Дантэ Аліг’еры (; 21 мая 1265 — 14 верасня 1321) — італьянскі паэт, адзін з заснавальнікаў літаратурнай італьянскай мовы. Стваральнік «Камедыі» (якая пазней атрымала эпітэт «Боскай»), у якой быў дадзены сінтэз познесярэднявечнай культуры.

Біяграфія

У Фларэнцыі Згодна з сямейным паданнем, продкі Дантэ паходзілі з рымскага роду Элізееў, якія ўдзельнічалі ў заснаванні Фларэнцыі. Качагвіда, прапрадзед Дантэ, браў удзел у крыжовым паходзе Конрада III (1147—1149), быў пасвечаны ім у рыцары і загінуў у баі з мусульманамі. Качагвіда быў жанаты на даме з ламбардскай сям’і Альдыг’еры ды Фантана. Імя «Альдыг’еры» трансфармавалася ў «Аліг’еры»; так быў названы адзін з сыноў Качагвіды. Сын гэтага Аліг’еры, Белінчонэ, дзед Дантэ, які быў выгнаны з Фларэнцыі падчас змагання гвельфаў і гібелінаў, вярнуўся ў родны горад у 1266 годзе, пасля паразы Манфрэда Сіцылійскага пры Беневента. Аліг’еры II, бацька Дантэ, мабыць, не прымаў удзелу ў палітычным змаганні і заставаўся ў Фларэнцыі.

Дакладная дата нараджэння Дантэ невядомая. Па сведчанні Бакача, Дантэ нарадзіўся ў маі 1265 года. Сам Дантэ паведамляў пра сябе (Камедыя, Рай, 22), што нарадзіўся пад знакам Блізнят, які пачынаецца з 21 мая. У сучасных крыніцах найчасцей прыводзяцца даты другой паловы мая 1265 года. Таксама вядома, што Дантэ быў хрышчаны 25 сакавіка 1266 года (у першую жарсную суботу пасля свайго нараджэння) пад імем Дурантэ.

Першым настаўнікам Дантэ быў вядомы ў той час паэт і навуковец Брунэта Лаціні. Месца, дзе вучыўся Дантэ, невядомае, але ён атрымаў шырокія пазнанні ў антычнай і сярэднявечнай літаратуры, у прыродазнаўчых навуках і быў знаёмы з ерэтычнымі навукамі таго часу.

З досыць вялікай ступенню верагоднасці мяркуецца, што ў 1286—1287 гадах Дантэ жыў некалькі месяцаў у Балонні паблізу ад захаваных дагэтуль веж Гарызенда і Азінэлі. Без якіх-небудзь дакументальных пацверджанняў даследчыкі дапушчаюць, што найболей імавернай прычынай яго знаходжання ў гэтым горадзе магло быць навучанне ў знакамітым універсітэце.

Блізкім сябрам Дантэ быў паэт Гвіда Кавальканці. Яму Дантэ прысвяціў мноства вершаў і фрагментаў паэмы «Новае жыццё».

Першае актавае згадванне пра Дантэ Аліг’еры як грамадскага дзеяча адносіцца да 1296 і 1297 гадоў, ужо ў 1300 ці 1301 годзе ён быў абраны прыёрам.

У 1302 годзе быў выгнаны разам са сваёй партыяй белых гвельфаўMalcolm Moore «Dante’s infernal crimes forgiven», Daily Telegraph, June 17, 2008. Retrieved on June 18, 2008. і ніколі больш не ўбачыў Фларэнцыі, памёршы ў выгнанні.

Гады выгнання

Гады выгнання былі для Дантэ гадамі вандроўніцтва. Ужо ў тую пару ён быў лірычным паэтам сярод тасканскіх паэтаў «новага стылю» — Чына з Пістоі, Гвіда Кавальканці і інш. Яго «La Vita Nuova (Новае жыццё)» ужо было напісанае; выгнанне зрабіла яго больш сур’ёзным і строгім. Ён распачынае свой «Баль» («Convivio»), алегарычна-схаластычны каментар да чатырнаццаці канцон. Але «Convivio» так і не скончаны: напісаныя былі толькі ўводзіны і тлумачэнне да трох канцон. Не скончаны, абрываючыся на 14-й частцы другой кнігі, і лацінскі трактат пра народную мову, ці красамоўства («De vulgari eloquentia»).

У гады выгнання стварыліся паступова і ў тых жа ўмовах працы тры канцікі Боскай Камедыі. Час напісання кожнай з іх можа быць вызначаны толькі прыблізна. Рай дапісваўся ў Равене, і няма нічога неверагоднага ў аповедзе Бакача, што пасля смерці Дантэ Аліг’еры яго сыны доўгі час не маглі дашукацца трынаццаці апошніх песень, пакуль, згодна з легендай, Дантэ не прысніўся свайму сыну Якопа і не падказаў, дзе яны ляжаць.

Пра лёс Дантэ Аліг’еры вельмі мала фактычных звестак, след яго на працягу гадоў губляецца. На першую пару ён знайшоў прытулак ва ўладара Вяроны Барталамэа дэла Скала; параза ў 1304 г. яго партыі, якая спрабавала сілай дамагчыся асталявання ў Фларэнцыі, асудзіла яго на доўгае тулянне па Італіі. Пазней ён прыбыў у Балонню, у Луніджане і Казенціна, у 1308—1309 гг. апынуўся ў Парыжы, дзе выступаў з поспехам на публічных дыспутах, звычайных для ўніверсітэтаў таго часу. Менавіта ў Парыжы Дантэ заспела вестка, што імператар Генрых VII збіраецца ў Італію. Ідэальныя мроі яго «Манархіі» ўскрэслі ў ім з новай сілай; ён вярнуўся ў Італію (напэўна, у 1310 або на пачатку 1311 года), чакаючы ў ёй абнаўлення, а для сябе — вяртання грамадзянскіх правоў. Яго «зварот да народаў і кіраўнікоў Італіі» поўны гэтых надзеяў і захопленай упэўненасці, аднак імператар-ідэаліст раптам сканаў (1313), а 6 лістапада 1315 г. Раньеры дзі Закарыя з Арв’ета, намеснік караля Роберта ў Фларэнцыі, пацвердзіў дэкрэт выгнання ў дачыненні да Дантэ Аліг’еры, яго сыноў і шмат каго іншага, асудзіўшы іх на пакаранне смерцю ў выпадку, калі яны патрапяць ў рукі фларэнтыйцаў.

У 1316—1317 гадах пасяліўся ў Равене, куды яго выклікаў на адпачынак сіньёр горада, Гвіда ды Палента. Тут, у атачэнні дзяцей, сярод сяброў і прыхільнікаў, ствараліся песні Раю.

Смерць Улетку 1321 года Дантэ ў якасці пасла кіраўніка Равены адправіўся ў Венецыю дзеля складання мірнай дамовы з рэспублікай Святога Марка. На зваротным шляху Дантэ захварэў малярыяй і памёр у Равене ў ноч з 13 на 14 верасня 1321 года.

Дантэ быў пахаваны ў Равене; пышны маўзалей, які рыхтаваў яму Гвіда ды Палента, не быў узведзены. Сучасная магільня (таксама званая «маўзалеем») пабудавана ў 1780 г. Усім знаёмы партрэт Дантэ Аліг’еры пазбыты прывычнага падабенства: Бакача малюе яго барадатага заміж легендарнага вобразу гладка паголенага, аднак увогуле яго выява адпавядае нашаму традыцыйнаму ўяўленню: даўгаваты твар з арліным носам, вялікімі вачыма, шырокімі скуламі і адтапыранай ніжняй губой; вечна сумны і засяроджана-задуменны.

Кароткая храналогія жыцця і творчасці 1265 — нараджэнне Дантэ. 1274 — першая сустрэча з Беатрычэ. 1283 — другая сустрэча з Беатрычэ. 1290 — смерць Беатрычэ. 1292 — стварэнне аповесці «Новае жыццё» («La Vita Nuova»). 1296/97 — першае згадванне пра Дантэ як пра грамадскага дзеяча. 1298 — жаніцьба Дантэ на Джэме Данату. 1300/01 — прыёр Фларэнцыі. 1302 — выгнаны з Фларэнцыі. 1304—1307 — «Баль». 1304—1306 — трактат «Пра народнае красамоўства». 1306—1321 — стварэнне «Боскай камедыі». 1308/09 — Парыж. 1310/11 — вяртанне ў Італію. 1315 — пацверджанне выгнання Дантэ і яго сыноў з Фларэнцыі. 1316—1317 — пасяліўся ў Равене. 1321 — як пасол Равены адпраўляецца ў Венецыю. У ноч з 13 верасня на 14 верасня 1321 — памірае па дарозе ў Равену.

Асабістае жыццё У паэме «Новае жыццё» Дантэ апеў сваё першае юнацкае каханне — Беатрычэ Партынары, якая памерла ў 1290 годзе ў 24-гадовым узросце. Дантэ і Беатрычэ сталі знакам кахання, як Петрарка і Лаура, Трыстан і Ізольда, Рамэа і Джульета.

У 1274 годзе дзевяцігадовы Дантэ залюбаваўся на майскім свяце дзяўчынкай васьмі гадоў, дачкой суседа, Беатрычэ Партынары — гэта яго першы біяграфічны ўспамін. Ён і раней бачыў яе, але ўражанне ад гэтай сустрэчы абнавілася ў ім, калі праз дзевяць гадоў (у 1283 годзе) ён убачыў яе зноў ужо замужняй жанчынай і гэтым разам захапіўся ёю. Беатрычэ робіцца на ўсё жыццё «ўладаркай яго памкненняў», прыўкрасным сімвалам таго духоўна ўзвышанага пачуцця, якое ён працягваў пялегаваць у яе вобразе, калі Беатрычэ ўжо памерла (у 1290 годзе), а сам ён уступіў у адзін з тых дзелавых шлюбаў, па палітычным разліку, якія ў той час былі прынятыя.

Сям’я Дантэ Аліг’еры трымала бок фларэнтыйскай партыі Чэркі (), якая варагавала з партыяй Данаці (). Аднак, Дантэ Аліг’еры ажаніўся з Джэмай Данаці, дачкой Манета Данаці. Дакладная дата яго жаніцьбы невядомая, адно маецца інфармацыя, што ў 1301 годзе ў яго ўжо было трое дзяцей (Pietro, Jacopo and Antonia). Калі Дантэ Аліг’еры быў выгнаны з Фларэнцыі, Джэма засталася ў горадзе з дзецьмі, захоўваючы рэшткі бацькаўскага набытку.

Надалей, калі Дантэ Аліг’еры складаў сваю «Камедыю» ва ўслаўленне Беатрычэ, Джэма ў ёй не была згаданая ніводным словам. У апошнія гады ён жыў у Равене; вакол яго сабраліся яго сыны, Якопа і П’етра, паэты, будучыя яго каментатары, і дачка Антонія; толькі Джэма жыла ўдалечыні ад усёй сям’і. Джавані Бакача, адзін з першых біёграфаў Дантэ Аліг’еры, абагульніў усё гэта: быццам Дантэ Аліг’еры ажаніўся па прымусу і дамаўленням, таму ў доўгія гады выгнання аніразу не падумаў выклікаць да сябе жонку. Беатрычэ вызначыла тон яго пачуцця, досвед выгнання — яго грамадскія і палітычныя пагляды і іх архаізм.

Творчасць Быў членам паэтычнага руху Dolce stil novo. У сваіх ранніх вершах Дантэ апяваў Беатрычэ Партынары (1267—1290), каханне да якой пранёс праз усё жыццё. Гэтыя вершы і далучаная да іх проза на італьянскай мове склалі першы буйны твор — «Новае жыццё» (1291-93, выд. 1576), у якім распрацаваў правілы «новага вытанчанага стылю» (ускладненыя маральна-філасофскія ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць мастацкай формы). Пазней яго творчасць развівалася ў двух кірунках: на лацінскай мове ствараў трактаты па пытаннях італьянскай мовы («Пра народнае красамоўства», 1303-04), аб дзяржаўнай уладзе («Пра манархію», 1312-13), на італьянскай мове — трактат, прысвечаны філасофскім, маральным і літаратурным пытанням («Баль», 1304-07) і вершы (т.зв. «рыфмы»). У 1311-13 напісаў 13 «Пасланняў» на лацінскай мове, эклогі, а таксама трактат «Спрэчка аб вадзе і зямлі» (1320).

Вяршыня творчасці Дантэ — «Боская камедыя» (1306—1321?). Гэты манументальны твор позняга сярэднявечча ўяўляе сабой энцыклапедыю філасофіі, касмагоніі, гісторыі, рэлігіі, маралі, палітычных поглядаў еўрапейскага чалавека напярэдадні Адраджэння.

Творчасць Дантэ зрабіла вялікі ўплыў на развіццё літаратуры. Яго творы перакладзеныя на многія мовы свету. На беларускую мову іх перакладалі Я. Семяжон, А. Мінкін, Л. Баршчэўскі, У. Скарынкін.

«Новае жыццё»