«Інтурыст» — гасцініца ў Брэсце. Размешчана па адрасе праспект Машэрава, 15. Пабудавана ў 1975 г. па праекце архітэктараў Г. Бенядзіктава, В. Астаповіча, А. Лукомскай.

Архітэктура Уяўляе сабой дзесяціпавярховы будынак, разлічаны на 300 месцаў. Прасторавы эфект дасягаецца кантрасным спалучэннем вышыннага жылога корпуса-пласціны і нізкага гарызантальна выцягнутага блока харчавання. Шматпавярховы аб’ём пастаўлены тарцом да вуліцы, мае развіты ніжні паверх, у якім размешчана вестыбюльная група з прасторным холам. Жылая частка будынка зроблена з панельных канструкцый, навешаных на двухкансольныя рамы, вертыкалі якіх ствараюць асноўны рытм зашклёнай фасаднай плоскасці.

У будынку калідорнай планіроўкі з двухбаковым размяшчэннем нумароў ёсць холы, ліфтавыя вестыбюлі. Кожны нумар (пакой з калідорам-пярэдняй) разлічаны па 1—2 чалавек. Інтэр’ер нумароў вызначаецца добрымі прапорцыямі, высокай якасцю аддзелачных работ і зручнай мэбляй.

У дэкаратыўным афармленні залаў рэстарана выкарыстаны нацыянальныя традыцыі. У зале 1-га паверха драўляная абшыўка пілонаў пакрыта разным раслінным і геаметрычным арнаментам (мастак I. Сідараў). Уваходы з залы ў рабочыя памяшканні аформлены дэкаратыўнымі перагародкамі, у металічны каркас якіх на 1-м паверсе ўманціраваны прамавугольныя кампазіцыі са стылізаванымі выявамі жывёл і птушак Беларусі (чаканка на медзі; мастак У. Ізяргін). У вялікай зале 2-га паверха ў ажурную металічную перагародку асіметрычна ўкампанаваны прамавугольныя барэльефныя кампазіцыі розных памераў: «Паляванне ў Белавежскай пушчы», «Вяселле» (разьба па дрэве; мастак I. Хоміч). Манахромную плоскасць сцяны банкетнай залы ажыўляе пано на тэму княжацкага вясельнага балявання (маркетры; мастакі У. Ізяргін, В. Сабалеўскі).

Літаратура

Катэгорыя:Гасцініцы Брэста Катэгорыя:Славутасці Брэста Катэгорыя:1975 год у Брэсце Катэгорыя:праспект Машэрава (Брэст) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Георгія Бенядзіктава Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Валянціна Астаповіча Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Алены Лукомскай