«Арфаэпі́чны сло́ўнік белару́скай мо́вы» — першы поўны акадэмічны слоўнік беларускай мовы, які фіксуе правілы літаратурнага вымаўлення. Выдадзены ў 2017 годзе. У аснову рэестра арфаэпічнага даведніка, які складае больш за 117 тыс. слоў, пакладзены рэестр «Слоўніка беларускай мовы», выдадзенага пад навуковай рэдакцыяй А. А. Лукашанца і В. П. Русак (Беларуская навука, 2012).
Комплекснае прадстаўленне сістэмы арфаэпічных норм сучаснай літаратурнай беларускай мовы падрыхтавана спецыялістамі двух інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі.
У 2025 годзе выйшла другое выданне слоўніка.
Структура слоўніка Слоўнік дае чытачу неабходныя звесткі пра вымаўленне праз падачу поўнай транскрыпцыі слоў. У транскрыпцыях пададзены як асноўныя, так і пабочныя націскі. Некаторыя словы пададзены з варыятыўным вымаўленнем.
У якасці арфаэпічных норм у слоўніку ў першую чаргу замацаваны тыя варыянты вымаўлення, якія адпавядаюць традыцыям і тэндэнцыям развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Пры складанні слоўніка выкарыстоўваліся распрацаваныя С. І. Лысым і Ю. С. Гецэвічам алгарытмы канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю.
Узнагароды У студзені 2018 года праца па стварэнні слоўніка была ўключана ў Топ-10 вынікаў дзейнасці навукоўцаў НАН Беларусі ў вобласці фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2017 год. Узнагарода была прысуджана калектыву аўтараў з наступнай фармулёўкай: «За распрацоўку метадалогіі канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю і стварэнне першага поўнага беларускага лінгвістычнага даведніка».
Гл. таксама Беларуская фанетыка Беларуская фаналогія
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Слоўнікі Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Кнігі 2017 года