За́мкавая ву́ліцаНаша Ніва. № 1, 1994. С. 7., таксама вуліца Піліес () — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Горадзе. Пачынаецца ад паўночна-ўсходняга вугла Кафедральнай плошчы і вядзе ў кірунку Ратушнай плошчы да скрыжавання вуліц Бакшта і Латочак. Працягваецца Вялікай і Вастрабрамская вуліцамі.
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — касцёл Святых Янаў у стылі віленскага барока, Пятніцкая царква і палац Масальскіх, помнікі архітэктуры XIV—XIX стагоддзяў.
Гісторыя Назва вуліцы паказвае на яе гістарычнае размяшчэнне ў кірунку ад Ніжняга замка да гарадскіх брам. Яна з'яўляецца адной з найбольш старажытных вуліц Вільні. У гістарычных крыніцах упамінаецца пад назвай Замкавая або Вялікая Замкавая (разам з сучаснай Вялікай).
Паводле дакументаў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі», вуліца пралягала пераважна па тэрыторыі замкавай юрыдыкі. У актах Віленскага капітула яна звычайна называлася Platea castrensis seu arcensis, а часам Platea canonicorum (Вуліца канонікаў), паколькі вялікая частка дамоў на ёй належала каталіцкаму кафедральнаму капітулу, які раздаваў іх сваім членам — прэлатам і канонікам. Вядомы паэт Мацей Казімір Сарбеўскі ў сваіх творах называў яе Platea sacris praelatorum domibus illustris (Вуліца, славутая святымі дамамі прэлатаў). У старажытнасці назву «Замкавая» вуліца захоўвала толькі да касцёла Святога Яна ўключна, а далей уверх пачынала іменавацца Вялікай вуліцай.
У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на літоўскі манер. Па Другой сусветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя расійскага пісьменніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву, але ў літуанізаванай форме.
Агульныя звесткі
Даўжыня вуліцы каля 500 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца з боку Кафедральнай плошчы. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
З правага боку адыходзяць вуліцы Скопа і Святаянская, з левага — Святаміхальская і Літарацкая.
Будынкі
Няцотны бок № 1 (таксама вуліца Свінтарога, 2) — кутні 3-павярховы дом, які займае Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. Збудаваны ў канцы XIX ст. № 3 — 2-павярховы дом, збудаваны ў пачатку XVI ст. Спачатку належаў віленскаму капітулу. Камяніца перабудоваўлася ў сярэдзіне XVIII ст. і ў 1822 годзе. Спалучае асобныя элементы готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму. № 5 — 2-павярховы дом, які быў у валоданні віленскаму капітулу. № 7 — 3-павярховы дом, збудаваны ў сярэдзіне XVII ст.
№ 9 — дом, у якім у XIX ст. жыў гісторык Тэадор Нарбут. Злучаецца аркай з домам № 11. За аркай пачынаецца вуліца Скопа. № 11 — палац Масальскіх, збудаваны ў XVI ст. У 1832 годзе архітэктар Іван Лявіцкі злучыў камяніцу з суседнімі палацамі Плятэраў і Агінскіх. У 1965—1970 гадах рэстаўратары адкрылі аўтэнтычны фасад палаца. № 13 — 3-павярховы дом з рысамі класіцызму № 19 — дом, дзе ў пачатку XIX ст. жыў натураліст прафесар Віленскага ўніверсітэта Станіслаў Юндзіл. № 21 — усходні фасад касцёла Святых Янаў, на якім размяшчаецца мармуровая памятная табліца з эпітафіяй роду Храптовічаў у стылі ракако (1759).
Цотны бок
№ 4 і 6 — 2-павярховыя дамы, якія былі ў валоданні віленскаму капітулу. Будаваліся ў XVI—XVII стагоддзях. Кутні дом № 6 злучаецца аркай з домам № 8. За аркай пачынаецца Бернардзінская вуліца. № 8 — кутні 3-павярховы дом. Мае рысы класіцызму. № 10 — дом, збудаваны ў XVI ст. У 1575 годзе Ганна Радзівіл прадала яго біскупу Валяр’яну Пратасевічу. У 1812 годзе тут спыняўся Юзаф Панятоўскі. У 1829—1830 гадах у доме жыў украінскі паэт Тарас Шаўчэнка. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка. Цяпер у будынку размяшчаецца атэль «Atrium». № 12 — 2-павярховы гатычны дом, збудаваны XVI ст. № 14 — дом Яна Дэламарса. 3-павярховы дом збудавалі ў XVII ст. № 16 (таксама Святаміхальская, 2) — кутні 3-павярховы дом з кавярняй. № 18 — кутні 3-павярховы дом з крамай, які належаў брацтву Святой Ганны.
№ 22 — 3-павярховы дом, які гістарычна склаўся з некалькіх дамоў. Гатычная камяніца на гэтым месцы калісьці належала Канстанціну Астрожскаму, таму ў гістарычных крыніцах яна часта фігуруе як «Канстанцінаўскі дом». Згодна з дакументамі Віленскай археаграфічнай камісіі, у 1598 годзе гэтую камяніцу набыў вядомы віленскі друкар Ян Карцан, а з 1668 года ёй валодаў лідскі маршалак Тэафіл Дунін-Раецкі. У 1804 годзе апякун малалетніх князёў Радзівілаў Аляксандр Хадкевіч прадаў гэты палац Віленскаму ўніверсітэту. Побач з ім гістарычна размяшчаліся іншыя вядомыя камяніцы — Салтанаўскі і Рупертаўскі дамы. Барочны фасад цяперашняга будынка з'явіўся ў XVIII стагоддзі, калі тут дзейнічаў калегіум набіліюм (Collegium Nobilium) пры Віленскім універсітэце. Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1781 годзе дом перайшоў да Медыцынскай школы, якая дзейнічала тут да 1842 года (пра гэта сведчыць памятная шыльда). У корпусе дома, што выходзіў на двор, месціліся кватэры прафесараў Віленскага ўніверсітэта. У прыватнасці, тут у 1811—1814 і 1817—1828 гадах жыў паэт Юльюш Славацкі, а ў 1923—1934 гадах — выбітны мастак Фердынанд Рушчыц (у 1999 годзе на будынку ўсталявалі памятную шыльду з яго барэльефам). Цяпер на першым паверсе будынка працуюць кнігарня і кавярня.
№ 24 — 3-павярховы дом, у якім у 1832—1835 гадах жыў Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка. № 26 — Дом сыгнатараў, філіял Нацыянальнага музея Літвы, адкрыты тут у 2000 годзе. Упершыню гэтая камяніца ўпамінаецца ў 1645 годзе. У канцы XIX ст. новы ўладальнік Казімір Штраль перабудаваў дом у стылі неарэнесансу. Першы паверх да 1939 года займала кавярня «Белы Штраль». На другім паверсе ў 1917—1918 гадах размяшчалася Літоўская Тарыба, якая 16 лютага 1918 года абвясціла тут незалежнасць Літвы. № 28 — дом Шварца. Камяніца на гэтым месцы стаяла з XVI ст. У XVII ст. зруйнаваны будынак набыў купец К. Шварц, які адрамантаваў яго і прадаў Віленскай акадэміі. Цяперашні фасад будынак атрымаў у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. № 30 — кутні 3-павярховы дом Скяндзерскіх. У кастрычніку 1863 года ў кватэры Канстанціна Жаброўскага, што размяшчалася ў гэтым доме, пасяліўся Кастусь Каліноўскі. 29 студзеня 1864 года расійскія карнікі арыштавалі яго ў гэтай кватэрыЛашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні , TUT.BY, 6.08.2009.. № 32 — дом Ляховічаў, пазней Ромераў. У першай чвэрці XIX ст. тут знаходзілася кавярня «Вікторыя», якую любілі наведваць філарэты. № 38 — дом, у якім з 1865 года размяшчалася кнігарня Сыркіна. У 1903—1915 гадах тут працавала друкарня, у якой выйшаў апошні нумар газеты «Наша Доля»Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы // «Туризм и Отдых». № 29 (664). 24 ліпеня 2008.. № 40 — дом, збудаваны ў XVII ст., з 1926 года тут працавала літоўская кнігарня. № 44 (таксама вуліца Латочак, 2) — галерэя Мастацкай акадэміі Літвы.
Галерэя
Літаратура
Лаўрэш Леанід. Віленскія цукерні Штраляў у нашай гісторыі // Наша слова.pdf № 27 (131), 4 ліпеня 2024.
Спасылкі
Катэгорыя:Вуліцы Вільні