Гісто́рыя по́шты — даследаванне развіцця паштовай сувязі, важны раздзел філатэліі. Патрэбнасць у атрыманні звестак з іншых мясцовасцей і краін зыходзіць да глыбокай старажытнасці і першапачаткова задавальнялася з дапамогай ганцоў, якія прыносілі паведамленні, як вусныя, так і пісьмовыя ці сімвалічныя па форме. З развіццём людской цывілізацыі адбываліся змены і развіццё спосабаў, сродкаў і формаў паштовай сувязі.

Першабытныя людзі

Дагістарычныя людзі выкарыстоўвалі для перадачы важнай інфармацыі голас, што спрыяла з'яўленню мовы. Аднак вусная перадача звестак была недасканалай, бо чалавечы голас можна пачуць толькі на блізкай адлегласці. Для ўзмацнення гуку тысячагоддзі таму сталі выкарыстоўваць полыя ствалы дрэў і, пазней, барабаны (каля 6000 гадоў да н. э.). З дапамогай умоўных ударных сігналаў навіны перадаваліся ад аднаго паселішча да іншага. Акрамя таго, чалавек выкарыстоўваў для перадачы звестак агонь і дым. Барабаны тамтамы дагэтуль выкарыстоўваюцца для сувязі на вялікія адлегласці некаторымі афрыканскімі плямёнамі, а дым ад вогнішчаў яшчэ ў XX ст. ужываўся для гэтых жа мэт індзейцамі Канады.

Антычнасць Наступным відам сувязі ў гісторыі чалавецтва сталі ганцы — спачатку пешыя, потым конныя. У старажытных дзяржавах Месапатаміі, Егіпта, Грэцыі, Персіі, Кітая, Рымскай імперыі існавала добра наладжаная дзяржаўная паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з пешымі і коннымі ганцамі па прынцыпе эстафеты.

Старажытны Усход

Гісторыя пошты шчыльна звязаная з гісторыяй пісьменнасці. З зараджэннем апошняй інфармацыя стала перадавацца ў пісьмовым выглядзе, што стала пачаткам эры паштовай сувязі. Спачатку такая сувязь была эпізадычнай. З узнікненнем рабаўладальніцкіх дзяржаў на Старажытным Усходзе, кіраўнікі якіх мелі патрэбу ў пастаяннай інфармацыі аб становішчы ва ўласнай краіне і на падуладных ім тэрыторыях, паштовая сувязь стала набываць арганізаваны характар.

Першыя ўстановы арганізаванай службы паведамленняў узніклі дастаткова рана ў антычныя часы. Упершыню паштовае паведамленне з'явілася каля 5000 гадоў таму ў Месапатаміі для перадачы інфармацыі, захаванай у выглядзе гліняных лістоў. Не менш старажытнай з'яўляецца паштовая сувязь у Егіпце.

Першапачаткова падобныя службы выкарыстоўваліся пераважна ў ваенных мэтах і не прызначаліся для сувязі паміж грамадзянскімі асобамі. Такімі былі службы паведамленняў у Старажытным Егіпце, Асірыі, Вавілоне і Персіі. Асабліва развітымі яны былі ў Егіпце, таму могуць разглядацца як папярэднікі сучаснай пошты. У часы IV дынастыі фараонаў (2900—2700 да н. э.) дзейнічала служба асаблівых пешых (скараходаў), а таксама конных ганцоў, якая забяспечвала сувязь па ваенных дарогах з Лівіяй, Эфіопіяй і Аравіяй.

Старажытнаегіпецкая пошта была заснавана пераважна на выкарыстанні шматлікіх пешых ганцоў, дзякуючы якім фараоны маглі без асаблівых цяжкасцей ажыццяўляць кантакты з далёкімі правінцыямі. У Бені-Хасане на насценным роспісе адной з пячор-грабніц, якая адносіцца да эпохі Сярэдняга царства, выяўлены ганец, які перадае чалавеку паведамленні аб уварванні варожага племені. Вядома пра прафесійных ганцоў, якія існавалі ў Егіпце ў эпоху XII дынастыі (1985—1785 да н. э.), якія развозілі царскія загады ажно да Азіі. Ганцы павінны былі пераадольваць доўгія адлегласці як мага хутчэй. Для транспарціроўкі лістоў таксама ўжывалі паштовых галубоў.

Уяўленні аб паштовай справе ў Старажытным Егіпце можна скласці з дакумента на папірусе, які датуецца прыкладна 255 годам да н. э. і змяшчае ўліковыя запісы дастаўкі паштовых адпраўленняў адным пасыльным. Падобныя высокаразвітая паштовая сістэма хутка стала распаўсюджвацца ў іншых краінах.

Асірыйская легенда паведамляе пра ганцоў, якія разносілі загады Семіраміды па ўсіх частках яе царства.

Паштовая справа ў Персідскай манархіі — у выглядзе яскравай сістэмы паштовай сувязі, вядомай пад назвай «ангарыён», — была ўведзена ў VI ст. да н. э., у часы кіравання цара Кіра II (550—529 да н. э.). Перадача паведамленняў ажыццяўлялася пераважна праз конных ганцоў (ангараў). Аднак маюцца згадкі аб тым, што падобная паштовая сістэма існавала ў Персіі крыху раней. З апісанняў Герадота і Ксенафонта вядома, што пры Кіры II на найважнейшых дарогах былі ўсталяваныя паштовыя станцыі, якія знаходзіліся адна ад адной на аднолькавых адлегласцях, якія складалі сярэдні дзённы прабег каня. Гэтыя станцыі былі прызначаны для адпачынку кур'ераў.

Старажытная Грэцыя У Грэцыі паштовая сістэма была дастаткова добра наладжана ў выглядзе сухапутнай і марской паштовай сувязі, але яна не магла значна развівацца з-за множнасці гарадоў-дзяржаў, якія ваявалі між сабой. Урады для перадачы паведамленняў мелі ў сваім распараджэнні, як правіла, пешых пасланцаў. Яны называліся гемерадромамі. Ганцы-бегуны пераадольвалі за гадзіну адлегласць у 55 стадый (каля 10 км) і за адзін рэйс — 400—500 стадый.

Самы вядомы з гэтых кур'ераў быў Філіпід, які, па паведамленні Плутарха, у 490 годзе да н. э. данёс у Афіны звестку аб перамозе ў бітве пры Марафоне і памёр ад знясілення. Гэты бег быў першым марафонам у гісторыі. Філіпід перадаў толькі вуснае пасланне.

Для перадачы асабліва спешных паведамленняў ужо ў старажытнасці пасылалі верхавых ганцоў. Як піша Дыядор Сіцылійскі, адзін з военачальнікаў Аляксандра Македонскага трымаў пры сваім штабе ганцоў — вершнікаў на вярблюдах.

Старажытны Рым У Рымскай рэспубліцы лад паштовай справы быў, імаверна, запазычаны ў персаў. Спачатку толькі багатыя патрыцыі, якія валодалі шматлікімі рабамі, мелі ўласных ганцоў. Для ўрадавых і прыватных мэт існавалі ганцы (cursores, statores, пазней viatores і tabellarii, ад tabella — дошка для пісьма), а таксама прыватныя прадпрымальнікі, якія аддавалі ўнаймы павозкі і ўючнае быдла (cisiarii і jumentarii); іх калегіі аб'ядноўваліся ў адну карпарацыю. Гай Юлій Цэзар заклаў асновы для стварэння ўласна дзяржаўнай пошты, якая ўзнікла і атрымала значнае развіццё пры імператары Аўгусце. У тыя часы пошта называлася cursus publicus (дзяржаўная пошта), яна была падпарадкавана непасрэдна імператару і не выкарыстоўвалася для прыватных пасланняў. Дзякуючы адзінай паштовай сетцы існавала сувязь паміж асобнымі часткамі Рымскай імперыі. Гэта была велізарная, разгалінаваная сістэма паштовай сувязі, якая працавала па пэўным рэгламенце.

Паштовыя перавозки ажыццяўляліся на сушы з дапамогай коней, на моры — на караблях. У больш буйных цэнтрах былі ўсталяваныя станцыі лятучак пошты (mansiones, пазней stationes), якія служылі для адпачынку і начоўкі падарожных вершнікаў і вазніц і звычайна знаходзіліся адна ад адной на дзень шляху. Тут стаялі падрыхтаваныя жывёлы і, на выпадак патрэбы, павозкі. Паміж кожнымі дзвюма mansiones (на адлегласці 7—14 км) былі ўсталяваныя 6—8 драбнейшых станцый (mutationes) для замены коней. У тыя часы маглі казаць: «Statio posita in…», што значыць «станцыя знаходзіцца ў пэўным месце». Ад лацінскага слова posita, вельмі імаверна, пайшло слова post — пошта.

Спешныя пакеты перасылаліся праз конных кур'ераў (veredarii), падарожныя перавозіліся ў лёгкіх павозках (rheda), розныя рэчы — у вазах (clabularia). Карыстанне дзяржаўнай поштай дазвалялася толькі ў дзяржаўных мэтах і пэўным чыноўнікам. У спешных выпадках цэлыя ваенныя атрады перавозіліся сродкамі cursus publicus. У якасці выключэння і на падставе асаблівых дазволаў (diplomata, evectiones, tractoriae) дзяржаўнай поштай маглі карыстацца і іншыя асобы, падарожныя чыноўнікі, асабліва ветэраны, а потым — і царкоўныя служачыя.

Кіраванне дзяржаўнай поштай было сканцэнтравана ў руках аднаго з найвышэйшых дзяржаўных чыноў: спачатку прэфекта прэторыя, а з часоў Канстанціна — магістра афіцый. Кіраванне поштай у правінцыях належала намеснікам, пры якіх для вырашэння праблем з тэхнічнай часткай пошты знаходзіліся спецыяльныя прэфекты (prefecti vehiculorum), пазней — procuratores cursus publici. Пастаўка коней, іншых транспартных сродкаў і вершнікаў складала натуральную павіннасць навакольнага насельніцтва і жыхароў скораных краін.

Хаця дзейнасць рымскай дзяржаўнай пошты і абмяжоўвалася ўрадавымі патрэбамі, яна мела вялікае значэнне. Дзякуючы выдатнай сетцы дарог, бяспецы і парадку паведамленняў, а таксама шырокаму ліставанню паміж грамадзянскімі і ваеннымі ўладамі, на станцыях дзяржаўнай пошты развіўся вельмі жывы рух. Адлегласць ад Брытаніі да Балканаў, Каўказа, Анатоліі, Сірыі, Палесціны і Іарданіі і ад вусця Рэйна да Лівійскай пустыні і Александрыі можна было пераадольваць адносна хутка. Калі Цэзар, карыстаючыся пераменнымі прыватнымі конямі, мог пераадольваць да 100 міль за дзень, то Тыберый з дапамогай cursus publicus праязджаў за дзень адлегласць у два разы болей. З найважнейшых правінцый звесткі ў Рыме атрымлівалі штодзень. На станцыях уздоўж найбольш ажыўленых дарог утрымліваліся па 20—40 коней і мулаў. Гэта арганізацыя пратрымалася да падзення Заходняй Рымскай імперыі, з яе падзеннем знікла і cursus publicus. Ва Усходняй Рымскай імперыі дзяржаўная пошта праіснавала прыблізна да 520 года.

Для прыватнай пошты звычайна карысталіся паслугамі падарожных сяброў, што тлумачыла доўгі час дастаўкі. Так, вядомы выпадак, калі нейкі Аўгусцін атрымаў ліст праз дзевяць гадоў. Калі ж адлегласць да адрасата была не вельмі вялікай, рымлянін пасылаў свайго раба, які за дзень пераадольваў пешшу да 75 км.

Іншыя высокаразвітыя культуры У Кітаі паштовая служба пешых і конных ганцоў узнікла даволі рана; яе заснавалі яшчэ пры дынастыі Чжоу (1123—249 да н. э.). У тыя часы паштовае злучэнне падтрымлівалася з дапамогай 80 ганцоў і 8 галоўных кур'ераў, для якіх на адлегласці 5 км былі зроблены пастоі для харчавання і на большым аддаленні — пункты для начлегу. Гэта паштовая сістэма была значна пашырана пры дынастыі Цынь (221—206 да н. э.) і асабліва пры дынастыі Хань (206 да н. э. — 220).

У часы росквіту культуры мая таксама мелася развітая служба ганцоў, але пра яе вядома вельмі мала.

Сярэдневякоўе

Развіццё ў Еўропе

Ранняе Сярэдневякоўе

З падзеннем Заходняй Рымскай імперыі ў Еўропе перастала існаваць буйная арганізаваная сістэма перадачы звестак. Зрэшты, Хлодвіг (кароль Францыі з 482 па 511 гады) спрабаваў узнавіць паштовую сувязь з рэшткаў рымскай дзяржаўнай пошты, але без асаблівага поспеху. Да часоў Карла Вялікага (768—814) паведамленні дастаўляліся з вялікімі складанасцямі. Карл Вялікі і яго пераемнікі не зрабілі сур'ёзных спроб у аднаўленні рымскай дзяржаўнай пошты. Нават сістэма ганцоў не мела вялікага поспеху, была дэцэнтралізаванай: фактычна кожны феадал меў свайго ганца, паслугамі якога карыстаўся асабіста.

Манастырская і ўніверсітэцкая пошты У феадальнай сярэдневяковай Еўропе XI—XV стст., пры раздробленасці дзяржаўнай улады, перасылку звестак прымалі на сябе пераважна асобныя духоўныя і свецкія карпарацыі. У абмене думак больш за ўсё тады адчувала патрэбу царква, паколькі, па-першае, яе лад трымаўся на цэнтралізацыі, а, па-другое, яна з'яўлялася цэнтрам інтэлектуальнага жыцця тых часоў. Архівы царкоўных устаноў і рэгесты Рымскай Курыі сведчаць, што яшчэ ў самым пачатку сярэдніх вякоў адбываўся жывы абмен пасланняў паміж кіраўніком Каталіцкай Царквы і яе членамі; але няма згадак пра існаванне спецыяльнага царкоўнага інстытута ганцоў ці кур'ераў. Толькі паміж шматлікімі адгалінаваннямі духоўных ордэнаў падтрымліваліся правільныя зносіны праз пасрэдніцтва вандроўных манахаў, якія выконвалі ролю кур'ераў і бралі з сабой данясенні. Манастыры такім чынам мелы ўласную сістэму зносін — манастырскую пошту. Манастырскія кур'еры падтрымлівалі сувязь паміж асобнымі манастырамі і Папам Рымскім, паміж манаскімі ордэнамі і іх брацтвамі. У землях нямецкага ордэна для гэтай мэты ўзнікла спецыяльная адміністрацыя і былі ўсталяваныя станцыі для змены коней.