Іван Гелда — дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Адзін з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП) і камандзір беларускага батальёна «Дальвіц».Кароткая біяграфія Івана Гелды
Біяграфія Калі дакладна нарадзіўся Іван Гелда невядома, бо ў дакументах фігуруе некалькі датаў: 28 ліпеня 1897, 28 ліпеня 1902 і 5 сакавіка 1906. Паходзіў з беларускай сям’і. Бацькі Антон і Ганна (Амбразейчык), паводле іншай крыніцы, Вінцэнт і Магдалена (Вакулюк). Нарадзіўся на Сакольшчыне (Беласточчына), паводле іншай крыніцы, у Варшаве.
У 1914 годзе, маючы 17 гадоў і завысіўшы свой узрост на прызыўным пункце, сышоў ваяваць на фронт Першай сусветнай вайны супраць немцаў у складзе расійскай арміі. Даслужыўся да малодшага афіцэрскага звання. Пасля прыходу да ўлады ў Расіі бальшавікоў у кастрычніку 1917 г. Гелда далучыўся да белага руху і ваяваў супраць саветаў у складзе Паўночна-заходняй арміі пад камандаваннем генерала Мікалая Юдзеніча. Удзельнічаў у баях у Эстоніі і Петраградзе. На пачатку снежня 1919 г. перавёўся ў корпус пад кіраўніцтвам Станіслава Булак-Балаховіча, калі той пачаў беларусізацыю свайго войска. У сакавіку 1920 г. удзельнічаў у бітве за Мазыр. Пасля завяршэння войн застаўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
З сярэдзіны 1920-х і па канец 1930-х гг. быў адным з кіраўнікоў падпольнага Беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Быў актыўным сябрам таемнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У студзені 1927 г. Іван Гелда быў арыштаваны польскай паліцыяй за антыпольскую прапаганду разам з яшчэ некалькімі актывістамі партыі. Аднак невядома колькі гадоў турмы Гелда атрымаў за гэта. Ёсць звесткі, што Іван Гелда быў сябрам падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
У студзені 1939 г. Іван Гелда разам з Васілём Лукашыкам прыняў удзел у з’ездзе сяброў Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў Баранавічах, на якім разам з усімі вырашаў пытанні дзейнасці партыі на выпадак вайны, а таксама абмяркоўваў падрыхтоўку да антыпольскага паўстання, якое павінна было прайсці ў верасні 1939 г. Прыняць удзел у паўстанні ён не змог, бо быў арыштаваны польскай паліцыяй адразу пасля выбуху вайны. Увосень 1939 г. перабіраецца на тэрыторыю Польшчы, акупаваную немцамі, каб уратавацца ад НКВД.
У ліпені 1941 г. Гелда вярнуўся ў Беласток і працаваў рэферэнтам мясцовага Беларускага камітэта. У лістападзе разам з Васілём Лукашыкам ўдзельнічаў у з’ездзе «грамадоўцаў» у Мінску, якіх склікаў камандзір гарадской дапаможнай паліцыі — Юльян Саковіч. На сходзе было прынята рашэнне рыхтавацца да ўзброенага выступу ў выпадку вяртання савецкай улады, а таксама пачаць супрацоўніцтва з акупацыйнай адміністрацыяй з мэтай атрымання дапамогі і прыкрыцця. На з’ездзе таксама была створана таемная Беларуская Народная Грамада. Пасля сходу Гелда вярнуўся ў Беласток.
У 1943 г. Гелда атрымаў званне капітана і быў прызначаны камандзірам Беларускага батальёна дапаможнай паліцыі, які налічваў тады 120 чалавек. У маі 1944 г. Гелда разам з яшчэ больш чым 20 байцамі Беластоцкага беларускага батальёна быў арыштаваны Гестапа па абвінавачванні ва ўдзеле ў тайнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Вызвалены з турмы пад канец чэрвеня 1944 г. Міхась Белямук успамінае, што «адзін з гестапаўцаў угледзеў Гелду і сказаў яму забіраць знаёмых хлапцоў і мужчын. Гелда не ведаў, які лёс іх чакае, але інструкцыю гестапаўца выканаў, сабраў вакол сябе даволі вялікую колькасць асоб. Пачалі заяжджаць грузавікі, у якія грузілі людзей і вывозілі. Групу, дзе быў Гелда, не пагружалі ў грузавікі, але адчынілі турэмную браму і адпусцілі на волю». Праз некалькі дзён Іван Гелда вяртаецца ў батальён, дзе яго замяняў Сяргей Матысік, і аддае загад сваім афіцэрам і жаўнерам ісці ў Белавежскую пушчу з мэтай антысавецкай партызанкі, што часткова было выканана.
Далей Гелда быў падвышаны ў званні да маёра БКА і на пачатку ліпеня 1944 г. едзе ва Усходнюю Прусію каб там стаць камандзірам дэсантнага батальёна «Дальвіц», нядаўна сабранага з беларусаў для падрыхтоўкі партызанскай барацьбы ў Беларусі супраць саветаў. Барыс Рагуля, які ў той час таксама быў у гэтым батальёне, успамінае: «Я мала ведаў маёра Гелду. Ён быў даволі высокі, здаровы, тып афіцэра – прамалінейны, праўдзівы, як што трэба сказаць. Любіў выконваць і даваць загады. Па ранзе ён быў малодшы Родзькі, але Гелда быў старэйшы векам. Гэта быў просталінейны патрыёт, афіцэр. «Загад выконваю, загад даю і ён мусіць быць выкананы»».
У 1945 г. Гелда быў уведзены ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. У лютым прыбыў у Берлін, а на пачатку красавіка прысутнічаў на з’ездзе Беларускай Незалежніцкай Партыі. На прапанову грамадоўцаў перабрацца на Захад, Іван Гелда адказаў: «Я хачу прысвяціць усё сваё жыццё збройнай барацьбе за вызваленне Беларусі». У маі батальён «Дальвіц» быў абкружаны чэшскімі партызанамі, і Гелда аддаў загад беларускім ваенным скласці зброю.
Дакладна невядома, калі і пры якіх абставінах маёр Іван Гелда трапіў у рукі чэкістаў, аднак ужо ў чэрвені 1945 г. ён дае паказанні супрацоўнікам НКВД. Паводле адной з версій, 22 мая 1946 г. савецкі суд прыгаварыў маёра Гелду да смяротнай кары. Праз некалькі дзён Гелда быў публічна павешаны на цэнтральнай плошчы Беластока. Паводле іншай версіі, ён быў перададзены НКВД і вывезены ў Гродна.
У сваю чаргу, у 2020 годзе адзін з чальцоў Беларускага гістарычнага таварыства (Беласток, Польшча) здолеў адшукаць магілу Івана Гелды ў вёсцы Вайкавіцэ-Касцельнэ, што на поўдні Польшчы, а таксама яго жонкі Вольгі Гелды, якая пахаваная ў недалёкім ад гэтай вёскі Бытаме. Гэта дазваляе сцвярджаць, што сям'я Гелдаў была амніставаная і пасля вызвалення жыла пад наглядам у Сілезскім ваяводстве Польскай Народнай Рэспублікі.
Гл. таксама Беларуская Народная Грамада Паветрана-дэсантны спецыяльны батальён «Дальвіц» Беларуская Краёвая Абарона Беларуская дапаможная паліцыя
Літаратура Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3 Беларускі нацыянальны рэзыстанс у гады Другой сусьветнай вайны, Пагоня, 1995, № 33, 1-7.09, № 34, 8-14.09, № 36, 29.09-5.10, № 37, 6-12.10. Романько О. В. Белорусские коллаборационисты. Сотрудничество с оккупантами на территории Белоруссии, 1941—1945. — : Центрполиграф, 2013. — 479 с.
Спасылкі Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Загінуў на бальшавіцкай шыбеніцы... (Іван Гелда) Беларускія афіцэры спецыяльнага дэсантнага батальёна «Дальвиц» (1944-1945)
Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускай незалежніцкай партыі Катэгорыя:Члены Беларускай Народнай Грамады (1941) Катэгорыя:Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц» Катэгорыя:Павешаныя