Камп’енская рэзідэнцыя () — палац французскіх каралёў у горадзе Камп’ень дэпартамента Уаза, Пікардыя. Размешчаны за 75 км на паўночны ўсход ад Парыжа. У Сярэднявеччы — упадабаная рэзідэнцыя Меравінгаў і Каралінгаў. У сваім цяперашнім класіцыстычным выглядзе пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Апошнім французскім манархам, які жыў у палацы, быў імператар Напалеон III.
Палац з паркам цяпер адкрыты для наведвальнікаў. На тэрыторыі палацавага комплексу працуюць музеі Другой імперыі і сродкаў перамяшчэння.
Гісторыя
Пры Меравінгах У Камп’ені былі пабудаваны чатыры палацы, якія змянілі адзін аднаго. Найбольш старажытнеы належыць да часоў дынастыі Меравінгаў і асабліва да кіравання Хлодвіга I. Замак верагодна быў пабудаваны з дрэва, а яго дакладнае месцазнаходжанне невядома. Многія дагаворы былі падпісаны ў Камп’ені, што паказвае на тое, што Меравінгі праводзілі там шмат часу. Менавіта ў гэтым «каралеўскім палацы» ў 561 годзе памёр кароль Хлотар I, вярнуўшыся з палявання. Тут жа, у Камп’ені, Хлотар II у 604 годзе памірыўся са сваім пляменнікам Тэадэбертам II.
Пры Каралінгах Камп’ень часта служыў месцам сходу генеральных асамблей біскупаў і сеньёраў. У часы кіравання Піпіна Кароткага ён становіцца важным дыпламатычным пунктам: у 757 той сустракае тут пасольства візантыйскага імператара Канстанціна V і баварскага герцага Тасілона III. У Камп’ені Піпін склікаў шэраг асамблей, дзве з якіх, у 830 і 833 гадах, ледзь не прывялі яго да адрачэння.
Пры Карле II
Карл II Лысы ўсталяваў у Камп’ені свой каралеўскі, а затым імператарскі трон. У 875 ён прымаў тут дыпламатычную місію эміра Кордавы Мухамада I. Абвешчаны імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі, Карл, у 877 годзе загадаў пабудаваць на месцы старога замка абацтва Сен-Карней. Для сябе ж Карл стварыў новы замак, размешчаны бліжэй да ракі Уазы. Абацтва ён выкарыстоўваў як імператарскую капліцу, па прыкладзе яго дзеда Карла Вялікага, які пабудаваў Ахенскі сабор.
Сын Карла Людовік II у 877 узышоў на прастол і каранаваўся ў капліцы Камп’еня, дзе і быў пахаваны праз два гады. Тут жа каранаваўся Эд Парыжскі, які часта бываў у Камп’ені — галоўнай каралеўскай рэзідэнцыі. Менавіта тут у 987 годзе памёр апошні з Каралінгаў Людовік V.
Капетынгі таксама спыняліся ў Камп’ені, але замак паступова страчваў сваё палітычнае значэнне. Развіццё горада вымусіла іх мала па малу аддаць каралеўскія ўгоддзі насельніцтву. Філіп II Аўгуст умацаваў сцены горада і ўмацаваў стары замак дадаўшы да яго данжон, каб лепш кантраляваць тэрыторыі.
Працэс перадачы каралеўскіх маёнткаў скончыўся пры Людовіку IX. Толькі вялікая зала і вежа былі пакінуты ў якасці сімвала ваеннага феадальнага кіравання. У далейшым усе сходы праходзілі ў абацтве Сен-Карней. Кароль захаваў у Камп’ені толькі сціплую рэзідэнцыю на граніцы з лесам.
Сярэдневяковы замак У 1358 годзе Карл V, тады яшчэ толькі рэгент, сабраў у Камп’ені генеральныя штаты каб абмеркаваць адсутнасць бяспекі жыхароў на граніцы з лесам. Ён вырашыў узвесці новы замак на землях набытых у абацтва Сен-Карней, якія ім прадаў Карл Лысы. Аднак працы не былі скончаны пры жыцці Карла V, які памёр у 1380 годзе. Замак павялічваўся з часам і паслужыў асновай для сучаснага палаца.
thumb|left|320px|У XVIII стагоддзі палац быў цалкам перабудаваны ў стылі французскага класіцызму.
У гэтым замку склікаў генеральныя штаты ў 1382 годзе Карл VI. Каралі часта бывалі ў Камп’ені, з перапынкам у 1414—1429 гадах, калі землі апынуліся пад уладай Бургіньёнаў. Карл VII, быўшы каранаваным у Рэймсе, 18 жніўня 1429 года здзейсніў урачысты ўезд у Камп’ень і правёў там дванаццаць дзён. Такім чынам ён паклаў пачатак традыцыі вяртацца ў Камп’ень пасля каранацыі, гэта традыцыя выконвалася практычна ўсімі каралямі да Карла X уключна. Карл VII вярнуўся ў Камп’ень толькі ў 1441 годзе ў кампаніі дафіна, будучага Людовіка XI, і пабачыў замак у благім стане пасля шматлікіх аблог. У 1451 годзе з прычыны працяглага знаходжання ў Камп’ені караля замак быў прыведзены ў парадак.
Карл VIII і Людовік XII даволі доўга жылі ў Камп’ені. Францыск I, бываючы тут часта, паклапаціўся аб добраўпарадкаванні будынкаў і расчыстцы лесу. Карл IX быў ініцыятарам стварэння шасці гектараў «каралеўскага саду» які стаў асновай для будучага парку. Рэлігійныя войны ў Францыі мала спрыялі каралеўскім паездкам у Камп’ень. Генрых III быў вымушаны адмяніць там у 1576 годзе скліканне генеральных штатаў. Але менавіта ў абацтва Сен-Карней яго цела было прывезена для пахавання пасля забойства ў 1589 годзе.
Замак, пусты і занядбаны на працягу рэлігійных войнаў, стаў непрыдатным для жылля. Калі Генрых IV прыехаў у Камп’ень, ён вырашыў спыніцца ў горадзе. Урэшце работы па аднаўленні замка пачаліся ў 1594 годзе.
У 1619 годзе Людовіку XIII, які прыехаў у Камп’ень, так там спадабалася, што ён вяртаўся туды тры разы на год. У 1624 годзе ён жыў у замку з красавіка па ліпень і сустракаў там пасольства караля Англіі Якава I і дэлегатаў рэспублікі Злучаных правінцый. У час свайго апошняга наведвання, у 1635 годзе, ён загадаў цалкам абнавіць пакоі караля і каралевы, што было зроблена пры рэгенцтве Ганны Аўстрыйскай.
Пры Людовіку XIV недахоп месца ў замку прывёў да таго, што ў горадзе былі пабудаваны будынкі вялікай і малой канцылярый, стайні для коней караля і месье, рэзідэнцыі для міністраў і іх бюро. Камп’ень быў нароўні з Версалем і Фантэнбло адзінай каралеўскай рэзідэнцыяй, дзе кароль збіраў Савет. Сам Людовік XIV бачыў у Камп’ені перш за ўсё месца для адпачынку і перадышкі.
У 1666 годзе ў Камп’ені прайшлі першыя палявыя вучэнні, за імі яшчэ шаснаццаць, апошнія адбыліся ў 1847 годзе. Яны прызначаліся для падрыхтоўкі палкоў і іх камандзіраў, навучання прынцаў і для забавы прыдворных і народа.
Пасля 1698 года кароль не наведваў Камп’ень. Замак заставаўся незанятым каля дзесяці гадоў. З 1708 па 1715 гады там пражываў курфюрст Баварыі Максіміліян II, які быў выгнаны імперскімі ўладамі і атрымаў прытулак і абарону ў Людовіка XIV.
Рэканструкцыя палаца ў XVIII стагоддзі Людовік XV упершыню прыехаў у Камп’ень у 1728 годзе. Малады кароль вырашыў абгрунтавацца ў замку ў той час як у Суасоне праходзіў кангрэс па абмеркаванні міру з Іспаніяй. Людовіку XV спадабалася там паляваць і з тых часоў ён праводзіў тут месяц ці два штогод.
Цесната палаца, нязручнасць невыкарыстоўваных будынкаў вакол, пабудаваных без якога-небудзь плана і не звязаных паміж сабой сталі відавочнымі. Пасля працэсу ўнутраных змен замка, пры Жаку Габрыэле з 1736 па 1740 былі праведзены працы па разбудове. thumb|Інтэр’ер эпохі Людовіка XV.
Паміж 1740 і 1751 годамі было прапанавана шмат праектаў па рэканструкцыі. Самым цікавым апынуўся план, які быў прадстаўлены ў 1751 годзе Анж Жакам Габрыэль, і неадкладна пачаў прыводзіцца ў выкананне. Нягледзячы на работы, якія праводзіліся ў палацы, Людовік XV працягваў бываць у Камп’ені, дзе ён любіў паляваць. Менавіта тут ён прыняў у 1770 годзе эрцгерцагіню Аўстрыйскую Марыю-Антуанэту, нявесту дафіна. Работы не спыніліся са смерцю караля, яны працягнуліся пад кіраўніцтвам вучня і калегі Анж Жака Габрыэля — Луі ле Дро дэ ла Шатра. Ён скончыў рэканструкцыю палаца ў 1788 годзе, скрупулёзна прытрымліваючыся плана настаўніка.
Людовік XVI рэдка бываў у Камп’ені. Першы раз ён быў там у 1774, пасля ўзыходжання на трон. Прытрымліваючыся традыцыі, кароль спыняўся ў замку тры дні ў 1775 па дарозе ў Рэймс і тры дні на зваротным шляху. Пасля чаго кароль зрабіў некалькі рэдкіх візітаў для палявання. Павелічэнне колькасці работ у замку, якое адыблося пасля рашэння караля і каралевы, зрабіла пражыванне там немагчымым. Людовік XVI і Марыя-Антуанэта так і не ўбачылі свае апартаменты гатовымі.
Сход натабляў у 1787 годзе палічыў выдаткі на рамонт замка празмернымі. У час Вялікай французскай рэвалюцыі начынне было распрададзена, як і ва ўсіх каралеўскіх замках. У 1799 годзе ў Камп’ені было створана першае Нацыянальнае ваеннае вучылішча, якое займала замак да 1806 года.
Пасля рэвалюцыі У 1807 годзе пасля загаду Напалеона пачалося аднаўленне палаца. Архітэктар Луі-Мартэн Берто кіраваў работамі. Яны складаліся ў ачыстцы палаца ад вады, ва ўнутранай перабудове і змяненні ўбрання. Апрача іншага была пабудавана вялікая галерэя для правядзення баляў. Сад быў цалкам перасаджаны і плаўна пераходзіў у лес.
У былым крыле каралевы, Берто спраектаваў апартаменты для высокапастаўленых замежных гасцей. Яны не засталіся пустуючымі: у чэрвені 1808 года туды заехаў кароль Іспаніі Карл IV, які быў вымушаны адрачыся ад прастола. Ён заставаўся там да верасня, пасля чаго быў пераведзены ў Марсель.
У Камп’ені Напалеон прызначыў першую сустрэчу з будучай імператрыцай Марыяй-Луізай, эрцгерцагіняй Аўстрыйскай 27 сакавіка 1810. Двор прыехаў у Камп’ень пасля святкавання вяселля ў Парыжы. Наступным летам імператарская пара прыехала сюды ўжо ў суправаджэнні спадчынніка, Напалеона II. У 1813 годзе палац служыў часовым прыстанкам каралю Вестфаліі Жэрому Банапарту і яго жонцы Кацярыне.
У красавіку 1814 года Людовік XVIII спыняўся ў Камп’ені па дарозе ў Парыж каб аналізаваць сітуацыю ў сталіцы. У наступныя гады прынцы і прынцэсы каралеўскай сям’і часта бывалі ў Камп’ені, але звычайна не затрымліваліся больш за некалькіх дзён. Карл X першы візіт у якасці караля здзейсніў у лістападзе 1824 года ў суправаджэнні шматлікай світы. Луі-Філіп I наведаў палац у 1832 годзе пры падрыхтоўцы да вяселля сваёй старэйшай дачкі Луізы з каралём Бельгіі Леапольдам I. Вяселле святкавалі ў палацы 9 жніўня 1832.
Пасля рэвалюцыі 1848 года палац Камп’ень быў нацыяналізаваны. Прынц-прэзідэнт Напалеон III Банапарт прыехаў туды ў 1849 годзе з нагоды адкрыцця чыгуначнай галіны Камп’ень-Нуаён. Стаўшы імператарам, ён правёў там каля двух тыдняў у снежні 1852 года са світай, якая складалася з сотні чалавек. Двор вяртаўся ў Камп’ень у 1853 і 1855, але толькі з 1856 года пачаліся «Камп’енскія серыі», гэта значыць прыезды ў палац працягласцю ад месяца да месяца з паловай штовосень. Для забавы гасцей ладзіліся балі і прыёмы, выезды на паляванне. Правілы этыкету былі зведзены да мінімуму і запрошаныя карысталіся вялікай свабодай.
У 1901 годзе палац прымаў імператара Мікалая II, апошняга манарха, які гасціў у Камп’ені. У час Першай сусветнай вайны там размяшчалася стаўка англійскага галоўнакамандуючага, затым нямецкі генеральны штаб у 1914 годзе. Палац быў пераўтвораны ў шпіталь у 1915, пасля чаго служыў штабам французскаму генералу Анры Філіпу Петэну. Пасля вайны ў Камп’ені размясцілася міністэрства па вызваленых рэгіёнах, што пацягнула за сабой сур’ёзныя непрыемнасці: у 1919 у палацы адбыўся пажар, які знішчыў Пакой Імператара і Кабінет Саветаў. У 1939 годзе з прычыны пачатку Другой сусветнай вайны ўся мэбля замка была эвакуіравана, але ў 1945 вернутая.
23 верасня 2006 года ў палацы прайшоў саміт Францыя-Германія-Расія, на якім прысутнічалі главы дзяржаў: Жак Шырак, Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін. Архітэктура Сучасны Камп’енскі замак у выкананы ў стылі класіцызму (будаваўся з 1370-х гг.; 1751-88, арх. Ж. А. Габрыэль, з 1776 — арх. Л. Ле Дро дэ Ла Шатр; фрагменты сцен 14-18 стст.; частка з дваром аранжарэі — 1736-1740, арх. Ж. Габрыэль Старэйшы; у плане — няправільны трохвугольнік з парадным дваром з малога боку і садовым фасадам па вялікім боку), аздоблены пад імператарскі палац пры Напалеоне I (1808-11, архітэктары Л. М. Берто, Ш. Персье, П. Ф. Л. Фантэн, дэкаратары Ф. Дзюбуа, П. Ж. Рэдутэ); пры Луі Філіпе пабудаваны тэатр (1832-1835); пры Напалеоне III, які выкарыстоўваў замак як восеньскую рэзідэнцыю (1856-1869), — галерэя Натуара (1858-1859, арх. Г. А. Анселе; серыя габеленаў «Гісторыя Дон Кіхота» па кардонах Ш. Ж. Натуара).