Канада (, ІРА: /ˈkænədə/; , ІРА: /kanaˈda/) — дзяржава ў Паўночнай Амерыцы, займае другое месца ў свеце па плошчы пасля Расіі. Абмываецца Атлантычным, Ціхім і Паўночным Ледавітым акіянамі, мяжуе з ЗША на поўдні і на паўночным захадзе, таксама мае марскія межы з Даніяй (Грэнландыя) на паўночным усходзе і Францыяй (Сен-П’ер і Мікелон) на ўсходзе. Мяжа Канады і ЗША з’яўляецца самай працяглай агульнай мяжой у свеце. Сталіца Канады — Атава.
Рэльеф Канады змяняецца ад высозных Кардыльераў на захадзе да апрацаванага ледавікамі Лаўрэнційскага ўзвышша ў цэнтры і на ўсходзе. Багаццем мінеральных рэсурсаў Канада вылучаецца нават сярод краін свайго памеру. Хоць клімат Канады і разнастайны, большая яе частка ляжыць у халоднай зоне з працяглай зімой. Канада багатая воднымі рэсурсамі — шырокімі рэкамі і чысцюткімі азёрамі. Большая частка тэрыторыі Канады занята арктычнымі пустынямі, тундрай і тайгой. Канадская тайга шырокай паласой цягнецца ад Ціхага акіяна да Атлантычнага.
Канада — федэратыўная, дэ-юрэ парламенцкая канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы — кароль Вялікабрытаніі, прадстаўлены генерал-губернатарам. Фактычная ўлада належыць парламенту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам. Адміністрацыйна Канада падзяляецца на дзесяць правінцый і тры тэрыторыі, якія маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю.
Насельніцтва пераважна эмігранцкага паходжання. Перасяленцы з усяго свету ў Канадзе згуртаваныя ў стракатую мультыкультурную супольнасць. Пры гэтым Канада — класічная двухмоўная краіна (каля 40 % насельніцва — англаканадцы, 26 % — франкаканадцы) з дзвюма дзяржаўнымі мовамі на ўсіх узроўнях. Найбуйнейшымі гарадамі з’яўляюцца Таронта, Манрэаль і Ванкувер. Для Канады характэрны адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў шчыльнасці насельніцтва (3,9 чал/км²). Большасць канадцаў жыве ўздоўж мяжы з ЗША.
Канада — развітая краіна, член Вялікай сямёркі і Вялікай дваццаткі, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Разам з Мексікай і ЗША — сваім галоўным гандлёвым партнёрам — уваходзіць у зону свабоднага гандлю НАФТА. Таксама Канада з’яўляецца актыўным удзельнікам Садружнасці нацый і Франкафоніі. Канада адрозніваецца найвышэйшымі пазіцыямі ў свеце па ІЧР (16 месца), якасці жыцця, грамадзянскіх правах, эканамічнай свабодзе, узроўню адукацыі. Нягледзячы на выразны постіндустрыяльны характар, гаспадарка Канады мае выразны сыравінны твар і абапіраецца на мінеральныя, гідраэнергетычныя, лясныя, рыбныя і іншыя рэсурсы.
Этымалогія Слова «Канада» з вялікай доляй верагоднасці паходзіць ад індзейскага «каната» — вёска ці паселішчаThe Canadian Encyclopedia, Art. Canada von W. Kaye Lamb . Вядома, што так называлі свае землі індзейцы сучаснага Квебека, з якімі сутыкнуліся першыя французскія заваёўнікі.
Жак Карцье ўжываў слова «Канада» дзеля пазначэння не толькі індзейскай вёскі, якую ён сустрэў, але і ўсёй вобласці пад кантролем мясцовага правадыра Данаконы. З 1545 года еўрапейскія кнігі і карты пазначалі гэты рэгіён і ўсе берагі ракі Св. Лаўрэнція словам «Канада».
У перыяд французскага каланіяльнага валадарства ў XVI—XVII ст. назва Канада ўжывалася нароўні з афіцыйнай — Новая Францыя. Пазней гэтая назва перайшла на большасць суседніх тэрыторый у Паўночнай Амерыцы, якімі кіравала Брытанская імперыя. З 1791 так называліся англійскія калоніі ў раёне сучасных правінцый Квебек і Антарыа, а з 1867 найменне было перанесена на ўсю краіну.
Словы, якія фанетычна і семантычна падобныя на лаўрэнційска-іракезскае «kanata», існуюць і ў мовах, далёкіх ад паўночнаамерыканскіх: старажытнаанглійскае «cynedom» («каралеўства»), англійскае «country» («зямля», «краіна»), «county» («акруга»), «hundred» («сотня»), «kindred» («клан», «род»), валійскае «cantref» («акруга»), «genedl» («клан», «род»), старажытнагрэчаскае «κέντρον» («цэнтр»), ірландскае «ceantar» («акруга»), італьянскае «contado» («вёска»), лацінскае «condo» («абжываць», «насяляць»), «continuus» («прылеглы»), персідскае «кӓнд» («вёска», «паселішча»), старажытнарускае «коньць» (частка горада)«Новгород составился из нескольких слобод или поселков… Следы этого… сохранялись и позднее в распределении города на концы» (Ключевский В. О. Русская история. Полный курс лекций. — M.: Олма-ПРЕСС Обр., 2005. — Л. 23)., рускае «кондавы» («спрадвечны») і г.д.
Геаграфічнае становішча
Канада займае значную частку мацерыка Паўночная Амерыка і шматлікія астравы, што прымыкаюць да яе. На захадзе абмываецца Ціхім акіянам і мяжуе са штатам Аляска (ЗША), на ўсходзе абмываецца Атлантычным, на поўначы — Паўночным Ледавітым акіянам, на поўдні мяжуе з ЗША. Асноўная мацерыковая частка Канады працягнулася на 5400 км ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Крайнія геаграфічныя каардынаты: на ўсходзе — 52°40' з.д., на захадзе — 141° з.д. З поўдня на поўнач прасціраецца на 4 500 км — ад 41°41' пн.ш. на мяжы з ЗША да паўночнай ускраіны (83°06' пн.ш.) вострава Элсмір у Канадскім Арктычным архіпелагу.
Ля ўсходняга ўзбярэжжа і ў заліве Св. Лаўрэнція знаходзяцца востраў Ньюфаўндленд, Кейп-Брэтан, Антыкосты, архіпелаг Мадлен, Прынца Эдуарда і інш. На поўначы працягнуліся Бафінава Зямля, астравы Гудзонава заліва і шматлікія астравы Канадскага Арктычнага архіпелага, падзеленыя вузкімі і плыткімі пралівамі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа моцна парэзана вузкімі і доўгімі залівамі са стромкімі схіламі. Недалёка ад заходняга берага ляжыць буйны востраў Ванкувер, астравы Каралевы Шарлоты і інш.
Прырода
Рэльеф і карысныя выкапні
Большая частка Канады — узгорыстая раўніна, абмежаваная з усходу і захаду горнымі падняццямі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага і Атлантычнага акіянаў. На захадзе краіны ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа цягнецца горная краіна Кардыльераў шырынёй каля 600 км. Усходняя вось Канадскіх Кардыльераў — Скалістыя горы. Іх заходнія схілы пакрытыя хвойнымі лясамі, усходнія аголеныя і сапраўды скалістыя; асобныя вяршыні пераўзыходзяць па вышыні 4000 м. На захад ад Скалістых гор ляжыць вулканічнае плато рэк Фрэйзер і Калумбія. Ціхаакіянскія Берагавыя горы складаюцца з двух субмерыдыянальных хрыбтоў, падзеленых падоўжнай далінай, у паўднёвай частцы затопленай морам. Найбольш высокія ўчасткі заходняга пояса гор на поўдні — прыбярэжныя востраў Ванкувер, астравы Каралевы Шарлоты і інш., а на поўначы, на мяжы з Аляскай, Берагавыя хрыбты заканчваюцца шырокімі масівамі гор Св. Ільі і Логан (5959 м, найвышэйшы пункт Канады), пакрытых магутнымі ледавікамі, якія спускаюцца да мора.
Уздоўж Атлантычнага ўзбярэжжа цягнуцца невысокія горныя хрыбты, якія працягваюць горы Апалачы ЗША. Паверхня вострава Ньюфаўндленд узвышаная (вышыня да 805 м). На поўнач ад ракі Св. Лаўрэнція і да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна распасціраецца шырокая вобласць Канадскага шчыта — невысокая, складзеная цвёрдымі крышталічнымі пародамі (гранітамі, гнейсамі і сланцамі) зямля. Яе сучасная паверхня носіць сляды геалагічна нядаўняга зледзянення: апрацаваныя лёдам кучаравыя скалы («барановыя ілбы»), шматлікія азёры, хуткія парожыстыя рэкі, тонкі глебавы пласт. Для паўвострава Лабрадор характэрныя крушні і скалы. Па паўднёвым і заходнім узбярэжжы Гудзонава заліва вышыня мясцовасці не перавышае 200 м. Паласа нізіны цягнецца і ўздоўж паўночнага ўзбярэжжа Канады, далёка ўдаючыся ў глыб мацерыка па даліне р. Макензі.
Тэрыторыя Канады багатая на руды каляровых металаў (нікель, медзь, цынк, свінец), жалезную руду; вялікія запасы ўрану, нафты і прыроднага газу, калійных солей, азбесту, вугалю. Казачна багатае на карысныя выкапні Лаўрэнційскае ўзвышша. Тут знаходзіцца ўнікальная рудная зона: радовішчы жалеза, нікеля, серабра, поліметалаў, урану, золата.
Клімат З прычыны вялікай шыротнай працягласці і асаблівасцей рэльефу, клімат Канады надзвычай разнастайны. Змяняецца клімат у асноўным у шыротным напрамку. Ролю значнага мерыдыянальнага кліматападзелу гуляюць Кардыльеры. Галоўная асаблівасць клімату — яго кантынентальнасць: рэзкія пераходы паміж крайнімі тыпамі надвор’я, гарачым улетку і халодным узімку.
Большая частка Канадскага Арктычнага архіпелага ляжыць у вобласці арктычнага клімату. Тут вельмі суровыя зімы (-30 °C), а летам тэмпература толькі зрэдку перавышае адзнаку ў 5 °C. Пралівы паміж астравамі замёрзлыя. Менавіта тут знаходзіцца самы вялікі ненаселены востраў свету — Дэвон. Узбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна займае субарктычны кліматычны пояс. Зімовыя месяцы па сваёй суровасці тут не саступаюць арктычным, летам жа значна цяплей. На ўсходзе субарктычны пояс выгінаецца далёка на поўдзень і амаль што замыкае Гудзонаў заліў — «мех з лёдам», які разам з халоднымі цячэннямі і ёсць галоўны віноўнік панавання тундры на шыраце Кіева. Паўднёвая Канада — зона ўмеранага клімату, празмерна вільготнага на крайнім захадзе, дастаткова — на ўсходзе і кантынентальнага ў цэнтральнай частцы.
Гідраграфія
Багаццем прэснай вады Канада саступае толькі Расіі і Бразіліі. Рэкі Канады адносяцца да басейнаў трох акіянаў: Макензі і Нельсан нясуць свае спакойныя воды праз зону вечнай мерзлаты да Паўночнага Ледавітага акіяна. Фрэйзер цячэ па лававым плато і праз Берагавыя хрыбты прарываецца да Ціхага акіяна. Вялікія Азёры злучаюцца з Атлантыкай непрацяглай, але шматводнай ракой Святога Лаўрэнція. Невялікая частка паўднёвай Канады належыць да басейна Місісіпі. Буйныя азёры: Вялікае Мядзвежае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, возера Нетылінг. Па чатырох з пяці Вялікіх азёраў праходзіць мяжа з ЗША.
Прыродныя зоны Астравы Паўночнага Ледавітага акіяна займаюць арктычныя пустыні. Вялікія плошчы тут занятыя покрыўнымі ледавікамі. Летам на свабодных ад лёду ўчастках у паніжэннях і трэшчынах з’яўляюцца імхі, лішайнікі, холадаўстойлівыя травы і хмызнячкі. Арктычныя глебы амаль не ўтрымліваюць арганічнага рэчыва. Жыццё прадстаўнікоў жывёльнага свету звязана з морам, якое дае ім ежу. На астравах тыповыя птушыныя базары. У водах мораў жывуць цюлені, маржы, грэнландскія кіты. Ва ўзбярэжныя раёны з мацерыка заходзяць белыя мядзведзі, ваўкі, пясцы. У Грэнландыі і на Канадскім Арктычным архіпелагу жыве самае буйное млекакормячае — аўцабык, або мускусны бык.
Тундра і лесатундра займае поўнач мацерыка. Шырока распаўсюджана шматгадовая мерзлата. На поўначы — у Арктыцы — у мохавай і лішайнікавай тундры зрэдку можна сустрэць травы (асака, падвей) і палярныя кветкі — незабудкі, палярныя макі, дзьмухаўцы. На поўдзень, у субарктычным поясе, тундра становіцца хмызняковай: з’яўляюцца нізкарослыя карлікавыя бяроза і вярба, багун, буякі, чарніцы. На поўдзень, па далінах рэк, з’яўляюцца дрэвы — чорная і белая елкі, і пачынаецца лесатундра. Тундравая расліннасць забяспечвае ежай разнастайных жывёл: паўночных аленяў, палярных зайцаў, лемінгаў. На дробных жывёл палююць белы мядзведзь, палярны воўк, пясец. Водзяцца белая курапатка, драпежная палярная сава, летам прылятаюць вадаплаўныя птушкі — гусі і качкі.
Тайга прадстаўлена цёмнахвойнымі лясамі з чорнай і белай елак і бальзамічнай піхты. На сухіх месцах растуць сосны: белая (Веймутава), Банкса (каменная) і чырвоная. Хвойныя лясы ціхаакіянскага ўзбярэжжа растуць ва ўмовах багатага ўвільгатнення, таму іх называюць «дажджавымі». Цэлыя гушчары ў гэтых лясах утвараюць хмызнякі, травы і папараці; імхі пакрываюць ствалы, доўгімі «бародамі» звісаюць з галін. Асноўныя пароды гэтых лясоў — сітхінская елка, дугласія, тсуга, хемлок. Жывёльны свет тайгі разнастайны. Тут шмат буйных капытных: алень вапіці, амерыканскі лось; у гарах сустракаюцца снежная каза і таўстарогі баран. Водзяцца буры і чорны амерыканскі мядзведзі; грызуны — шэрая і чырвоная вавёрка, бурундук; драпежнікі — пума (або кугуар), куніца, воўк, канадская рысь, гарнастай, расамаха, лісіца; па берагах рэк — бабёр, выдра і мускусны пацук (андатра).
На поўнач ад Вялікіх азёр значныя плошчы занятыя змешанымі і шыракалістымі лясамі, дзе пачэснае месца ў відавым складзе займаюць клёны — сімвал Канады. Якіх толькі клёнаў тут няма — і цукровы, і серабрысты, і чырвоны!
Гісторыя