Міхало́ва, раней Міхалоў — колішняя вёска на беразе Мышкі (прыток Лошыцы), з 1978 года ў складзе Мінска.

Гісторыя

Ранняя гісторыя Згадваецца ў 1557 годзе як двор пана Карэвіча, якому належала сяло Сухараўскае. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў у складзе Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1791 годзе вёска Мехалоў (Мехалов), цэнтр маёнтка (5 вёсак) Каралішчавіцкай парафіі, шляхецкая ўласнасць Валовіча, панскі двор, 48 дымоў, 2 карчмы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні.

У 1800 годзе панскі двор у Мінскім павеце, уласнасць скарбовага пісара М. Валовіча, драўляны панскі дом.

Пасля 1861 года ў Сеніцкай воласці Мінскага павета. У другой палове XIX стагоддзя маёнткі Міхалова і Сурахава былі ў валоданні Абрампальскіх (Абрампольскіх). У 1876 годзе ўладальнікамі былі сыны Тадэвуша (Фадзея) Абрампальскага, дваране рыма-каталіцкага веравызнання: Юзаф (Іосіф), Конрад, Вітумір, Уладзіслаў, было 963 дзесяціны зямлі. Гаcпадарку вёў арандатар, было 2 карчмы з гадавым прыбыткам 300 рублёў. У спісе землеўладальнікаў 1888 года згадваецца Тадэвуш (Фадзей) Абрампальскі, 205 дзесяцін зямлі (магчыма, насамрэч валодаў хтосьці з нашчадкаў), таксама невялікім участкам зямлі ў фальварку валодаў праваслаўны селянін Іван Рыгоравіч Яцковіч, 33 дзесяціны. Згадваецца, што пазней уласнікам быў Міхал Абрампальскі. У другой палове XIX стагоддзя быў вадзяны млын на Мышцы.

Паводле перапісу 1897 года былі маёнтак і фальварак.

У 1917 годзе ва ўрочышчы двор, 7 жыхароў; у фальварку двор, 1 жыхар; на хутары двор, 5 жыхароў; потым 2 двары, 10 жыхароў.

Найноўшы час З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў кастрычніку 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёнтак нацыяналізаваны, створаны саўгас Міхалова. З 1924 года ў Падгайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 1934 года ў Менскім раёне. Пазней аб’яднаныя ў адну вёску.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

20 студзеня 1960 года вёска пералічана са складу скасаванага Мядзвежынскага сельсавета ў Шчомысліцкі сельсаветРашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.. Вёска моцна разраслася ў 1950—1960-я гады.

У 1978 годзе ўключаная ў межы горада Мінска. Галоўная вясковая вуліца атрымала назву вуліца Міхалова, другарадныя — 1-ы, 2-гі, 3-ці, 4-ы, 5-ы завулкі Міхалова. Пры будаўніцтве ў 1979—1985 гады мікрараёна Паўднёвы-Захад-4 была знесеная большая частка дамоў па вуліцы Міхалова. У 2000 годзе 5-ы завулак Міхалова пераназваны ў вуліцу Русановіча, у 2010—2012 гадах амаль цалкам знесены. У 2010-х гадах пры будаўніцтве мікрараёнаў Міхалова-2 і Міхалова-3 знесеная рэшта вясковых дамоў.

Насельніцтва

1897 год — маёнтак, 1 двор, 14 жыхароў; фальварак, 1 двор, 11 жыхароў 1908 год — маёнтак, 1 двор, 13 жыхароў; засценак, 2 двары, 8 жыхароў; фальварак-1, 1 двор, 12 жыхароў; фальварак-2, 1 двор, 9 жыхароў 1917 год — фальварак, 1 двор, 1 жыхар (паляк); урочышча, 1 двор, 7 жыхароў (усе беларусы); хутар-1, 1 двор, 5 жыхароў (усе палякі); хутар-2, 1 двор, 10 жыхароў (усе беларусы)

Сучаснасць Назву Міхалова маюць мікрараён, станцыя метро Міхалова, вуліца Міхалоўская. На 2017 год захаваліся вясковыя дамы ў заходняй частцы вуліцы Міхалова, але гэта дамы колішняй вёскі Сухарава.

У 2016 годзе ў Міхалове пры будаўніцтве новага мікрараёна былі знойдзеныя фрагменты арабскага дырхема X стагоддзя і пражскага гроша XIV стагоддзя, бронзавы крыжык XI-XII стст. і керамічны посуд XI—XII ды XVI-XVII стст.

Страчаная спадчына Сядзіба Абрампольскіх. Драўляны аднапавярховы будынак сядзібы Абрампольскіх у 1930-х быў прыстасаваны пад вясковую школу, верагодна менавіта ў той час абкладзены цэглай. У 1960-я, калі да невялікага будынка быў дабудаваны яшчэ адзін аб’ём. У пачатку 1980-х былая вясковая школа была прыстасавана пад гарадскую раённую школу мастацтваў з прыбудовай дадатковых памяшканняў. Вакол былой сядзібы захаваліся старыя пасадкі дрэваў — рэшткі сядзібнага парка. Будынак знесены ў 2010-я гады.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска