Ленінгорскі раён, адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Паўднёвай Асеціі. Тэрыторыя 1011 км². Адміністрацыйны цэнтр — пасёлак Ленінгор.
Раён размешчаны ва ўсходняй частцы Паўднёвай Асеціі. Рэльеф пераважна горны. Найвышэйшы пункт — гара Нарванхох (3247 м). Фізіка-геаграфічна раён падрадзяляецца на дзве буйныя цясніны і адну раўніну: Ксанская цясніна на ўсходзе; Лехурская цясніна на захадзе; Тырыпонская раўніна на крайнім паўднёвым захадзе раёна.
На паўднёвым захадзе раёна размешчаны самы паўднёвы населены пункт на тэрыторыі Паўднёвай Асеціі — Арчасан. На поўначы раёна, у верхняй частцы Ксанскай цясніны, размешчана Кельскае вулканічнае плато. Тут знаходзіцца шэраг азёр, буйнейшае з якіх Кялістба. На крайнім паўднёвым захадзе раёна прадстаўлены клімат сухіх субтропікаў, для астатняй тэрыторыі характэрная вышынная пояснасць. Буйнейшыя рэкі Ксані і Ляхура маюць мноства прытокаў, бяруць пачатак у гарах раёна і ўпадаюць у Куру на тэрыторыі Грузіі.