Дабромыль () — горад раённага значэння ў Львоўскай вобласці Украіны, у Старасамбарскім раёне. Размешчаны на рацэ Вырва за 100 км ад Львова.

Гісторыя Ваколіцы горада былі заселеныя яшчэ са старажытных часоў. Так, выяўленыя ў суседніх вёсках шматлікія археалагічныя знаходкі паказваюць, што ў басейне ракі Вырва ўжо ў эпоху энеаліта жыў чалавек. Доказам знаходжання чалавека на тэрыторыях самога горада з’яўляюцца сляды паселішча так званай археалагічнай культуры Карпацкіх курганоў, распаўсюджанай на Падкарпацці ў I палове Ι тыс. да н.э.

Горад упершыню згадваецца як сяло ў 1374 г. Тады князь Уладзіслаў Апольскі падараваў роду Гербуртаў маёнткі па рэках Вырва і Стрв’яж, вядомыя як Дабромыльскі ключ, уключаючы горад Дабромыль і вёскі Арламаў, Вялікае, Квасініна, Княжполь, Паляна, Ляцко, Мігава, Папортна, Сопітнык і інш.

Каля 1450 г. Львоўскі лоўчы Мікалай Гербурт пабудаваў на Сляпой гары драўляны замак. Калі ў 1497 г. горад захапілі татары, згарэў і замак. У гэтым жа годзе польскі кароль Ян Ольбрахт прызнаў Дабромыль мястэчкам і дазволіў праводзіць кірмашы. Мястэчка хутка развівалася. Сюды перасяляліся купцы і рамеснікі. Ткачы з Маравіі выраблялі высакаякаснае сукно. За ім, а таксама па мясцовай соллю прыязджалі купцы з Венгрыі і Польшчы.

28 чэрвеня 1566 г. па намаганнях уладальніка мясцовых солеваран Станіслава Гербурта кароль Жыгімонт II Аўгуст прадаставіў Дабромылю магдэбургскае права. Запрошаныя ўладальнікам новыя рамеснікі арганізуюць цэхі. Мястэчка ўмацоўваецца сценамі і частаколам. Драўляны замак Гербурт пачаў перабудоўваць з каменя і цэглы.

Працягнуў гэтую працу Ян Шчасны Гербурт. У 1611 г. ён запрасіў з Кракава друкара Яна Шэлігу і заснаваў у мястэчку друкарню. Тут Гербурт выдаваў як свае творы, так і працы Арэхаўскага, Кадлубека, Яна Длугаша (у прыватнасці, першыя 4 тамы яго працы «Гісторыя Польшчы» выйшлі тут). З 1622 г. мястэчка ў руках магнатаў Канецпольскіх пасля замужжа Аляксандры — дачкі Яна Шчаснага Гербурта — за прадстаўніком роду Самуэлем.

З першай паловы XVII ст. вядомыя друкі з гербам Добромыля: у чырвоным шчыце зялёны яблык, прабіты накрыж двума срэбнымі мячамі (частка радавога герба Гербуртаў). У XIX ст. (у перыяд аўстрыйскага валадарства) на пячатках горада існавала выява яблыка, прабітага трыма мячамі (як гэта было ў арыгінальным радавым гербе Гербуртаў), аднак ужо ў 1920-1930-х гг. польская адміністрацыя вярнулася да варыянту XVII ст.

Пасля паразы войскаў Б. Хмяльніцкага пад Берасцечкам у Дабромыле на плошчы пакаралі смерцю многіх мяшчан і сялян за падтрвмку гетмана, на мястэчка наклалі вялікую кантрыбуцыю.

У 1772 г. мястэчка трапляе пад кіраванне Аўстрыі, уваходзіць у склад Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі. Мястэчка становіцца дзяржаўнай уласнасцю.

У 1872 г. праз горад пракладзена важная чыгунка, якая злучала Львоў з Будапештам, так званая першая венгерска-галіцкая чыгунка. У горадзе пабудавана чыгуначная станцыя. У 1876 г. з’явіліся фабрыка запалак, мылаварня, шклозавод, лесапільны і піваварны заводы. У 1876 г. Дабромыль узвышаецца да рангу цэнтра аднайменнага павета, застаючыся такім і ў часы ЗУНР, і ў часы Польшчы (1919—1939 гг.). У 1880 г. у горадзе жыве 2734 чал., а ў Энгельсбрунне — 291. Разам: 655 рыма-каталікоў, 479 грэка-каталікоў, 1884 габрэяў i 7 чалавек іншых рэлігій. У 1921 г. Дабромыль мае 5386 жыхароў, сярод якіх 2119 габрэяў. У перыяд крызісу 1929—1933 гг. мястэчка прыходзіць у заняпад, узмацняецца страйкавая барацьба.

У 1895 г. падчас выбараў дэпутата аўстрыйскага парламента ад сельскай курыі Пярэмышль-Масціска-Дабромыль ад украінскай Радыкальнай партыі вылучаўся як кандыдат Іван Франко, але яго не дапусцілі да Венскага парламента.

У 1940 г. немцаў з Энгельсбрунна выселілі ў Вартэгаў па праграме «Дадому ў Рэйх».

У 1940—1962 гг. горад быў цэнтрам Дабрамыльскага раёна.

Помнікі архітэктуры Касцёл Перамянення Гасподняга (XVI ст.), Ратуша (XVIII ст.), Лясны заказнік, Скальны дуб (запаведнае ўрочышча), Дэкаратыўны бук чырвоналістай формы, Векавая ліпа, Група векавых ясеняў і дубоў.

Катэгорыя:Гарады Львоўскай вобласці Катэгорыя:Населеныя пункты Старасамбірскага раёна