Калумбія (), афіцыйная назва Рэспу́бліка Калу́мбія ( ) — дзяржава на паўночным захадзе Паўднёвай Амерыкі. Сталіца — горад Багата. Мяжуе з Бразіліяй і Венесуэлай на ўсходзе, на поўдні — з Эквадорам і Перу, на захадзе — з Панамай. Абмываецца Карыбскім морам на поўначы і Ціхім акіянам на захадзе. Дзяржаўны лад Рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991 года. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканадаўчы орган — Кангрэс Калумбіі, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нацыянальных тэрыторый і мэра спецыяльнага раёна. У судовую сістэму ўваходзяць Вярхоўны суд і 27 судовых акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.

Насельніцтва

Большасць (каля 95 %) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з іспанскімі каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57 %, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5 %. Індзейцы (каля 0,5 млн чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на ўсходзе. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна каталікі (больш за 95 %), ёсць пратэстанты (каля 1 %), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыцыйныя вераванні. Сярэдняя шчыльнасць — 32,8 чал./1 км². Каля 80 % насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльнасць 200—300 чал./1 км², у трапічных лясах на ўсходзе — каля 1—2 чал./ 1 км². У гарадах жыве 73 % насельніцтва. Найбуйнейшыяя гарады: Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870, Кукута, Ібагэ. У прамысловасці і гандлі занята 24 %, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46 % працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя Тэрыторыя Калумбіі са старажытных часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 годзе адкрыта Амерыга Веспучы і Алонса дэ Ахеда, уключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 года ў складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Іспанске панаванне выклікала масавыя паўстанні, найбольш значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пачатку 19 стагоддзя пад уплывам еўрапейскага Асветніцтва і Вялікай французскай рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў Антоніа Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліпені 1810 года ў Багаце ўспыхнула антыіспанскае паўстанне, створана Рэвалюцыйная хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова Калумбія вызвалена з-пад іспанскага панавання ў 1819 годзе (Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26).

У 1819—30 гадах уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт Сімон Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 гадах Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўднёва-заходнія межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 стагоддзя. З 1830-х гадоў у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.​С.​Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 гадах называлася Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.​Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву Калумбія, царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадзянская, т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 годзе пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у будаўніцтве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад Калумбіі аддзелена Панама, якая стала самастойнай дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж Калумбіяй і ЗША, завершанага пагадненнем 1914 года, паводле якога Калумбія прызнала незалежнасць Панамы. У Першую сусветную вайну Калумбія захоўвала нейтралітэт. У 1921 годзе Калумбія заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусветны эканамічны крызіс 1929—33 гадоў значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі ў 1930—46 гадах, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.

У Другую сусветную вайну Калумбія выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 годзе Х. Э. Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзброеннае паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзяржаўнага перавароту 1953 года прэзідэнтам стаў генерал Г.​Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваенную дыктатуру (у 1957 годзе скінуты). У 1958—74 гадах на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нацыянальны фронт. Планы эканамічнага развіцця Калумбіі, распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амерыканскай праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партызанскіх груповак. У канцы 1960-х гадоў сфарміраваліся 2 галоўныя партызанскія арганізацыі: Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі і Армія нацыянальнага вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 годзе Нацыянальнага фронту на чале ўлады да 1982 года былі лібералы. Кансерватар Белісарыа ​Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86 гадах) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партызанскімі групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-палітычнае жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986 годзе. У 1987 годзе 6 галоўных партызанскіх арганізацый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партызанскі дырэктарат імя С.​Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 годзе стала адной з самых крывавых у гісторыі Калумбіі (загінулі сотні грамадскіх і палітычных дзеячаў, некалькі тысяч мірных жыхароў). У сакавіку 1990 года М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзброеннай барацьбы і ператварэнне ў легальную палітычную партыю; іншыя арганізацыі з канца 1990 аднавілі ўзброенныя дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (Калумбія з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 гадах ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.

Неаліберальная палітыка прэзідэнта Сесара Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідараў Ліберальнай партыі Эрнэста ​Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994 года. Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снежні 1992 года.

У 2026 годзе адбылося моцнае землетрасенне.

Геаграфія

Паверхня Калумбіі падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Заходняя чачтка займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з заходніх хрыбтоў: Усходняй Кардыльеры (вышыня да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (вышыня да 4250 м). Вулканы Пурасэ, Азуфраль. Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На поўначы вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвышэйшай вяршыняй краіны г.Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усходняя частка занята нізінамі рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жалезная, нікелевая і медная руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. Кплумбія знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.

Сярэднія месячныя тэмпературы на нізінах да 29 °C, на вышыни 1000—2000 м ад 17 да 22 °C, на вышыни 2000—3000 м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у басейне Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на поўначы. Рачная сетка густая. Галоўныя рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумаё і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60 % тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На поўначы і паўночным усходзе ўчасткі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нацыянальныя паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і іншыя; некалькі рэзерватаў.

Амазонскі прыродна-тэрытарыяльны комплекс (Калумбія)

Эканоміка

Калумбія — індустрыяльна-аграрная краіна. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд дол., каля 2700 долараў ЗША/1 чал. Доля прамысловасці ў ВУП 26 %, сельскай гаспадаркі 19 %, абслуговых галін 43 %. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прамысловасці найбольш развіта горназдабыўная. Каля ​3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 годзе здабыта 32 млн т нафты і каля 5 млрд м³ прыроднага газу. Асноўныя раёны здабычы — даліна р. Магдалена і паўночны ўсход (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн тон (на поўначы і ў цэнтральных раёнах), нікель — 20 тысяч тон, золата — каля 30 тон, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн каратаў (90 % сусветнай здабычы, асноўныя руднікі ва Усходняй Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытворчасць электраэнергіі 47 млрд кВт гадз (1995), 75 % яе даюць ГЭС, 25 % — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невялікія прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У машынабудаўнічай прамысловасці найбольшую ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), заводы па выпуску абсталявання для цукровай, дрэваапрацоўчай і тэкстыльнай прамысловасці; галоўныя цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — электратэхнічнац прамысловасці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн т нафты; асноўныя цэнтры Баранкілья і Картахена. Хімічная прамысловасць выпускае штучныя і сінтэтычныя валокны, мінеральныя ўгнаенні, соду і іншае; асноўныя цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытворчасці сінтэтычнай гумы і аўтамабільных шын.

Экспарт — 38,5 млрд долараў ЗША (у 2008 годзе) — нафтапрадукты, кава, вугаль, нікель, ізмумруды, адзенне, бананы, кветкі. Асноўныя пакупнікі — ЗША 38 %, Венесуэла 16,2 %, Эквадор 4 %.

Імпарт — 37,6 млрд долараў ЗША (у 2008 годзе) — прамысловае абсталяванне, транспартныя сродкі, спажывецкія тавары, хімікаты, паліва. Асноўныя пастаўшчыкі — ЗША 29,2 %, Кітай 11,5 %, Мексіка 7,9 %, Бразілія 5,9 %.

Літаратура Эквадора