Займе́ннік — часціна мовы, якая паказвае на прадметы, якасці або колькасць, не называючы іх. Асноўная функцыя займенніка — замена паўназначнага слова. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка.
Класіфікацыя Паводле суадносін з іншымі часцінамі мовы займеннікі падзяляюць на: назоўнікавыя (абагульнена-прадметныя): я, сябе, нехта; прыметнікавыя (абагульнена-якасныя): мой, самы, каторы; лічэбнікавыя (абагульнена-колькасныя): колькі, столькі, гэтулькі.
Паводле значэння займеннікі падзяляюцца на наступныя тыпы: асабовыя: я, мы, ты, вы; зваротны: сябе; прыналежныя: мой, наш, твой; указальныя: гэты, той, такі; азначальныя: сам, увесь, кожны, іншы; пытальныя: хто?, што?, каторы?; адносныя: хто, што, каторы; адмоўныя: ніхто, нішто; няпэўныя: нехта, некаторы, нейкі.
Назоўнікавыя і прыметнікавыя займеннікі скланяюцца, часткова скланяюцца і лічэбнікавыя займеннікі. Пры скланенні многіх займеннікаў утвараюцца формы ад розных слоў (суплетывізм), напрыклад: я — мяне, мне і пад., ты — цябе, табе і г. д., мы — нас, нам і г. д., ён — яго, яму і г. д.
Значэнне адзіночнага і множнага ліку ў асабовых займенніках перадаецца супрацьпастаўленнем асобных слоў: я і ты — для адзіночнага, мы і вы — для множнага ліку, пры гэтым мы — гэта не 'многа я', а 'я разам з іншымі', вы — гэта не 'многа ты', а 'ты разам з іншымі'. Займеннік вы ўжываецца і як знак пашаны пры звароце да аднаго чалавека.
Прыметнікавыя займеннікі змяняюцца па склонах, ліках і родах, канчаткі гэтых займеннікаў такія ж, як і ў прыметнікаў.
Асабовыя займеннікі Асабовыя займеннікі падзяляюцца на: уласна-асабовыя: я, мы, ты, вы; асабова-ўказальныя: ён, яна, яно, яны.
Асабовыя займенікі ўказваюць на: асобу моўцы (1-я асоба: я — адзіночны лік, мы — множны лік); асобу сумоўцы (2-я асоба: ты — адзіночны лік, вы — множны лік); асобу або прадмет, пра якія гавораць (3-я асоба: ён (яна, яно) — адзіночны лік, яны — множны лік). Займеннік ён, як і назоўнік, мае тры формы роду: мужчынскі (ён), жаночы (яна), ніякі (яно).
Зваротны займеннік Займеннік сябе ўказвае на асобу (прадмет), які з’яўляецца аб’ектам уласнага дзеяння: патрабавальны да сябе.
Для зваротнага займенніка сябе характэрна: адсутнасць граматычных катэгорый роду і ліку; адсутнасць словаформы назоўнага склону адзіночнага ліку і ўсіх словаформаў множнага ліку.
Прыналежныя займеннікі Прыналежныя займеннікі ўказваюць на прыналежнасць 1-й асобе (мой, наш), 2-й асобе (твой, ваш), усім тром асобам (свой).
Для прыналежных займеннікаў характэрна: наяўнасць, як і ў прыметніках, формаў роду, ліку, склону; дапасаванне, як і прыметнікаў, да назоўнікаў.
Для выражэння прыналежнасці ў 3-й асобе выкарыстоўваюцца формы роднага склону асабовых займеннікаў 3-й асобы яго (ягоны), яе (ейны), іх (іхні).
Указальныя займеннікі Указальныя займеннікі служаць для ўказання на прадметы (гэты, той), прыметы прадметаў (такі, гэтакі) ці іх колькасць (столькі, гэтулькі). Займеннік гэты (гэта) паказвае на пэўны блізкі прадмет або наогул вядомы прадмет. Займеннік той паказвае на аддалены прадмет або той, які ўжо быў названы. Займеннікі такі, гэтакі паказваюць на якасць прадмета, якая мае выдзяляльнае або ўдакладняльнае значэнне.
Граматычныя асаблівасці ўказальных займеннікаў: дапасаванне да назоўніка, з якім звязаны, у родзе, ліку, склоне займеннікі гэты, той, такі, гэтакі; адсутнасць катэгорый ліку і роду ў займенніках столькі, гэтулькі.
Азначальныя займеннікі Азначальныя займеннікі паказваюць на абагульненую якасць або ўласцівасць прадметаў. Займеннік сам (сама, само, самі) паказвае на асобу ці прадмет — утваральнікаў дзеяння. Займеннік увесь (уся, усё, усе) мае значэнні паўнаты ахопу прадметаў пэўным дзеяннем. Займеннік усякі (усякая, усякае, усякія) і кожны (кожная, кожнае, кожныя) ужываюцца для вылучэння асобных прадметаў з раду падобных, прычым займеннік усякі мае адценне абагульнення, а займеннік кожны — раздзяляльнасці. Займеннік самы паказвае пэўную мяжу ў часе ці прасторы. Займеннік іншы (інакшы) паказвае на адрозненне прымет.
Азначальныя займеннікі змяняюцца па родах, ліках, склонах.
Пытальныя займеннікі Пытальныя займеннікі выражаюць пытанне пра: асобу або прадмет (хто?, што?); якасць або прыналежнасць прадмета (які?, чый?); месца прадмета сярод іншых прадметаў (каторы?); колькасць прадметаў (колькі?).
Граматычныя асаблівасці пытальных займеннікаў: адсутнасць формаў роду і ліку ў займенніках хто?, што?, колькі?; наяўнасць формаў роду і ліку ў займенніках які?, чый?, каторы?.
Адносныя займеннікі Адносныя займеннікі выражаюць сэнсавыя і граматычныя адносіны паміж часткамі ў складаназалежным сказе.
Граматычныя асаблівасці адносных займеннікаў: адсутнасць формаў роду і ліку ў займенніках хто, што, колькі; наяўнасць формаў роду і ліку ў займенніках які, чый, каторы.
Адмоўныя займеннікі Адмоўныя займеннікі абазначаюць адмаўленне і паказваюць: поўную адсутнасць прадмета як суб’екта дзеяння (ніхто, нішто); поўнае адмаўленне якасцей прадметаў ці іх прыналежнасці іншым прадметам (ніякі, нічый).
Граматычныя асаблівасці адмоўных займеннікаў: адсутнасць формаў роду і ліку ў займенніках ніхто, нішто; наяўнасць формаў роду і ліку ў займенніках ніякі, нічый.
Няпэўныя займеннікі Няпэўныя займеннікі абазначаюць: няпэўных асоб і прадметы (нехта, нешта); няпэўныя якасці, уласцівасці, прыналежнасць (нейкі, нечы, некаторы); няпэўнае выдзяленне асоб, прадметаў і прымет сярод іншых (хтосьці, штосьці, якісьці, чыйсьці); выдзяленне асоб, прадметаў і прымет з раду іншых і наданне ім больш акрэсленага значэння (хто-небудзь, што-небудзь, які-небудзь, чый-небудзь); няпэўных асоб ці няпэўныя прадметы і прыметы, не выдзяляючы іх з раду іншых (абы-хто, абы-што, абы-які, абы-чый).
Граматычныя асаблівасці няпэўных займеннікаў: парадыгмы роду, ліку і склону такія ж, як і ў пытальных, ад якіх яны ўтвораны.
Сінтаксічныя функцыі У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і даданых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Часціны мовы