Сен-П’ер і Мікелон () — заморская супольнасць Францыі, размешчана на невялікіх астравах у Атлантычным акіяне, у 20 км на поўдзень ад канадскага вострава Ньюфаўндленд у праліве Кабота. Адзіная тэрыторыя, якая засталася ў Францыі ад былой калоніі Новая Францыя. Плошча астравоў — 242 км². Насельніцтва — каля 7 тысяч чалавек. Найбуйнейшы востраў — Мікелон (216 км²), а асноўная частка насельніцтва (каля 90 %) жыве на другім па велічыні востраве — Сен-П’ер (26 км²), прычым амаль усе — у аднайменным горадзе, адміністрацыйным і гаспадарчым цэнтры тэрыторыі.

Геаграфія Астравы Сен-П’ер і Мікелон складзеныя старажытнымі пародамі, акрамя таго, ёсць адклады ледавіковага перыяду.

Берагі моцна парэзаныя, абрывістыя і цяжкадаступныя. Унутраныя раёны астравоў пагорыстыя. Найвышэйшы пункт — 240 м — на востраве Мікелон. Мноства ручаёў і дробных рэк.

Клімат астравоў прахалодны. Улетку сярэднія тэмпературы дасягаюць толькі 13-14 °C. Зіма з прычыны ўплыву акіяна даволі лагодная (сярэдняя тэмпература самага халоднага месяца, лютага, —2,7 °C), але снежная. За год выпадае звыш 1400 мм ападкаў. Воблачнае надвор’е з ападкамі і моцным ветрам характэрнае для большай часткі года. Прыкладна 120 дзён у годзе трымаецца туман.

Асаблівасці рэльефу (шматлікія выхады на паверхню крышталічных парод, абрывістыя схілы пагоркаў, багацце валуноў, значныя плошчы дзюнаў і балот) і клімату абцяжарваюць рост дрэў.

Лясы растуць у далінах, на спадзістых схілах пагоркаў, а таксама на абароненых ад ветру ўчастках. Яны складаюцца ў асноўным з елкі, пры гэтым на наветраных схілах пагоркаў распаўсюджаныя зараснікі карлікавай елі. З лісцяных парод сустракаецца толькі бяроза. Іншы тып расліннасці архіпелага — забалочаныя лугі і сфагнавыя балоты (тарфянікі). Яны вельмі падобныя да расліннасці тундры.

З часоў засялення астравоў (з XVII стагоддзя) плошча лясоў моцна скарацілася з-за нарыхтоўкі драўніны на дровы. Натуральнае лесааднаўленне ва ўмовах вельмі суровага клімату адбываецца вельмі павольна, і ў выніку цяпер востраў Сен-П’ер і паўночная частка Мікелона практычна пазбаўленыя лесу.

Гісторыя Французская экспедыцыя пад кіраўніцтвам Жака Карцье адкрыла астравы Сен-П’ер і Мікелон у 1536 г. Першае пастаяннае паселішча было заснавана ў 1604 г. французамі, выхадцамі з Нармандыі і Брэтані. Да 1713 г. астравы ўваходзілі ў склад Акадзіі — французскай калоніі ў Паўночнай Амерыцы, якая займала тэрыторыю цяперашніх атлантычных правінцый Канады. Па ўмовах Утрэхцкага міру 1713 г. французскія валоданні па берагах заліва Святога Лаўрэнція і востраў Ньюфаўндленд адышлі да Каралеўства Вялікабрытанія. З 1763 па 1778 гг. сюды бегла мноства перасяленцаў з Акадзіі, у 1778 г. астравы былі атакаваныя брытанцамі, а ўсё іх насельніцтва выслана за французскую падтрымку амерыканскай рэвалюцыі. Канчаткова астравы вярнуліся пад юрысдыкцыю Францыі толькі ў 1816 г. і з тых часоў застаюцца апошнім фрагментам некалі шырокіх паўночнаамерыканскіх уладанняў гэтай еўрапейскай дзяржавы. З 1946 г. астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі Францыі, з 19 ліпеня 1976 г. — статус заморскага дэпартамента Францыі, а з 11 чэрвеня 1985 г. — сучасны статус заморскай супольнасці Францыі.

Палітыка і дзяржаўны лад Дэпартаментам Сен-П’ер і Мікелон кіруе прэфект, які назначаецца прэзідэнтам Францыі. Орган мясцовага самакіравання — Тэрытарыяльны савет (19 членаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 6-гадовы тэрмін). Насельніцтва Сен-П’ер і Мікелона выбірае аднаго сенатара Францыі і аднаго дэпутата Нацыянальнага сходу Францыі.

Выканаўчая ўлада Глава заморскай супольнасці — прэзідэнт Францыі.

Заканадаўчая ўлада Вышэйшы заканадаўчы орган — Тэрытарыяльны Савет (да 22 лютага 2007 г. Генеральны Савет) складаецца з 14 дэпутатаў, абраных народам тэрмінам на 3 гады.

Палітычныя партыі Сен-П'ер і Мікелон 2000 (Saint Pierre et Miquelon 2000) Будучы Мікелон (Miquelon Avenir) Дарога да будучыні (Cap sur l'Avenir) Архіпелаг Заўтра (Archipel Demain) Мэты Мікелона (Objectifs Miquelonnais)

Эканоміка Аснова гаспадарчай дзейнасці — рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Лоўля рыбы, у асноўным траскі, вядзецца дробнымі суднамі ў прыбярэжных водах. Рыба і прадукты з рыбы (у тым ліку корм для жывёл) у невялікіх колькасцях ідзе на экспарт. Сельская гаспадарка не развіта з-за нізкай урадлівасці глеб, вялікай вільготнасці, недахопу сонечнага цяпла і святла. У невялікай колькасці для ўласнага спажывання вырошчваецца гародніна, таксама ў невялікіх маштабах разводзяцца куры, авечкі і свінні. Значная частка харчавання, а таксама прамысловыя тавары і паліва — імпартуюцца. Штогадовая фінансавая датацыя ад Францыі параўнальная па памерах з велічынёй ВУП і бюджэтам Сен-П’ер і Мікелона.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Дэпартаменты Францыі Катэгорыя:Краіны Паўночнай Амерыкі