Ігнацы Кулакоўкі, у расійскай традыцыі Ігна́т Рыго́равіч Кулако́ўскі () — польскі паэт, перакладчык, дзяржаўны дзеяч, педагог.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1800 годзе ў шляхецкай сям’і Рыгора Кулакоўскага і Антаніны з Янішэўскіх. Скончыў Свіслацкую гімназію, у 1816 паступіў на факультэт права і адміністрацыі Варшаўскага ўніверсітэта, аднак не скончыў навучання.
У 1821 — 2-й палове 1830-х гадоў — суддзя Пружанскага межавога суда, у 1827—1830 — засядацель Гродзенскага галоўнага суда, з 1830 — крымінальнай палаты ў Гродне.
У 1829—1837 — наглядальнік вучылішч Гродзенскага павета, з 1830 — апякун Гродзенскай публічнай бібліятэкі. У 1837—1840 — наглядальнік вучылішч Драгічынскага павета, з 1840 — апякун, а з 1844 дырэктар Беластоцкай гімназіі.
З 1841 года сябра Савета Інстытута шляхетных дзяўчат у Беластоку.
Пазней жыў у маёнтку Крыштапарова Сакольскага павета.
Член-карэспандэнт Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, Віленскай археалагічнай камісіі, Лонданскага геаграфічнага таварыства, Таварыства даследнікаў старажытнасцей у Капенгагене і іншых.
Ведаў лацінскую мову, санскрыт, французскую, італьянскую, іспанскую, рускую, чэшскую, нямецкую і шведскую мовы.
Памёр у 1870 годзе.
Творчасць Літаратурную дзейнасць пачаў у 1818 годзе сурэдактарам часопіса «Miesięcznik Warszawski». Друкаваўся ў варшаўскіх, віленскіх і пецярбурскіх польскамоўных часопісах.
Увайшоў у гісторыю найперш дзякуючы сваёй вялікай «Запісцы…» (1834) у Міністэрства народнай асветы, у якой патрабаваў увядзення выкладання «гісторыі краю, славянскай мовы і літаратуры», вывучэння «народных гаворак» у школах краю і стварэння адмысловых падручнікаў для беларускага юнацтва. На думку Кулакоўскага, гэтыя падручнікі павінны знаёміць вучняў з уласнай гісторыяй беларусаў.
Займаўся перакладамі, збіраннем гістарычных матэрыялаў. Склаў «Кароткае гістарычнае апісанне г. Гродна» (1833—1837), «Статыстычнае апісанне гарадоў Гродзенскай губерні» (1837), апублікаваў у выдаваным Юзафам Крашэўскім часопісе «Athenaeum» артыкул «Аўтографы да гісторыі Польшчы і Расіі з сямейнай калекцыі Ігната Кулакоўскага» (1841). Гісторык Алег Латышонак прыпісваў Кулакоўскаму таксама аўтарства кнігі «Рассказы на белорусском наречии», аднак пазней адмовіўся ад гэтай гіпотэзы пад уплывам аргументаў лінгвістычнага характару.
У дзяцінстве пазнаёміўся з Францішкам Карпінскім, якому пазней прысвяціў верш «З табой я правёў рокі дзяцінства».
Збіраў прадметы нацыянальнай даўніны, частку збораў перадаў Віленскаму музею старажытнасцей.
Па смерці яго рукапісная спадчына страчаная.
Сям’я У 1829 годзе ажаніўся з Юзэфай Стабельскай.
Яго праўнучка — Зоська Верас (сапраўднае імя Людвіка Сівіцкая).
Бібліяграфія «Zabawki wierszem» (Забаўкі вершам; Вільня, 1824; Гродна, 1827—1828) «Miłostki Franusi» (Каханні Франусі; Варшава, 1825) «Wspomnienia Piotrogrodu» (Успаміны Петраграду; Санкт-Пецярбург, 1836)
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Польскамоўныя паэты Катэгорыя:Палітыкі мясцовага кіравання Расійскай імперыі