Крупцы́ — колішняя вёска і прадмесце ў паўночна-заходняй частцы горада Мінска, на правым беразе ракі Свіслач.

Па поўнач ад Крупцоў месцяцца Дразды, на захадзе — Веснінка, на паўднёвым усходзе — Кальварышкі.

Назва На картах ХІХ ст. вёска называецца Крупкі.

На карце 1797 года ля вёскі Крупцы пазначаная рэчка Крупіца. У даследчыка дняпроўскай гідраніміі П. Маштакова рэчка названая КрупняП. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 100..

У 1592 годзе назва рэчкі — Крупец:«...бор, пущу, кгрунты и сеножати Крупецкие (...) за речкою Крупъцомъ, почавшы отъ речъки Крупъца уверх у реку Свислоч, ажъ до Ръжавъцу, подъ пушчу Качыньскую»Менскія акты. Выпуск першы (XV—XVIII ст.). — Менск, 1931. — С. 59.. Гісторыя

Маёнтак Крупцы згадваецца ў царкоўным паданні, паводле якога на тутэйшай крыніцы ў 1612 годзе адбылося цудоўнае з’яўленне абраза Божай Маці С. 135.. У 1622 годзе Мікалай Вароніч ахвяраваў на карысць Свята-Петрапаўлаўскага праваслаўнага манастыра, які дзейнічаў у Менску, дзве сенажаці: адну на Камароўскім балоце, а другую — у Крупцах. На пачатку XVII ст. Крупецкая ікона ўжо была вядомай святыняй у Менску. Яна захоўвалася ў невялікай драўлянай капліцы, што стаяла на ўзгорку, якая звалася Пакроўскай. Паводле звестак XVIII ст., капліца ў Крупцах была крытай гонтай і завяршалася купалам. Абраз, што знаходзіўся ў ёй, упрыгожвалі дзве срэбныя кароны. У 1856 годзе на месцы старой, струхнелай царквы збудавалі новую. Пачынаючы з 1884 года, з блаславення менскага епіскапа Варлаама, жыхары места сталі рэгулярна рабіць з Крупецкім абразам урачыстыя хрэсныя хадыСвятар Хведар Крыванос. Крупецкая святыня, Churchby.info.

У 1791 годзе вёска Крупец маёнтка Веснінка Каралішчавіцкай парафіі, шляхецкая ўласнасць. У 1800 годзе вёска, шляхецкая ўласнасць Г. Гардзялкоўскай, на арэндзе ў Мінскага жаночага базыльянскага кляштара, 7 двароў, 34 жыхары. У 1815 годзе вёска, уласнасць М. Гілевіча, у 1858 годзе ўласнасць А. Вярыгі. У 1897 годзе хутар Сёмкава-Гарадзецкай воласці, 4 двары, 33 жыхары, прыпісная царква, кафельны завод.

У пачатку XX ст. Крупцы былі ўрочышчам на ўскрайку Менска ў 5-й паліцэйскай частцы. У 1917 годзе 20 двароў, 113 жыхароў, побач млын і 2 хутары. Да 1924 года Крупцы, як і вёска Веснінка, знаходзілася ў Сёмкава-Гарадоцкай воласці Менскага павета. З 1924 года ў Бараўскім сельсавеце Заслаўскага раёна. У 1924 годзе савецкія ўлады спярша закрылі, а ў 1936 годзе — знішчылі Крупецкую царкву. У 1925 годзе каля вёскі Крупцы заснаваны чарапічны завод. З 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 1934 года ў Менскім раёне (Бараўскі, а потым Ждановіцкі сельсавет).

У 1941—1944 гады ў раёне ўрочышча праводзіліся расстрэлы Менскага гета.

У 1972 годзе вёска ўключаная ў межы горада Мінска. У часе будаўніцтва лыжа-ролернай трасы ў 2000-х гадах вёска цалкам знесеная, застаўся адзін дом сучаснай забудовы па адрасе Крупцы, 8. У 2009 годзе Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла пастанову аб перайменаванні могілак «Піянерскія» ў «Крупцы»Безымянным скверам и улицам Минска присвоены имена // «Минск-Новости», 25 жніўня 2009..

У наш час пра колішнюю вёску і прадмесце напамінае вуліца Крупцы, аднайменныя могілкі і прыпынак грамадскага транспарту «Крупцы». У апошні час аднавілася шанаванне Крупецкай крыніцы.

Гл. таксама Крупцы (могілкі)

Літаратура

Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска