«Гу́тарка Паўлюка́» — ананімны вершаваны твор беларускай літаратуры XIX стагоддзя.
Паводле адных звестак, запісана ў 1890-я гады фалькларыстам П. П. Дземідовічам у Слуцкім павеце і ўпершыню апублікавана ім (пад псеўданімам Беларус) у газеце «Віленскі веснік» (1898, № 173). Паводле іншых звестак, запісана ў Валожынскім раёне на хутары Монькі каля Ракава і надрукавана М. Гарэцкім у «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 год» (Вільня, 1922).
Пабудавана ў форме маналога селяніна Паўлюка супраць царскіх улад і, у прыватнасці, супраць іхняй палітыкі спойвання народа. Аўтар звяртаецца да сялянскай аўдыторыі, дзякуе за тое, што мужыкі «навек з водкай рассталіся». Гарэлка ўспрымаецца як крыніца эканамічнага заняпаду (у п'яніцы «хата падпёрта, крывая»), прычына маральнай дэградацыі (п’яны «сын лае сваю матку, гоніць з хаты бацьку»).
У творы наследуецца традыцыя беларускага фальклору — гарэлка лічыцца вынаходніцтвам чорта, які зводзіць чалавечую душу («навек душа ў пекле згіне»). Недалёка ад чорта стаіць і пан, які не зважаючы на ксяндза і Бога, губіць людзей гарэлкай («Хоць ксяндзы нам піць бароняць, // Паны водку, аднак, гоняць»).
Аўтар спачувае селяніну, які цяжка працуе («як чорны вол») і якому нічога не застаецца, акрамя як «з гора выпіць кватэрку». Гарэлка, на думку аўтара, толькі павялічвае залежнасць мужыка, прымушае працаваць задарма. Паўстае ў творы і вобраз яўрэя-карчмара (Бэркі), які аднак не дэманізуецца, бо не яўрэй, а «пан корчмы новыя стаўляе, // 3 бровараў гарэлку дастаўляе...».
Нягледзячы на выразны бытавы характар абмаляванай праблемы — выкрыцця п'янства, гутарка мае выразны антыпрыгонніцкі змест: у адным шэрагу знаходзяцца пан (аўтар сацыяльнага зла) і чорт («Боскі неслух»), Набліжаецца да такіх твораў беларускай літаратуры, як «Два д’яблы» К. Вераніцына і «Нячысцік» А. Рыпінскага.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літаратурныя творы на беларускай мове Катэгорыя:Ананімныя творы Катэгорыя:Беларуская літаратура XIX стагоддзя Катэгорыя:Алкагалізм