«Граніт» (РУВП «Граніт») — прадпрыемства ў Мікашэвічах, найбуйнейшае прадпрыемства ў Еўропе па здабычы і перапрацоўцы шчыльных горных парод. Сёння выпускае больш за 21 млн тон нярудных будаўнічых матэрыялаў за год. Сыравінай для перапрацоўкі з’яўляюцца горныя пароды радовішча Мікашэвічы.

Прадпрыемства — сябар Рэспубліканскага саюза будаўнікоў.

Радовішча Гісторыя радовішча пачынаецца з 1963 года. Радовішча прымеркавана да Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступа і мае форму прамавугольніка агульнай плошчай 377 га. Будаўнічы камень дэталёва разведаны на глыбіню 150 м. На гэтую ж глыбіню запраектаваны кар’ер. Раскрыўныя пароды прадстаўлены ў асноўным пяскамі, магутнасць якіх вагаецца ад 7,3 да 60,2 м, у сярэднім па радовішчы — 30 м. Да карысных выкапняў на радовішчы «Мікашэвічы» адносяцца інтрузіўныя крышталічныя пароды (будаўнічы камень) — дыярыты, гранадыярыты, граніты.

Кар’ер 20 кастрычніка 1964 года прынята пастанова Савета Міністраў БССР Аб размяшчэнні кар’ера і драбільна-сартавальнага завода ў раёне рабочага пасёлка Мікашэвічы. Радовішча будаўнічага каменю Мікашэвічы распрацоўваецца кар’ерам Мікашэвічы з 1973 года. У цяперашні час кар’ер уяўляе сабой самую вялікую адкрытую горную выпрацоўку ў Цэнтральнай Еўропе. Кар’ер, што расцягнуўся на 2760 м з захаду на ўсход і на 1770 м з поўначы на поўдзень, складаецца з 4 раскрыўных і 11 здабыўных уступаў. На здабыўных і раскрыўных работах задзейнічаны магутныя экскаватары з аб’ёмам каўша да 11 м³, на адвозе горных парод выкарыстоўваюцца кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю да 90 т. За год кар’ер «Мікашэвічы» выдае на-гара да 8 млн м³ карысных выкапняў і да 2 млн м³ раскрыўных парод.

Распрацоўка Геаграфічнае становішча прадпрыемства дазваляе адпраўляць прадукцыю чыгуначным, аўтамабільным і водным транспартам. У 1974 годзе пачалася адгрузка адсеву і друзу вадой па суднаходным канале, які злучыў склады з ракой Прыпяць. У красавіку 1976 года пачалася адгрузка прадукцыі па чыгунцы. У 2011 годзе была ўведзена ў строй пятая тэхналагічная лінія. З яе пускам зацверджаная магутнасць па шчэбні склала за 16 000 тыс. тон/год. З 11 ліпеня 2012 года распачата рэалізацыя інвестыцыйнага праекта "Будаўніцтва горнаабагачальнага камбіната на базе радовішча Сітніцкае вытворчай магутнасцю па шчэбні 9 млн тон".

Катэгорыя:Прадпрыемствы Беларусі па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў Катэгорыя:Мікашэвічы Катэгорыя:Прадпрыемствы Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Эканоміка Лунінецкага раёна