Іван Пятровіч Офенберг (1791 — 18 лютага 1870) — расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал ад кавалерыі, член Ваеннага Савета, інспектар кавалерыі. З баронскага роду Офенбергаў.
Ваенную службу пачаў у 1807 юнкерам у пскоўскім драгунскім палку і праз тры гады прызначаны прапаршчыкам, пасля чаго быў пераведзены ў Сібірскі грэнадзёрскі полк, у якім і прыняў удзел у вайне 1812 года. За адвагу і распарадлівасць, выказаныя ў бітвах 5 і 6 жніўня пад Смаленскам, быў узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 4-й ступені. 26 жніўня пад Барадзіном — ордэнам Св. Уладзіміра 4-й ступені з бантам, за справы пад Мажайскам і Таруцінам — прызначаны штаб-ротмістрам, за Вязьму — ротмістрам. Удзельнік паходу расійскіх войскаў за мяжу, за бітву пад Лейпцыгам у 1813 быў узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 2-й ступені, а ў наступным годзе атрымаў залатую шаблю з надпісам «За адвагу».
Па вяртанні расійскіх войскаў з-за мяжы пераведзены 1 сакавіка 1815 у лейб-гвардыі Конна-егерскі полк, а праз год быў прызначаны ад’ютантам да генерал-маёра Бенкендорфа і пераведзены ў лейб-гвардыі Гусарскі полк. Прызначаны 24 красавіка 1819 палкоўнікам, ад 29 студзеня 1823 камандзір Ямбургскага ўланскага яго каралеўскай высокасці прынца Фрыдрыха Вюртэмбергскага палка. Ад 25 сакавіка 1828 генерал-маёр, пераведзены ў 1-ю ўланскую дывізію. Прызначаны 2 жніўня 1830 камандзірам 2-й брыгады гэтай жа дывізіі, у 1831 прыняў з ёй удзел у задушэнні паўстання 1830—1831 і за адрозненне пры штурме Варшавы быў узнагароджаны залатой шабляй з алмазнымі ўпрыгожваннямі і з надпісам «За адвагу».
Прызначаны 20 сакавіка 1832 камандзірам лейб-гвардыі Конна-егерскага палка, неўзабаве прызначаны камандзірам 1-й брыгады 2-й лёгкай кавалерыйскай дывізіі, з пакіданнем камандзірам палка. 18 красавіка 1837 узвышаны ў генерал-маёры, быў зацверджаны начальнікам дывізіі, якой камандаваў больш за 15 гадоў. Прыняўшы ўдзел у Венгерскім паходзе 1849, асабліва вылучыўся ў бітвах 3 ліпеня пры в. Дука і 5 ліпеня пад Вайценам ля в. Рэтшагу, за што і быў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага.
Неўзабаве пасля вяртання з Венгерскага паходу прызначаны камандуючым 2-м рэзервовым кавалерыйскім корпусам, а 6 снежня 1851 — генералам ад кавалерыі і зацверджаны корпусным камандзірам, а 31 снежня быў прызначаны членам Ваеннага Савета. Прызначаны 8 лістапада 1856 камандзірам асобнага рэзервовага кавалерыйскага корпуса, камандаваў ім да самога яго скасавання, прычым 26 верасня 1859 быў узнагароджаны ордэнам Св. Уладзіміра 1-й ступені з мячамі. 17 жніўня 1861 прызначаны шэфам Літоўскага Уланскага эрцгерцага аўстрыйскага Альберта палка, а 13 лістапада — другім шэфам Марыупальскага гусарскага яго высокасці прынца Фрыдрыха Гесэн-Касэльскага палка. Па скасаванні зводнага кавалерыйскага корпуса прызначаны 12 снежня 1862 інспектарам кавалерыі з пакіданнем членам Ваеннага Савета.
Апошнія гады свайго жыцця знаходзіўся пры асобе імператара.
Спасылкі Оффенберг барон Иван Петрович
Іван Пятровіч Катэгорыя:Лейб-гусары Катэгорыя:Генералы ад кавалерыі (Расійская імперыя) Катэгорыя:Удзельнікі напалеонаўскіх і рэвалюцыйных войнаў Катэгорыя:Масоны Расіі Катэгорыя:Удзельнікі прыгнечання паўстання 1830—1831 гадоў Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Георгія IV класа Катэгорыя:Члены Ваеннага савета Расійскай імперыі Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Аляксандра Неўскага Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 1 ступені