Грэ́ка-ўнія́цкая духо́ўная кале́гія (з 1839 года — Белару́ска-Літо́ўская духо́ўная кале́гія) — вышэйшая дзяржаўная ўстанова па кіраванні справамі грэка-каталіцкіх цэркваў у Ра Расійскай імперыі. Існавала з 1828 па 1843 гады ў Санкт-Пецярбургу. Яе дзейнасць адыграла ключавую ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні Полацкага сабора 1839 года, які скасаваў Брэсцкую унію на тэрыторыі імперыі.
Перадумовы стварэння Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай грэка-каталікі ў Расійскай імперыі адміністрацыйна не вылучаліся ўрадам з агульнага складу каталіцкай царквы. Паводле загаду імператара Аляксандра I ад 12 ліпеня 1804 года ў Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі пачалі засядаць нароўні з рыма-каталікамі адзін уніяцкі епіскап і тры прадстаўнікі ад уніяцкага духавенства па адным ад трох епархій: Полацкай, Брэсцкай і Луцкай. Каталіцкія ўдзельнікі гэтай калегіі ставіліся да ўніяцкіх прадстаўнікоў пагардліва і непрыязна, марудзілі іх справы і ўвогуле не хавалі свайго варожага пачуцця да ўніятаў.
Уніяцкі архіепіскап Іраклій (Лісоўскі) скардзіўся імператару Аляксандру I на становішча ўніяцкіх прадстаўнікоў у рымска-каталіцкай калегіі. Праз год, 16 ліпеня 1805 года, імянным указам у рымска-каталіцкай калегіі быў утвораны другі (уніяцкі) дэпартамент на чале з архіепіскапам Лісоўскім. Аднак у агульных сходах абодвух дэпартаментаў, пад старшынствам каталіцкага мітрапаліта, у якіх вырашаліся найважнейшыя справы, галасы ўніяцкіх членаў не мелі аніякага значэння. Фактычна ўніяцкая царква кіравалася Дэпартаментам духоўных спраў замежных вызнанняў і заставалася ў залежнасці ад лацінскай іерархіі, што спрыяла масаваму пераходу ўніятаў у лацінскі абрад (толькі з 1805 па 1828 год у касцёлы перайшло не менш за 200 тысяч чалавек).
Ініцыятыва агульнага вяртання ўніятаў у межах Расійскай імперыі ў праваслаўнае веравызнанне цалкам належала маладога прэлату Іосіфу (Сямашку), які на той час быў засядацелем уніяцкага дэпартамента. Нагодай стаў указ Урадавага сената ад 9 кастрычніка 1827 года «Аб недазволе прымаць у грэка-ўніяцкае манаства людзей іншага абраду». Рэагуючы на гэты курс урада, 5 лістапада 1827 года Сямашка падаў на імя дырэктара Дэпартамента духоўных спраў замежных вызнанняў Г. І. Карташэўскага дакладную запіску «Аб становішчы ў Расіі Уніяцкай Царквы і сродках вярнуць яе ва ўлонне Царквы Праваслаўнай».
У гэтай запісцы змяшчалася апісанне шэрагу мерапрыемстваў, якія, на думку аўтара, вялі да поўнага спынення дзеяння Брэсцкай уніі на тэрыторыі Расіі. Першым пунктам у спісе патрабаванняў было ліквідаваць уніяцкі дэпартамент Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, а замест яго заснаваць асобнае вышэйшае кіраванне ўніяцкай царквы ў выглядзе Грэка-ўніяцкай духоўнай калегіі. Праект прэлата Іосіфа быў ухвалены імператарам Мікалаем I 14 лістапада 1827 года і даручаны для выканання намесніку міністра народнай асветы Дзмітрыю Блудаву.
Заснаванне і размяшчэнне 22 красавіка (4 мая) 1828 года быў выдадзены ўказ Сената «Аб заснаванні Грэка-ўніяцкай духоўнай калегіі», які ўвабраў у сябе амаль усе прапановы І. Сямашкі. Калегія складалася пад старшынствам мітрапаліта грэка-ўніяцкіх цэркваў (ім стаў Іасафат Булгак), з аднаго епіскапа і аднаго архімандрыта па Найвышэйшым прызначэнні і чатырох протаіерэяў па абранні мясцовых грэка-ўніяцкіх епархіяльных архірэяў і кансісторый.
Для гэтай калегіі загадана было набыць новы прасторны дом, на што імператар дараваў 150 тысяч рублёў. Восенню 1828 года ў купца М. С. Бабкова быў набыты дом на 8-й лініі Васільеўскага вострава, пабудаваны крыху раней архітэктарам М. А. Аўсяннікавым. Дом быў перабудаваны, і ў 1831 годзе калегія пераехала ў новы будынак, дзе была ўладкавана дамавая царква з прыходам у 600 чалавек. Праз год царкву асвяцілі ў імя Свяціцеля Мікалая, Мір Лікійскіх Цудатворцы. У студзені 1834 года ў гэтай царкве хіратанісалі ў епіскапы будучых актыўных дзеячаў скасавання ўніі: Васіля (Лужынскага), Іасафата (Жарскага) і Антонія (Зубко).
Рэфармаванне ўніяцкай царквы Стварэнне незалежнай калегіі дазволіла распачаць маштабныя рэформы (1828—1830), накіраваныя на ізаляцыю ўніятаў ад польска-каталіцкага ўплыву. Чатыры ўніяцкія епархіі былі зведзены ў дзве — Беларускую і Літоўскую. Замест епархіяльных капітулаў былі створаны кансісторыі. Манастыры ордэна базыльян былі падпарадкаваны епархіяльным архірэям, а маланаселеныя абіцелі пачалі скасоўвацца з перадачай іх сродкаў на ўтрыманне духоўных школ. У 1828 годзе ў Жыровічах была адкрыта Літоўская епархіяльная семінарыя і духоўнае вучылішча, для якіх былі прынятыя статуты па ўзоры праваслаўных устаноў Расіі. Выхаванцаў пачалі адпраўляць на вучобу ў праваслаўныя духоўныя акадэміі Пецярбурга і Масквы замест каталіцкай Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце. Сінадальная камісія духоўных вучылішчаў бязвыплатна перадала ўніяцкім школам больш за тысячу праваслаўных вучэбных дапаможнікаў. Было забаронена прымаць ва ўніяцкае манаства асоб лацінскага абраду, а таксама адменена права патранату памешчыкаў-католікаў над уніяцкімі цэрквамі.
У 1834 годзе з ухвалення Грэка-ўніяцкай духоўнай калегіі пачалася літургічная рэформа. У багаслужбовую практыку ўводзіліся праваслаўная літаратура маскоўскага друку, адпаведнае царкоўнае начынне і святарскія аблачэнні. Пачалася перабудова ўніяцкіх цэркваў па ўсходняй традыцыі: усталёўваліся іканастасы, здымаліся бакавыя алтары, арганы, канфесіяналы і прапаведніцкія амбоны. Гэтыя захады сустракалі супраціўленне часткі духавенства, аднак калегія і епархіяльнае кіраўніцтва ўжывалі жорсткія меры да нязгодных, уключаючы перавод на іншыя прыходы, паніжэнне да прычэтнікаў або высылку ў манастыры на пакаянне.
Падрыхтоўка да ўз'яднання і скасаванне ўніі Да 1837 года калегія падпарадкоўвалася Дэпартаменту духоўных спраў замежных вызнанняў Міністэрства ўнутраных спраў. 1 студзеня 1837 года ўстанова была перададзена ў ведамства Урадавага сената, а кантроль за ёю перайшоў непасрэдна да обер-пракурора Свяшчэннага Сінода Мікалая Пратасава. Гэта дазволіла каардынаваць дзеянні Праваслаўнай царквы і ўніяцкага кіраўніцтва.
Пасля смерці мітрапаліта Іасафата (Булгака) імянны ўказ Мікалая I ад 2 сакавіка 1838 года ўзвёў епіскапа Іосіфа (Сямашку) на пасаду старшыні Грэка-ўніяцкай духоўнай калегіі. З гэтага моманту пачаўся актыўны збор падпісак сярод уніяцкага духавенства аб згодзе на далучэнне да Праваслаўнай царквы.
12 лютага 1839 года па ініцыятыве Праасвяшчэннага Іосіфа ў Полацку з’ехаліся ўсе тры ўніяцкія архірэі і больш за 20 чалавек найвышэйшага па службовым становішчы ўніяцкага святарства. Сярод іх былі таксама і прадстаўнікі Грэка-ўніяцкай духоўнай калегіі, протаіерэі: Ігнацій Пільхоўскі, Ян Канюшэўскі, Леў Панькоўскі. Па выніках Полацкага сабора Уніяцкая царква на тэрыторыі Расійскай імперыі (за выключэннем Холмскай епархіі ў Царстве Польскім) была скасаваная. З Рускай праваслаўнай царквой уз'ядналіся 3 епіскапы, звыш 1700 святароў і каля 1 мільёна 600 тысяч вернікаў.
Беларуска-Літоўская духоўная калегія Пасля Полацкага сабора неабходна было вырашыць складаныя пытанні інтэграцыі былых уніятаў (якія мелі адрозныя традыцыі, побыт і эканамічнае забеспячэнне) у структуру Рускай праваслаўнай царквы. 23 чэрвеня 1839 года Грэка-ўніяцкая калегія была перайменавана ў «Беларуска-Літоўскую духоўную калегію» і канчаткова перададзена ў падпарадкаванне Свяшчэннаму Сіноду з наданнем ёй статусу, роўнага Маскоўскай і Грузіна-Імярэцінскай сінадальным канторам. Старшынёй застаўся Іосіф (Сямашка), які быў узведзены ў сан праваслаўнага архіепіскапа.
Па меры адміністрацыйна-іерархічнага ўладкавання заходніх епархій іх кіраванне паступова выходзіла з падпарадкавання Беларуска-Літоўскай калегіі. У 1841 годзе епархіяльнае ведамства цалкам перайшло да Сінода. Пазней з кампетэнцыі калегіі былі вынятыя вучылішчнае ўпраўленне і маёнткі, якія належалі духавенству. Страціўшы ўсе свае функцыі, установа ціха згасла «за непатрэбнасцю». Афіцыйна Беларуска-Літоўская духоўная калегія была ліквідавана 14 (26) жніўня 1843 года.
Гл. таксама Уніяцкая царква на Беларусі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:З’явіліся ў 1828 годзе Катэгорыя:Грэка-каталіцтва Катэгорыя:Зніклі ў 1843 годзе Катэгорыя:1828 год у Расіі Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Санкт-Пецярбургу Катэгорыя:Дзяржаўныя ўстановы Расійскай імперыі Катэгорыя:Гісторыя Рускай праваслаўнай царквы Катэгорыя:Дзяржаўны апарат Расійскай імперыі