Дыялекталагічны атлас (лінгвістычны атлас) — сістэматызаваны зборнік дыялекталагічных карт пэўнай тэрыторыі, якія паказваюць пашырэнне асобных дыялектных асаблівасцей адной мовы ці комплексу моў. Матэрыялы для дыялекталагічнага атласа збіраюцца па спецыяльнай праграме, якая ахоплівае ўсе бакі мовы (фанетыка, марфалогія, сінтаксіс, лексіка). Уся сукупнасць карт дыялекталагічнага атласа дае сістэмнае ўяўленне пра дыялектнае вар’іраванне мовы ў дачыненні да ўсіх бакоў яе складу. Дыялекталагічны атлас служыць асновай для вывучэння розных аспектаў мовы метадамі лінгвістычнай геаграфіі.

Тыпы Існуюць розныя пакаленні дыялекталагічных атласаў.

Да атласаў першага пакалення належаць дыялекталагічныя атласы адной мовы, або нацыянальныя атласы. Напрыклад, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.А. Бузука (1928), Дыялекталагічны атлас беларускай мовы (1963), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (1993—1998).

Атласы другога пакалення — гэта рэгіянальныя атласы, якія ахопліваюць частку тэрыторыі адной або некалькіх моў. У Беларусі гэта, напрыклад, «Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (1980—2012), «Параўнальнае вывучэнне геаграфіі слоў (Палессе— Мазоўша)» І. Тарнацкага (1939), «Лінгвістычны атлас Ніжняй Прыпяці» Т.В. Назаравай (1985), «Атлас гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны» Ю. В. Чарнякевіча (2009). Крыніцамі для даследавання паслужылі матэрыялы, сабраныя аўтарам у палявых умовах у 64 населеных пунктах на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Брэстчыны (у Брэсцкай (Івацэвіцкі, Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Пружанскі, Бярозаўскі, Пінскі, Ганцавіцкі раёны), Гродзенскай (Слонімскі і Зэльвенскі раёны) і Мінскай (Клецкі раён) абласцях).

Да атласаў трэцяга пакалення належаць атласы цэлай сям’і роднасных моў. Гэта, напрыклад, Агульнаславянскі лінгвістычны атлас, у якім змешчаны моўныя факты з усіх жывых славянскіх моў.

Чацвёртае пакаленне атласаў — гэта атласы сем’яў і груп разнастайных сумежных моў народаў свету. Да чацвёртага пакалення належыць Лінгвістычны атлас Еўропы.

Найважнейшыя дыялекталагічныя атласы

Дыялекталагічны атлас беларускай мовы (1963). Лінгвістычны атлас Францыі (Atlas linguistique de la France, par J. Gilliéron et E. Edmont, т. 1-7, 1902-12); Нямецкі лінгвістычны атлас [Deutscher Sprachatlas, Hrsg. von F. Wrede (fortgesetzt von B. Martin, W. Mitzka). Lfg 1-19, 1926-54]; Атлас русских народных говоров центральных областей к востоку от Москвы (под ред. Р. И. Аванесова, 1957); [Бернштейн С. Б., Чешко Е. В., Зеленина Э. И.]; Атлас болгарских народных говоров в СССР (1958); Дзендзелiвський Й. О. Лiнгвiстичний атлас украjнських народних говорiв Закарпатськоj областi УРСР. (Лексика) (ч. 1-2, 1958-60); Атласул лингвистик молдовенеск (ред. Р. Удлер, В. Комарницки; бол 1-2, 1968-72); Общеславянский лингвистический атлас (вып. 1-3-, 1978-94-); Атлас украïнськоï мови (т. 1-3, 1984—2001).

Літаратура Атлас диалектологический / Л. Л. Касаткин // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая российская энциклопедия, 2004—2017 Диалектологический атлас // Казахстан. Национальная энциклопедия. — Алматы: Қазақ энциклопедиясы, 2005. — Т. II. — ISBN 9965-9746-3-2 Pop S., Pop R. D. Atlas linguistiques européens. Domaine roman. Louvain, 1960 Сухачев Н. Л. Лингвистические атласы и карты // Проблемы картографирования в языкознании и этнографии. Л., 1974 Миронов С. А. Немецкая диалектография за сто лет // Вопросы языкознания. 1976. № 4 Аванесов Р. И. Общеславянский лингвистический атлас (1958—1978). Итоги и перспективы // Славянское языкознание. VIII Международный съезд славистов. Доклады советской делегации. М., 1978. № 4 Алинеи М. Лингвистический атлас Европы: первые двадцать два года // Вопросы языкознания. 1993. № 3 Донадзе Н. З. Новые перспективы в лингвогеографии — Лингвистический атлас Европы // Общеславянский лингвистический атлас: Материалы и исследования. 2001—2002. М., 2004

Катэгорыя:Дыялекталогія Катэгорыя:Лінгвістычная геаграфія Катэгорыя:Арэальная лінгвістыка Катэгорыя:Сацыялінгвістыка Катэгорыя:Атласы