Беларускі навукова-даследчы і праектны інстытут горадабудаўніцтва (БелНДІПгорадабудаўніцтва) — галаўная праектная арганізацыя па горадабудаўніцтве Беларусі. Размешчаны па адрасе пр. Машэрава, 29.

БелНДІПгорадабудаўніцтва — вядучая арганізацыя ў сферы тэрытарыяльнага планавання і распрацоўкі горадабудаўнічай дакументацыі, вядзення горадабудаўнічага кадастру ў Рэспубліцы Беларусь. Інстытут з’яўляецца аўтарам Генеральнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь (ГСКТА РБ), схем комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі абласцей і адміністрацыйных раёнаў, генеральных планаў усіх рэгіянальных цэнтраў, гарадоў абласнога падпарадкавання, большасці сярэдніх і малых гарадоў Беларусі, сельскіх паселішчаў.

Член Рэспубліканскага саюза будаўнікоў.

Гісторыя Прадпрыемства было створана ў 1970 годзе загадам Дзяржграмадзянбуда пры Дзяржбудзе СССР як Мінскі філіял Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва (ЦНДІПгорадабудаўніцтва)Гісторыя БелНДІПгорадабудаўніцтва .

У лютым 1976 года пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР на базе Мінскага філіяла ЦНДІПгорадабудаўніцтва быў арганізаваны Беларускі дзяржаўны навукова-даследчы і праектны інстытут горадабудаўніцтва (БелНДІПгорадабудаўніцтва) Дзяржбуда БССР. Яго дырэктарам стаў Віктар Паўлавіч Чарнышоў.

Навуковымі падраздзяленнямі інстытута была закладзена аснова беларускай горадабудаўнічай навукі, правілаў фарміравання нарматыўнай і заканадаўчай базы праектавання.

Структура Аддзяленні (1996): навуковае (9 аддзелаў), праектнае (аддзелы: раённай планіроўкі, 2 архітэктурна-планіровачныя, архітэктурна-канструктарскі, 3 інжынерныя, аўтаматызацыі работ).

Дзейнасць Асноўныя кірункі дзейнасці: навуковыя даследаванні, распрацоўка навукова-метадычнай і нарматыўна-прававой дакументацыі ў галіне тэрытарыяльнай планіроўкі, горадабудаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя; распрацоўка дакументацыі па планіроўцы рэгіёнаў, планіроўцы і забудове гарадскіх паселішчаў і асобных тэрыторый, развіцці транспартнай і інжынернай інфраструктур; распрацоўка і эксплуатацыя геаінфармацыйных сістэм і банкаў даных у горадабудаўніцтве і будаўнічым комплексе; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты жыллёва-грамадзянскага прызначэння.

Праектаванне Для Расійскай Федэрацыі ў розныя гады быў выкананы шэраг рэгіянальных работ, такіх як: схемы тэрытарыяльнай арганізацыі Бранскай і Пскоўскай абласцей, тэрытарыяльная комплексная схема развіцця Калінінградскай вобласці, уключаючы прыморскую зону, праект развіцця транспартнай інфраструктуры Белгарада, навукова-даследчая праца па падрыхтоўцы праекта генеральнага плана і правілаў землекарыстання і забудовы муніцыпальнага ўтварэння Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці.

Для Малдовы быў распрацаваны транспартны падзел у генплан г. Кішынёва.

Для Венесуэлы былі распрацаваны два генеральных плана горадабудаўнічага развіцця новых раёнаў у гарадах Барынас і Тэхерыес, тры генпланы сельскагаспадарчага развіцця мікракамун Ата Педрэгаль, Лас Пакас і Ла Педрэра.

Для Азербайджан выканана праектаванне жылога масіва Габу для вымушаных перасяленцаў у Апшэронскім раёне.

Для Казахстана ў 2010—2011 гг. выканана работа па аналізе тэрытарыяльнага планавання развітых краін з мэтай фарміравання эфектыўнага напрамку развіцця сельскай гаспадаркі, турысцка-рэкрэацыйнага развіцця і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі на тэрыторыі, а таксама агляд вопыту Рэспублікі Беларусь і міжнароднай практыкі па рацыянальнай арганізацыі тэрыторый у маштабе краіны для выкарыстання ў распрацоўцы Генеральнай схемы арганізацыі тэрыторый Рэспублікі Казахстан.

Дырэктары Віктар Паўлавіч Чарнышоў (1970—1975) Юрый Васілевіч Шпіт (1975—1990)  Віктар Паўлавіч Іўлічаў (1990—2014) Аляксандр Мікалаевіч Хіжняк (з 2015)

Літаратура

Спасылкі Афіцыйны сайт БелНДІПгорадабудаўніцтва

Катэгорыя:БелНДІПгорадабудаўніцтва Катэгорыя:Праспект Машэрава (Мінск) Катэгорыя:Праектныя арганізацыі Мінска Катэгорыя:1970 год у Мінску