Афрыка́нскі тэа́тр вае́нных дзе́янняў Друго́й сусве́тнай вайны́ (1940—1942) — баявыя дзеянні, якія праходзілі падчас Другой сусветнай вайны ва Усходняй, Заходняй і Цэнтральнай Афрыцы.

Бітвы ў Заходняй і Усходняй Афрыцы (ліпень 1940 — студзень 1941)

3 жніўня 1940 італьянскія войскі пачалі наступленне з тэрыторыі Эфіопіі і Італьянскага Самалі ў брытанскія калоніі Кенія, Судан і Брытанскае Самалі. У Брытанскім Самалі ім удалося выцесніць значна саступаючыя ім па колькасці паўднёваафрыканскія і брытанскія каланіяльныя войскі праз праліў у брытанскую калонію Адэн. У Судане італьянцы здолелі заняць гарады Касала, Галабат, Курмук, але неўзабаве яны былі спыненыя.

Пасля стварэння «Змагарнай Францыі» ў французскіх калоніях праходзілі бітвы паміж вішысцкімі і дэголеўскімі войскамі. У верасні 1940 войскі «Змагарнай Францыі» разам з брытанскімі, галандскімі і аўстралійскімі часткамі пацярпелі паражэнне ў Сенегале. Аднак у лістападзе ім удалося адваяваць Габон.

Паражэнне італьянцаў ва Усходняй Афрыцы. Бітва за Мадагаскар (студзень 1941 — лістапад 1942)

У студзені 1941 брытанскія войскі ва Усходняй Афрыцы перайшлі ў контрнаступленне і выгналі італьянцаў з Кеніі і Судана. Да сакавіка брытанцы захапілі Італьянскае Самалі і ўварваліся ў Эфіопію, дзе іх колькасць пачала хутка ўзрастаць, галоўным чынам дзякуючы прытоку эфіопскіх партызан. 6 красавіка 1941 англійскія, паўднёваафрыканскія і эфіопскія войскі ўвайшлі ў Адыс-Абебу. Італьянцы былі цалкам разбітыя. Апошнія італьянскія войскі, якія яшчэ супраціўляліся, здаліся ў лістападзе 1941.

5 мая 1942 дэголеўскія і брытанскія войскі ўварваліся на Мадагаскар, які быў базай забеспячэння японскіх падводных лодак у Індыйскім акіяне. Да лістапада 1942 года востраў быў вызвалены ад вішысцкіх і японскіх войскаў.

Гл. таксама Кампаніі і бітвы Другой сусветнай вайны Паўночнаафрыканская кампанія

Катэгорыя:Тэатры ваенных дзеянняў Другой сусветнай вайны