Апалін (Апалон) Паўлавіч Гофмёйстар (, Брэст або Шастакова Брэсцкага павета — , Кракаў) — дзеяч польскага і беларускага рэвалюцыйнага руху, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863—1864 гадоў, мемуарыст.

Біяграфія Паходзіў з пратэстанцкага нямецкага роду сям’і рускага афіцэра Паўла Гофмёйстара. Бацька — палкоўнік расійскага войска Павел Гофмёйстар, маці паходзіла з Курляндыі, з роду баронаў Штакельбергаў, была пратэстанткай. Сын Гофмёйстараў, аднак, як і бацька, быў ахрышчаны каталіком, хоць пазней, з прагматычных мэтаў, бацька намаўляў яго стаць пратэстантам. У хуткім часе пасля нараджэння Апаліна сям’я Гофмёйстараў пераехала ў Сімбірск, дзе бацька каля шасці гадоў служыў паліцмайстарам. Пасля смерці ўладальніка в. Шастакова расійскага генерала Альберга, які прыходзіўся дзядзькам маці Апаліна Гофмёйстара, сям’я вярнулася на радзіму. Бацька з маленства выхоўваў свайго сына ў спартанскім духу.

Скончыў Варшаўскую гімназію і вучыўся ў Берлінскім універсітэце, дзе быў членам студэнцкага канспіратыўнага гурткаГОФМЕЙСЦЕР Апалін ПаўлавічГенадзь Кісялёў. Апалін Гофмейстар С. № 95-96.. Вучобу ва ўніверсітэце не скончыў.

У 1845 актыўна далучыўся да дзейнасці студэнцкага гуртка, праз год з’ехаў на Літву дзеля падрыхтоўкі паўстання. Жыў ва ўладаннях бацькоў у Шастакове Брэсцкага павета.

У 1846 супрацоўнічаў з , удзельнічаў у змове з мэтай падняць паўстанне ў Беларусі. За гэту спробу арыштаваны ў тым жа годзе і атрымаў вырак два гады турэмнага зняволення па гэтак званай «справе Рэра». У 1848 годзе публічна ганьбаваны ў Вільні і сасланы ў арыштанцкія роты ў , дзе сядзеў адначасна з Тарасам Шаўчэнкам. Тамсама сустракаўся з Зігмунтам Серакоўскім. Пасля перасланы ў Арэнбург.

Пасля абвяшчэння Аляксандрам II царскай амністыі ў 1857 годзе вярнуўся на радзіму. З канца 1850-х гадоў жыў у маёнтку Шастакове Брэсцкага павета, які ўспадкаваў ад бацькоў, пад таемным наглядам паліцыі. Да 1861 года да яго маёмасці ставіліся і сяляне, якія жылі ў маёнтку. Вядома, што А. Гофмёйстар прыязна і спачувальна ставіўся да іх, намагаўся іх вызваліць. Адчыніў школу для вясковых дзяцей і заняўся сельскай гаспадаркай. Пасля адмены прыгоннага права юрыдычная сітуацыя была складанай, таму за свой рахунак ён ажыццявіў фіктыўны продаж кожнага ўчастка сялянскай сям’і. Сяляне яго любілі і паважалі.

Быў блізкім сябрам, суседам і паплечнікам Рамуальда Траўгута. Ён браў актыўны ўдзел у нацыянальных арганізацыях і гродзенскіх паўстанцкіх арганізацыях. Падчас паўстання 1863—1864 гадоў быў прызначаны цывільным ваяводскім кіраўніком паўднёвага Гарадзенскага, пасля Берасцейскага ваяводства. Супрацоўнічаў з Кастусём Каліноўскім.

У 1864 годзе арыштаваны і сасланы на катаргу ў Сібір. Адбываў кару спачатку ва Усоллі-Сібірскім, пасля ў Табольску. У 1868 годзе паводле царскага маніфесту ён пасяліўся ў Іркуцку і даваў там урокі музыкі. У 1873 дзякуючы спрыянню аўстрыйскага пасольства вызвалены і атрымаў эміграцыйны пашпарт без права вяртання ў Расійскую імперыю).

З 1870-х гадоў жыў у Галіцыі, спачатку ў Бродах, а потым у Кракаве. Навернуты з пратэстанцтва ў каталіцтва айцом Вацлавам Навакоўскім.

Памёр у Кракаве 1 ліпеня 1890 года. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках там жа.

Творчасць Вядома частка яго мемуараў у выглядзе ліста да А. Гілера (1882): Из письма А. Гиллеру // Общественно-политическое движение на Украине в 1863—1864 гг. Киев, 1964

Крыніцы

Літаратура

Літаратура Dubiecki M. Apolin Hofmeister, naczelnik wojewódstwa brzesko-litewskiego w powstaniu styczniowem // Ateneum Wileñskiе. 1923, № 2; ЭГБ, т. 3.

Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Беларусі Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Расійскай імперыі Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Польшчы Катэгорыя:Сасланыя ў Сібір Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Руская эміграцыя Катэгорыя:Мемуарысты Польшчы