Арганізацыя дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый, таксама ЮНРРА (UNRRA — ) — міжнародная арганізацыя, створаная дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі (44 дзяржавы) 9 лістапада 1943 года ў Вашынгтоне дзеля дапамогі краінам, пацярпелым у вайне.
Арганізацыя займалася дапамогай краінам, што пацярпелі ў Другую сусветную вайну, у аднаўленні эканомікі. Атрымлівала яе дапамогу і насельніцтва Беларусі.
Назва Поўная беларуская назва — Арганізацыя дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый, англійская — United Nations Relief and Rehabilitation Administration; англамоўнае скарачэнне — UNRRA. У беларускай практыцы назвы міжнародных арганізацый, як правіла, перакладаюцца на беларускую мову; паралельна ўжываюцца скарачэнні: ААН утвараецца паводле беларускіх ініцыялаў, а назвы вытворных структур перадаюцца паводле практычнай транскрыпцыі англамоўных абрэвіятур (напрыклад, ЮНЕСКА, ЮНІСЕФ).
Скарочанай беларускай назвай ад Арганізацыя дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый з’яўляецца, такім чынам, ЮНРРА (ад англ. UNRRA). Ян Максімюк у кнізе «Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне. 1945-1950» ужывае варыянт «УНРРА», аўтар звязвае гэта з узусам беларускага эмігранцкага друку; аднак у агульнабеларускай практыцы кампанент UN- у назвах арганізацый перадаецца як «ЮН-», таму ў гэтым артыкуле паслядоўна ўжываецца форма «ЮНРРА».
Гісторыя Стварэнне і фінансаванне Стварэнне ЮНРРА было звязанае з патрэбай падтрымкі краін, эканоміка якіх пацярпела ад вайны; дапамога мела форму паставак тавараў (харчаванне, прамысловыя і сельскагаспадарчыя вырабы), а не раздачы валюты. Агульны аб’ём дапамогі ацэньваўся ў 4 млрд долараў ЗША, прычым асноўны фінансавы ўклад прыпадаў на ЗША (72%) і Вялікабрытанію (13%).
Склад і ўдзельнікі Спачатку ў ЮНРРА ўваходзіла 44 краіны: Аўстралійскі саюз, Бельгія, Балівія, Бразілія, Вялікабрытанія, Венесуэла, Гаіці, Гватэмала, Гандурас, Грэцыя, Дамініканская рэспубліка, Егіпет, Індыя, Іран, Ірак, Ісландыя, Канада, Кітай, Калумбія, Коста-Рыка, Куба, Ліберыя, Люксембург, Мексіка, Нідэрланды, Нікарагуа, Новая Зеландыя, Нарвегія, Панама, Парагвай, Паўднёва-Афрыканская рэспубліка, Перу, Польшча, Сальвадор, СССР, ЗША, Уругвай, Філіпіны, Францыя, Чэхаславакія, Чылі, Эквадор, Эфіопія, Югаславія.
У 1945 годзе да ЮНРРА прынялі БССР, УССР і Данію, а ў сакавіку 1946 і Турцыю.
Дзейнасць Дапамога краінам, пацярпелым у вайне БССР як член ЮНРРА атрымала дапамогу, эквівалентную 29 млн долараў ЗША ў прадуктах харчавання і 7 млн долараў ЗША ў вопратцы і абутку. Пытанне прававога афармлення супрацоўніцтва паміж урадам БССР і ЮНРРА разглядаецца, у прыватнасці, ў артыкуле У. Снапкоўскага пра пагадненне ад 18 снежня 1945 года.
Праца з перамешчанымі асобамі ў Еўропе Фонд ЮНРРА, прызначаны непасрэдна для дапамогі асобам, перамешчаным у выніку вайны, складаў каля 1,5% агульнага бюджэту; гэта тлумачылася разлікам на хуткую рэпатрыяцыю і «часовы» характар знаходжання іншаземцаў у пасляваеннай Германіі. У дзейнасці адносна перамешчаных асоб ЮНРРА арыентавалася на супрацоўніцтва з саюзнымі ўладамі і СССР у мэтах як мага больш хуткай рэпатрыяцыі.
Пачатковы этап арганізаванага вяртання людзей дадому (вясна—лета 1945 года) знаходзіўся пад кіраўніцтвам альянцкага камандавання (SHAEF), а ЮНРРА ўзяла на сябе рэгістрацыю перамешчаных асоб і стварэнне сеткі лагераў пад сваім наглядам восенню 1945 года, калі функцыі SHAEF перайшлі да вайсковых уладаў у акупацыйных зонах. Рэгістрацыю планавалі завяршыць да 22 снежня 1945 года; пасля гэтай даты незарэгістраваныя асобы не маглі атрымаць статус перамешчанай асобы і адпаведныя дакументы (рэгістрацыйныя пасведчанні).
Пагадненне ЮНРРА з SHAEF ад 25 лістапада 1944 года (пазней падоўжанае пагадненнямі з вайсковымі ўладамі трох заходніх акупацыйных зон) замацоўвала размеркаванне адказнасці: вайсковая адміністрацыя забяспечвала базавыя патрэбы (харчаванне, вопратку, жыллё), транспарт для рэпатрыяцыі і ахову парадку, а ЮНРРА — унутраную арганізацыю жыцця лагераў, забеспячэнне перамешчаных асоб таварамі «павышанага запатрабавання» (у т. л. мыла, тытунь, дзіцячыя прысмакі) і асяветна-культурнымі матэрыяламі, а таксама супрацоўніцтва з уладамі ў пытаннях рэпатрыяцыі. ЮНРРА не дзейнічала ў савецкай акупацыйнай зоне Германіі, бо СССР не пагадзіўся на яе працу ў гэтай зоне.
Адукацыйныя і культурныя ініцыятывы ў лагерах У лагерах перамешчаных асоб ЮНРРА падтрымлівала школьную адукацыю: спрыяла камплектаванню педагагічных кадраў (пераразмяркоўваючы настаўнікаў паміж лагерамі) і забяспечвала школы неабходнымі матэрыяламі (сшыткі, парты, дошкі і інш.). Акупацыйныя ўлады выдзялялі 10% месцаў у нямецкіх вышэйшых навучальных установах для перамешчаных асоб, а ЮНРРА спрыяла студэнтам з лагераў у выкарыстанні гэтай магчымасці.
Спроба перамешчаных асоб арганізаваць універсітэт у Мюнхене (восень 1945 года) завяршылася яго закрыццём у 1947 годзе; гэта звязвалася з ціскам камуністычных дзяржаў, якія ўваходзілі ў ЮНРРА і разглядалі існаванне такіх устаноў як фактар, што ўскладняе рэпатрыяцыю.
Завяршэнне мандата ў Еўропе ЮНРРА спыніла працу ў Еўропе 30 чэрвеня 1947 года. На гэты дзень у лагерах перамешчаных асоб у Германіі заставалася звыш 550 тысяч чалавек.
Спыненне дзейнасці і пераемнікі У Кітаі ЮНРРА працавала да 31 сакавіка 1949 года, а яе функцыі па апецы над уцекачамі ўзяла Міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў ().
Гл. таксама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый Перамешчаная асоба Лагеры для перамешчаных асоб пасля Другой сусветнай вайны Беларускія лагеры для перамешчаных асоб
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Наступствы Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Органы ААН Катэгорыя:З’явіліся ў 1943 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1949 годзе Катэгорыя:Лагеры для перамешчаных асоб