Касцёл Маці Божай Фацімскай  — мураваны каталіцкі храм у горадзе Жодзіна Мінскай вобласці.

Гісторыя 25 сакавіка 1992 года адбыўся першы сход католікаў горада. 6 траўня 1992 года адбылася першая Святая Імша ў памяшканні дома культуры ГРЭС, якую правёў а. Юзаф Пятушка, пробашч Барысаўскай парафіі.

20 мая 1992 года ў Жодзінскім гарадскім выканкаме зарэгістравана Рымска-каталіцкая парафія імя Маці Божай Фацімскай. 4 чэрвеня 1993 года было прынята рашэнне гарадскога выканкама аб адводзе зямельнага ўчастка пад будаўніцтва касцёла. 15 мая 1994 года быў узвядзены драўляны крыж на касцёльнай тэрыторыi.

7 кастрычніка 1996 года было асвячэнна месца будаўніцтва касцёла пробашчам парафіі а. Маркам. 11 лістапада 1996 года быў закладзены першы камень падмурка касцёла.

Май — чэрвень 1997 года было скончана будаўніцтва фундамента. Ліпень — верасень 1997 года — узведзены сцены касцёла.

У 2021 годзе па ініцыятве мясцовай парафіі была ўсталявана фігура Божай Маці на ўездзе ў горад з боку Мінска.

Архітэктура Пабудаваны паводле праекта архітэктара Інэссы Кныш з «Барысаўпраекта».

Вырашаны квадратным у плане аб’ёмам, узнятым на высокі цокаль і накрытым стромкім вальмавым дахам з металачарапіцы, у які над фасадам урэзана чатырохгранная шатровая званіца. Фасад па цэнтры крапаваны трымя зашклёнымі прасламі з зубчастымі завяршэннямі. Такой жа формай вырашаны ўваходны партал-ніша, да якога вядзе лесвічны каскад. Аналагічна трактаваны плоскасныя бакавыя фасады. Трохгранны прэсбітэрый утвораны скошанымі ў плане сакрысціямі. Аднолькавае архітэктурнае і кампазіцыйнае вырашэнне атрымала далучаная да апсіды двухпавярховая плябанія, вальмавы дах над якой завершаны чатырохгранным шатром.

Пробашчы

Юзаф Пятушка (1992—1993) Яраслаў Хыбза (1993—1994) Марк Жук (1995—2007) Вячаслаў Пялінак (1 снежня 2007 года — 30 студзеня 2009 года) Андрэй Сідаровіч (30 студзеня 2009 года — 1 верасня 2011 года) Міхаіл Цвячкоўскі (з 1 верасня 2011 года)

Вікарыі Аляксандр Жарнасек (2005 па 2007 год) Андрэй Сідаровіч (20 лютага 2008 года — 30 студзеня 2009 года) Павел Падмышанін (з 28 сакавіка 2010 года) Канстанцін Анашка (з 1 кастрычніка 2013 года)

Галерэя

Спасылкі Гісторыя парафіі — https://www.catholic-zhodzina.by/

Катэгорыя:Касцёлы Мінскай вобласці Катэгорыя:Храмы Жодзіна Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Катэгорыя:2003 год у Беларусі