Помнік Якубу Коласу — помнік народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, пастаўлены ў гонар яго 90-годдзя.

Гісторыя Ушанаванне памяці Народнага паэта Беларусі, карані якога паходзяць з Мікалаеўшчыны, пачалося адразу пасля смерці літаратара ў 1956 годзе, што было зацверджана пастановай Савета Міністраў БССР. На той час ужо быў падрыхтаваны праект помніка аўтарства Міхаіла Бакланава ў выглядзе бюста, пастаўленага на абліцаваны пастамент з надпісам «Якуб Колас (1882—1956)».

Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася на працягу 16 гадоў, у выніку чаго канчатковы варыянт атрымаўся адрозным ад першапачатковага (спрошчаны пастамент, зменены формы бюста). Адкрыццё помніка адбылося ў межах святкавання 90-годдзя з дня нараджэння паэта.

Помнік з’яўляецца традыцыйным месцам адзначэння юбілеяў Якуба Коласа. Падчас святкавання 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка да мемарыяла ўсклаў кветкі тагачасны міністр культуры Павел Латушка.

На сённяшні дзень гэта адзінае ўвасабленне памяці паэта ў скульптуры на яго малой радзіме. Неаднаразова выказваліся прапановы аб усталяванні падобнага манумента ў Стоўбцах. Працы па яго ўзвядзенні ўжо пачаліся.

Апісанне Помнік размешчаны на невялікай пляцоўцы каля будынка адміністрацыі Мікалаеўшчынскага сельсавета, ад яго да вуліцы Школьнай пракладзена асфальтаваная сцежка, уладкаваны невялікі сквер. Прасторавая кампазіцыя помніка вельмі кампактная.

Скульптары — народны мастак БССР Аляксей Глебаў і Ігар Краўчанка, архітэктар — Леў Міцкевіч. Помнік складаецца з прамавугольнага пастамента, на які пастаўлены бюст паэта. Аснова выканана з бетона, абліцаванага лабрадарытам, бюст — бронзавы. Вышыня бюста — 1,1 метра, агульная вышыня разам з пастаментам — 3,6 метраў. У рысах твару Коласа падкрэсленыя такія рысы яго характару, як дабрыня, дасціпнасць і сардэчнасць — С. 241.

На прымацаванай да манумента дошцы маецца цытата з верша паэта «Песняй вітаю я вас», напісанага ў 1936 годзе.

Зноскі

Літаратура — С. 241

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Стаўбцоўскага раёна Катэгорыя:Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён) Катэгорыя:Помнікі Мінскай вобласці Катэгорыя:Помнікі Якубу Коласу Катэгорыя:1972 год у Беларусі Катэгорыя:Творы Аляксея Глебава