З’езд настаўнікаў Мінскай губерніі — другі з’езд беларускіх настаўнікаў, які адбыўся 9 ліпеня 1906 года ва ўрочышчы Прыстанька каля вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага павета. У сходзе прынялі ўдзел шэраг дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння: Якуб Колас, Янка Маўр, Аляксандр Сянкевіч і іншыя. На сходзе былі выказаны думкі пра неабходнасць навучання дзяцей на беларускай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах, бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму, далучэнне да агульнарасійскага рэвалюцыйнага руху «Усерасійскі звяз настаўнікаў». У выніку ўдзельнікі былі арыштаваны і пазбаўлены права настаўнічаць, некаторыя (Якуб Колас) адсядзелі ў турме.

Ход падзей Размовы пра тое, каб аб’яднацца і стварыць свой настаўніцкі звяз, даўно вяліся ў асяроддзі беларускіх настаўнікаў пачатку XX стагоддзя: так, у 1905 годзе ў Мінску ўжо адбыўся настаўніцкі з’езд. Гэтым разам, 9 ліпеня 1906 года шэраг настаўнікаў, пераважна з Мінскай губерні, сабраліся ва ўрочышчы Прыстанька на беразе Нёмана, каб абмеркаваць палітычнае становішча ў краіне. На сходзе прысутнічалі 17 настаўнікаў шэрагу беларускіх губерняў: Сямён Самахвал, Алесь Райскі, Аляксандр Сянкевіч, Нікіфар Янкоўскі, Вікенцій Віяленцій, Фёдар Калечыц (з Мінскага павета), Іосіф Міцкевіч (з Ковенскай губерні), Канстанцін Міцкевіч, Адам Вайцяхоўскі (з Ігуменскага павета), Іван Лапцэвіч, Аляксей Аляшкевіч, Уладзімір Міцкевіч (з Бабруйскага павета), Антон Камароўскі (з Пінскага павета), Адам Мілюк (з Ашмянскага павета), Міхась Пальчэўскі (са Слуцкага павета), Іван Фёдараў (з Барысаўскага павета), Алесь Філіповіч . Старшыня з’езду Аляксандр Сянкевіч, настаўнік Мікалаеўшчынскай школы, зрабіў даклад аб палітычным становішчы ў дзяржаве. Ён прапанаваў стварыць сваю прафесійную арганізацыю і далучыцца да Расійскага звязу настаўнікаў. Настаўнікі чыталі свае вершы, купаліся ў Нёмане і падрыхтоўвалі пратакол з’езду. У канцы дня ўдзельнікі мерапрыемства вярнуліся ў вёску. Разам павячэралі ў школе, склалі і падпісалі пратакол з’езду. Настаўнікаў хацелі арыштаваць адразу, але за іх заступіліся сяляне. Хтосьці залез на званіцу, і царкоўны звон абудзіў усю вёску. Каля школы сабраўся людскі натоўп. Вяскоўцы гатовы былі ўзяцца за калы, і царскія служкі не рашыліся забраць з сабой падазраваныхМікола Маляўка. Коласаў абярэг. — Мінск: Маст. літ., 2011. — 214 с..

Следства і суд Пакуль вялося следства, двое з настаўнікаў, Аляксандр Сянкевіч і Нічыпар Янкоўскі, эмігравалі ў ЗША. Астатніх удзельнікаў, чые подпісы стаялі пад пратаколам, звольнілі з пасады і забаранілі працаваць у школе. Апрача пратаколу, у рукі паліцыі трапіла лістоўка з заклікам дамагацца лепшай долі. Пакаралі за лістоўку Канстанціна Міцкевіча, хаця пісаў яе іншы настаўнік, якога Міцкевіч не выдаў. Следства вялося два гады, і па яго выніках былі пакараны два настаўнікі: Якуб Колас і ягоны сябар-зямляк. У выніку з 1908 па 1911 гады Якуб Колас адбываў пакаранне ў мінскай турме Пішчалаўскі замак, дзе ён пачаў пісаць паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка».

Памяць Якуб Колас напісаў верш «Сябрам», які ён прысвяціў настаўнікам, якія ўдзельнічалі ў з’ездзе.

Мікола Маляўка ў памяць аб гэтых падзеях напісаў санет «У Прыстаньцы, далей ад царскіх слуг».

Ва ўрочышчы Прыстанька ў 1993 годзе быў усталяваны помнік з’езду, які ўяўляе сабой два валуны, на адным з якіх ёсць шыльда з апісаннем падзеі.

Літаратура

Катэгорыя:Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён) Катэгорыя:Падзеі 9 ліпеня Катэгорыя:Ліпень 1906 года Катэгорыя:1906 год у Беларусі Катэгорыя:Мінская губерня