Трэ́ці Усебелару́скі з’езд Саве́таў рабо́чых, салда́цкіх і чырво́наарме́йскіх дэпута́таў. Адбыўся 10 — 16 снежня 1921 года ў Мінску.
Прадстаўніцтва на з’ездзе Прысутнічалі 183 дэлегаты з рашаючым і 33 з дарадчым голасам ад шасці паветаў Мінскай губерні (Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі).
Парадак дня справаздачы ЦВК і СНК БССР (А. Р. Чарвякоў), справаздача Надзвычайнай Камісіі БССР (Я. К. Ольскі), справаздача Наркамата земляробства БССР (А. С. Славінскі), справаздача Наркамата асветы БССР (У. М. Ігнатоўскі), міжнароднае і ўнутранае становішча савецкіх рэспублік (В. Г. Кнорын), новая эканамічная палітыка і работа Эканамічнай нарады (А. І. Вайнштэйн), аб правядзенні харчпадатку ў БССР (І. А. Адамайціс), аб працоўнай і гужавой павіннасці (Б. Э. Аршанскі), аб аднаўленні прамысловасці Беларусі (Вайнштэйн), аб савецкім будаўніцтве і арганізацыі ўлады на месцах (Я. А. Адамовіч), аб рабоце БДУ (У. І. Пічэта), аб кааперацыі (Я. Л. Дыла), аб сялянскіх камітэтах узаемадапамогі (М. А. Мар’ясін), аб падатковай палітыцы (Л. М. Шагаль), аб дапамозе галадаючым Паволжа (Я. А. Адамовіч), Даклады: Адміністрацыйнай камісіі па пытаннях адміністрацыйнага падзелу БССР, мандатнай камісіі, выбары ЦВК БССР, выбары дэлегатаў на IX Усерасійскі з’езд Саветаў.
Рашэнні з’езда З’езд падвёў вынікі дзейнасці ЦВК і СНК БССР і ацаніў іх як станоўчыя. Адзначалася, што палітыка суцэльнай нацыяналізацыі прамысловасці і харчразвёрстка скончыліся крахам, з 2-й паловы 1921 года пачаўся перавод прамысловасці Беларусі на рэйкі новай эканамічнай палітыкі (нэпа). Гэты працэс суправаджаўся цяжкасцямі, бо эканоміка краю ў выніку войнаў і акупацый прыйшла ў заняпад. 3 увядзеннем нэпа ўзнікла пытанне пра адраджэнне гаспадарчых сувязей паміж рабочымі і сялянамі, пераход ад харчразвёрсткі да харчпадатку, ад прадуктаабмену да таварна-грашовых рыначных адносін.
У дакладзе аб аднаўленні прамысловасці гаварылася пра закрыццё нерэнтабельных і зняцце з дзяржаўнага забеспячэння шэрагу прадпрыемстваў, выкарыстанне прыватнага капіталу. Урад дазволіў здаць стратныя фабрыкі і заводы ў арэнду кааператывам і прыватным асобам, даў магчымасць развівацца саматужнай прамысловасці і дробнаму рамяству. У рэзалюцыі па гэтым пытанні звернута ўвага на разумнае выкарыстанне лясных багаццяў (адзначалася, што яны знішчаны на 20 гадоў наперад), развіццё электратэхнічнай прамысловасці, рээвакуацыю вывезеных у час вайны металургічных заводаў, здабычу торфу, неабходнасць наладжвання гаспадарчых сувязей, далучэння да БССР Магілёўшчыны, Смаленшчыны і Віцебшчыны, якія маюць тыя ж нацыянальна-культурныя і эканамічныя асаблівасці, што і Міншчына.
З’езд канстатаваў, што рэквізіцыя збожжа ў сялян па хачразвёрстцы выклікала шматлікія ўзброеныя выступленні, якія савецкая ўлада называла бандытызмам, а паўстанцаў — бандытамі. Вясной—летам 1921 года сялянскія паўстанні ўспыхнулі ў многіх паветах і для барацьбы з імі быў створаны Рэўваенсавет Мінскага раёна. Ухвалена дзейнасць Надзвычайнай камісіі (ЧК) па падаўленні сялянскіх выступленняў. З’езд вызначыў мерапрыемствы па ўздыме і развіцці сельскай гаспадаркі. Замена харчразвёрсткі харчпадаткам выклікала зацікаўленасць у селяніна да паляпшэння сваёй гаспадаркі, давала магчымасць прадаваць лішкі на рынку. Падкрэслівалася неабходнасць размеркавання памешчыцкіх зямель, прапаганды лепшых спосабаў гаспадарання, арганізацыі кааператываў на вёсцы, ператварэння маёнткаў у савецкія гаспадаркі (саўгасы), свабоднага выбару форм землекарыстання. Паведамлялася, што харчпадатак у БССР выкананы на 60%. З’езд заклікаў да канца года закончыць яго збор, а ў адносінах да тых, хто ўтойваў колькасць пасеваў, дазволіў ужываць «самыя рашучыя кары».
У рэзалюцыі па народнай асвеце звярталася ўвага на пашырэнне беларускай школы на вёсцы, правядзенне культурна-асветніцкай работы на мясцовых мовах, ліквідацыю непісьменнасці, актывізацыю выдання кніг, размяшчэнне школ у нацыяналізаваных маёнтках.
Шмат увагі з’езд аддаў абмеркаванню пытання дапамогі галадаючым Паволжа. Фонд дапамогі фарміраваўся з адлічэнняў з зарплаты рабочых і служачых, шляхам самаабкладання сялян. Акрамя адпраўкі збожжа і грошай Беларусь павінна была прыняць 1 300 дзяцей з Чувашыі (яшчэ да з’езда ў рэспубліку прыехалі ўжо «самацёкам» 1,5 тысячы чалавек).
З’езд выбраў ЦВК БССР з 60 членаў і 12 кандыдатаў, дэлегатаў на IX Усерасійскі з’езд Саветаў.
Літаратура Трэці Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў // — С. 535. Трэці Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў // — С. 17—18
Катэгорыя:1921 год у Мінску Катэгорыя:Снежань 1921 года Катэгорыя:Падзеі ў Мінску Катэгорыя:Усебеларускія з’езды Саветаў