Інгулец (, таксама вядомая як Малы Інгул) — рака на поўдні Украіны, правы прыток Дняпра.
Даўжыня — 549 км, плошча басейна каля 14 тыс. км². Бярэ пачатак на Прыдняпроўскім узвышшы з забалочанай балкі паблізу сяла Тапыла Днепрапятроўскай вобласці. Даліна ў верхнім цячэнні трапецыепадобная, на асобных участках утварае неглыбокія каньёны; яе шырыня да 1 км. У нізоўях цячэ па Прычарнаморскай нізіне, даліна тут тэрасаваная, шырынёй да 5 км. У пойме (шырыня да 1,5 км) ёсць забалочаныя старыцы, месцамі саланчакі. Рэчышча ў верхнім цячэнні спрамленае, у ніжнім — моцна звілістае, у вусці знаходзіцца Інгулецкі ліман. Шырыня рэчышча каля Крывога Рога 25-30 м. Нахіл ракі ад 1,2 м/км у вярхоўях да 0,37 м у ніжнім цячэнні. Хуткасць плыні ракі на плесах нязначная, на перакатах 0,2—0,5 м/с. Ніжэй за в. Тарасаўка Інгулец утварае ліман шырынёй да 1 км і ўпадае ў Дняпро некалькімі рукавамі, за 40 км ад Херсона.
Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады 9 м³/с.
Судаходная на працягу 109 км. Выкарыстоўваецца для вадазабеспячэння горада Крывы Рог, арашэння. На рацэ створаны вадасховішчы, дзейнічае Інгулецкі канал.
Літаратура Булава Л. М. Інгуле́ць // Географічна енциклопедія України: В 3-х т. / Ред-кол.: О. М. Маринич (відповід. ред.) та інш. — Київ: Українська радянська енціклопедія ім. М. П. Бажана, 1990. — Том 2: З—О. — С. 77. — 480 с.: іл.— (В опр.) — ISBN 5-88500-015-8, ISBN 5-88500-012-8 (т. 2).
Катэгорыя:Прытокі Дняпра Катэгорыя:Рэкі Днепрапятроўскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Мікалаеўскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Херсонскай вобласці