Бітва пры Прэсбургу (цяпер Браціслава ў Славакіі; , , ) — адна або некалькі бітваў, якія адбыліся ў 907 годзе. Часам яе месца (Brezalauspurc, гэта значыць «град Браслава») вызначаюць не як Браціславу, а як Залавар на Балатане ў сучаснай Венгрыі. У ёй Баварыя пацярпела паражэнне ад венграў. Бітва амаль на 50 гадоў змяніла сітуацыю ў раёне сярэдняга Дунаю і дала магчымасць венгерскім плямёнам здзяйсняць наезды на суседнія тэрыторыі Цэнтральнай, Паўднёвай і Заходняй Еўропы.

Бітва Дакладная дата бітвы невядомая. Часцей за ўсё называецца дата 4, 5 альбо 6 ліпеня; некаторыя крыніцы называюць даты трох бітваў, якія адбываліся ў гэтыя дні і 9 жніўня 907 года. Падзеі таксама апісаныя ў летапісах бегла і некалькі разоў змяняліся з цягам часу.

Маркграф Луітпольд Баварскі сабраў сваю армію і намерваўся даць вырашальны бой венграм, якія ўяўлялі сабой пагрозу многім краінам Цэнтральнай Еўропы. Яе колькасць, якая ацэньваецца ў 100 тысяч чалавек, выглядае звычайным перабольшаннем, уласцівым свайму часу. Колькасць войска Арпада складала ад 30 да 35 тысяч, аднак і гэтая лічба сумнеўная, паколькі рэдкае войска ў Сярэднявеччы налічвала больш за 10 000 воінаў.

Баварскае войска было падзелена на тры часткі, якія, аднак, нічога не здолелі супрацьпаставіць тактыцы венгерскіх коннікаў. Вялікая частка баварскага войска была абкружана, разбітая і знішчаная. У бітве загінуў сам Луітпольд, зальцбургскі архібіскуп Тэатмар, фрайзінгскі біскуп Ута, Захарыя, 35 баварскіх графаўEurasian studies yearbook, Volume 78, Volume 78, Eurolingua, 2006, p. 27, 19 баронаў, а таксама «незлічоная колькасць астатняга люду». Пераход у 907 годзе ўлады ў Венгерскай ардзе да малодшага сына Арпада Жольта ў абыход траіх ці нават чацвярых яго братоў дазваляе выказаць здагадку, што Арпад і яго старэйшыя сыны таксама маглі загінуць у гэтай бітве.

Наступствы Пасля бітвы венгры акупавалі ўсходнюю частку цяперашняй Аўстрыі і ўсю Вялікую Маравію, якая стала базай паходаў у суседнія краіны. Спусташальныя паходы венграў у Германію, Францыю, Іспанію, Балканы і Італію, якія самі венгры называлі «kalandozások» («падарожжы») і лічылі неад’емнай часткай свайго пакуль яшчэ паўкачавога жыцця, працягваліся да 955, калі Атон I Вялікі нанёс ім разгромнае паражэнне ў бітве на рацэ Лех, якое паклала канец венгерскім нашэсцям.

Крыніцы

Спасылкі Beáta Pintérová. Bitka pri Bratislave vo svetle slovenskej a maďarskej historiografie , 2007

Катэгорыя:Бітвы Германіі Катэгорыя:Бітвы Венгрыі Катэгорыя:Бітвы Баварыі Катэгорыя:Бітвы ў Славакіі Катэгорыя:Бітвы X стагоддзя Катэгорыя:Гісторыя Славакіі Катэгорыя:Вялікая Маравія Катэгорыя:Гісторыя Аўстрыі Катэгорыя:Гісторыя Браціславы Катэгорыя:907