Клі́мавіцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Клімавічы. Клімавіцкі раён размешчаны на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, на адлегласці 140 км ад абласнога цэнтра. Мяжуе з Крычаўскім, Чэрыкаўскім, Краснапольскім, Касцюковіцкім, Хоцімскім раёнамі Магілёўскай вобласці і Ершыцкім, Шумяцкім раёнамі Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Геаграфія Плошча 1600 км². Тэрыторыю раёна займае Аршанска-Магілёўская раўніна. Рэльеф хвалісты. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора 195—210 метраў. Найвышэйшы пункт раёна (211,7 м) знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад вёскі Галічы.

Карысныя выкапні: 7 радовішчаў мелу, радовішча торфу, 2 радовішчы цагляных глін і суглінкаў і 3 радовішчы будаўнічых пяскоў. Пераважаюць глебы: суглінкі — 20 %; супясчаныя — 63 % і пясчаныя — 17 %.

Клімат — умерана-кантынентальны, сярэдняя тэмпература студзеня — −2,2° С, ліпеня — 18,5° С. Сярэдняя норма ападкаў 565,6 мм у год, пры норме 635 мм у год.

Асноўныя рэкі — Сож з прытокамі Іпуць (са Стругам), Лабжанка і Асцёр (з Сасноўкай); а таксама Жадунька (з Крупняй), Мужычок і Сураў — правыя прытокі ракі Беседзь. На Іпуці збудаванае Малаславіцкае вадасховішча. У раёне маюцца лясныя ўрочышчы Багонск і Бліунг. На тэрыторыі раёна знаходзіцца заказнік мясцовага значэння «Даліна ракі Асцёр».

Гісторыя У 1772—1796 і ў 1802—1923 гадах існаваў як Клімавіцкі павет у Магілёўскай і Гомельскай губернях. Як раён створаны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі (1923—1924), якая ўключала ў сябе 10 адміністрацыйных раёнаў. У снежні 1923 года аб’яднаны з Чэрыкаўскім паветам у Калінінскім павеце.

У 1786 годзе расійскі генерал-маёр А. К. Мэер падрыхтаваў «Апісанне Крычаўскага графства, або былога староства», дзе апісаў прыроду, побыт і культуру жыхароў сучасных Крычаўскага, Клімавіцкага, Хоцімскага, Касцюковіцкага і Краснапольскага раёнаў Беларусі. Рукапіс захоўваецца ў Казанскім універсітэце. Апублікаваны са скарачэннямі Е. Р. Раманавым у «Магілёўскай даўніне», 1901, вып. 2.

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі БССР. Цэнтр — горад Клімавічы. 20 жніўня 1924 года раён падзелены на 15 сельсаветаў: Асмолавіцкі, Аўтухоўскі, Гразівецкі, Гусаркаўскі (Гусарскі), Дамамерыцкі, Івандарскі, Клімавіцкі, Красавіцкі, Лазовіцкі, Малашкавіцкі, Родненскі (Раднянскі), Студзянецкі, Студзілаўскі (Судзілаўскі), Хатовіжскі, Ціманаўскі. 21 жніўня 1925 года Івандарскі сельсавет перайменаваны ў Дубровіцкі. 24 верасня 1926 года Клімавіцкі сельсавет скасаваны. З 9 чэрвеня 1927 года раён у складзе Магілёўскай акругі. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны 8 сельсаветаў скасаванага Мілаславіцкага раёна: Галіцкамызскі нацыянальны латышскі, Галіцкі, Звянчаткаўскі (Звянчацкі), Кісялёвабудскі (Кісялёвабудзянскі), Макеевіцкі, Мілаславіцкі, Пуцімельскі і Склімінскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 27 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Арлоўскі і Забялышынскі сельсаветы скасаванага Хоцімскага раёна, якія 12 лютага 1935 года былі вернуты ў склад адноўленага Хоцімскага раёна. 5 ліпеня 1938 года скасаваны Галіцкамызскі нацыянальны латышскі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Аўтухоўскі, Малашкавіцкі, Пуцімельскі, Склімінскі сельсаветы, Гразівецкі сельсавет перайменаваны ў Лапатавіцкі. 11 красавіка 1960 года скасаваны Асмолавіцкі, Дубровіцкі, Звянчаткаўскі, Красавіцкі, Лапатавіцкі, Макеевіцкі, Студзянецкі, Судзілаўскі (Студзілаўскі), Хатовіжскі сельсаветы, утвораны Лабжанскі і Яноўскі сельсаветы. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны Забялышынскі і Трасцінскі сельсаветы скасаванага Хоцімскага раёна, 25 снежня 1962 года — Краснабудскі сельсавет скасаванага Крычаўскага раёна. 5 красавіка 1963 года скасаваны Трасцінскі сельсавет. 6 студзеня 1965 года адноўленаму Крычаўскаму раёну перададзены Краснабудскі сельсавет. 27 студзеня 1965 года Клімавічы атрымалі статус горада раённага падпарадкавання. 4 чэрвеня 1965 года ўтвораны Савініцкі сельсавет, Яноўскі сельсавет перайменаваны ў Высакоўскі. 25 чэрвеня 1992 года скасаваны Савініцкі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Клімавіцкі раён і горад Клімавічы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 2 чэрвеня 2023 года скасаваны Галіцкі сельсаветРешение Могилевского областного Совета депутатов от 2 июня 2023 г. № 47-12 Об изменении административно-территориального устройства Климовичского района Могилевской области.

Насельніцтва Насельніцтва раёна складае 27,8 тыс. чалавек, у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць каля 14,5 тыс. Усяго акрамя Клімавічаў налічваецца 161 сельскі населены пункт, 10 сельсаветаў.

На 1 студзеня 2025 года ў раёне жыло 21 605 чал., у тым ліку ў Клімавічах — 14 868Национальный статистический комитет Республики Беларусь. Численность населения на 1 января 2025 г. и среднегодовая численность населения за 2024 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (3 cакавіка 2025)..

Транспарт Праз раён праходзяць чыгункі Орша — Унеча і Магілёў — Рослаўль; аўтамабільныя дарогі на Касцюковічы, Крычаў і Хоцімск. Тут жа праходзіць нафтаправод Унеча — Полацк (галіна нафтаправода «Дружба»).

Культура Пачынаючы з 1996 года ў горадзе штогод праходзіць фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». З 2001 года ён мае статус міжнароднага.

Славутасці

Археалагічныя помнікі — курганныя могільнікі ў в. Іванаўск, Стары Дзедзін, Хатовіж.

Помнікі гісторыі — брацкія магілы ў пас. Вялікі Мох, в. Дамамерычы, Ерашоўка, Круглае, Мілаславічы, Склімін.

Помнікі архітэктуры — Свята-Міхайлаўская царква і сядзібны дом у Клімавічах, Свята-Успенская царква ў в. Дубравіца, Свята-Ільінская царква з в. Куляшоўка, Свята-Пакроўская царква ў в. Лазовіца, Свята-Ушэсцеўская царква ў аг. Мілаславічы.

Вядомыя ўраджэнцы Павел Самуілавіч Аўраменка, беларускі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі Леанід Георгіевіч Бутэлін, лётчык-знішчальнік Яфрэм Пятровіч Васілевіч, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны Клім Лазаравіч Грыневіч, беларускі паэт Валерый Мікалаевіч Іваноў, беларускі дзяржаўны дзеяч Таццяна Пятроўна Казакова (нар. 1958), беларускі філолаг, гісторык літаратуры Апанас Васілевіч Кляцко, поўны кавалер ордэна Славы Леанід Паўлавіч Ліпінскі, беларускі гісторык Мікола Салаўцоў, беларускі паэт Міхаіл Антонавіч Старавойтаў (1923—1944), Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў вёсцы Якімавічы.

Крыніцы

Літаратура

Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987. Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012.

Спасылкі Сайт раённай адміністрацыі Інфармацыя на партале Магілёўскай вобласці Карты і агульныя звесткі на emaps-online Славутасці на партале globustut.by

Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1924 годзе