Нясвіжская настаўніцкая семінарыя — навучальная ўстанова для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых школ, якая дзейнічала ў Нясвіжы з 1875 па 1919 гады. Займала будынак скасаванага дамініканскага кляштара.

Гісторыя Была адкрыта па ініцыятыве царскага ўрада як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму, што гняздзіцца ў Нясвіжыі яго ваколіцах». Фінансавалася з дзяржаўнага бюджэту, таксама атрымлівала грашовую дапамогу ад мясцовай сельскай грамады, Нясвіжскай павятовай земскай управы. «Гэта была найбольш зручная школа для тых, хто не меў за што вучыцца: там не бралі платы за навуку, а лепшым вучням, якія добра вучыліся, давалі стыпендыю»Кузьма Чорны. Аўтабіяграфія.

Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Меліся фізічны, прыродазнаўчы кабінеты, хімічная лабараторыя, клас для заняткаў ручной працай, актавая зала, вучнёўская дамавая праваслаўная царква, інтэрнат для навучэнцаў. У пачатку 1900-х гадоў пры семінарыі была ўтворана метэаралагічная станцыя, у 1910 годзе — музей наглядных навучных дапаможнікаў і прыстасаванняў. Станам на 1914 год фундаментальная бібліятэка семінарыі мела 1850 найменняў кніг (3630 тамоў), вучнеўская бібліятэка адпаведна 980 і 1710. Пры семінарыі дзейнічала ўзорная пачатковая школа (вучылішча).

У час Першай сусветнай вайны, семінарыя была эвакуіравана ў Вязьму, дзе працавала з 1915 па 1917 гады. У гэты час на вучобу прымаліся пераважна бежанцы — беларусы. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі пачалі прымаць асоб неправаслаўнага веравызнання і жаночага полу. Летам 1917 года на запыт Нясвіжскага гарадскога самакіравання семінарыя вернута ў Нясвіж. Педагагічная рада семінарыі распрацавала праграмы і курсы датычныя беларускай гісторыі і мовы. Курс лекцый па гісторыі Беларусі чытаў С. А. Кулагін, геаграфію Беларусі чытаў С. А. Гурыновіч. В. Гадлеўскі выкладаў беларускую мову, а таксама для навучэнцаў-каталікоў выкладаў па-беларуску асновы рэлігіі. Пры семінарыі адкрылася беларуская бібліятэка-чытальня. У кастрычніку 1919 года В. Гадлеўскаму было даручана правесці беларусізацыю семінарыі.

У снежні 1919 года семінарыя закрылася з-за адмовы ў фінансаванні з боку польскай улады.

Славутыя навучэнцы Адам Багдановіч Антось Галіна Павел Дземідовіч Якуб Колас Янка Нёманскі Аляксандр Сержпутоўскі Васіль Сташэўскі Кузьма Чорны

Літаратура

Спасылкі Настаўніцкая семінарыя з няпростай гісторыяй

Катэгорыя:Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:Настаўніцкія семінарыі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Расійскай імперыі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1875 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1919 годзе Катэгорыя:1875 год у Беларусі