Балкан адбылося толькі каля 5600 года да н. э. Тады раставанне ледавікоў выклікала маштабнае падняцце ўзроўню Міжземнага мора амаль на 120 метраў, што прывяло да прарыву сучасных турэцкіх праліваў. У выніку гэтага два раней замкнёныя вадаёмы (сучасныя Мармуровае і Чорнае моры) злучыліся з Сусветным акіянам, а берагавая лінія набыла свой складаны расчлянёны характар.

Клімат