Чыкаса (саманазва: Chikashsha) — індзейскі народ у ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Аклахома і Паўднёвая Караліна. Агульная колькасць (2010 г.) — 27 973 чалавек2010 Census CPH-T-6. American Indian and Alaska Native Tribes in the United States and Puerto Rico: 2010.
Паходжанне У XVIII — першай траціне XIX стст. чыкаса насялялі землі на захадзе сучасных штатаў Кентукі і Тэнесі, а таксама на поўначы штатаў Місісіпі і Алабама. Яны размаўляюць на адной з моў сям’і маскогі, блізкай да мовы чакта. Згодна паданням чыкаса, іх продкі і продкі чакта мелі адзінае паходжанне, прыйшлі з зямель на захад ад ракі Місісіпі і разлучыліся ўжо на ўсходзе ад яеThe Chickasaw Migration Story: Journey from the Place of the Setting Sun. Ад імя правадыра Чыкса паходзіць назва народа.
Мяркуецца, што прарадзімай магла быць даліна ракі ТамбігбіClark, B. Indian Tribes of Oklahoma: A Guide. — P. 95. Перасяленне адбылося да кантактаў з еўрапейцамі, бо ў 1540 г. экспедыцыя Эрнанда дэ Сота сутыкнулася з чыкаса ў раёне сучаснага горада ТупелаEthridge, R. From Chicaza to Chickasaw: The European Invasion and the Transformation of the Mississippian World, 1540—1715. З 1670-х гг. назва чыкаса фіксуецца на поўнач ад месцаў рассялення чакта.
Гісторыя Чыкаса ўпершыню ўзгадваюцца ў апісанні экспедыцыі іспанскіх канкістадораў на чале Эрнанда дэ Сота ў 1540 г. Пасля заснавання англійскай калоніі ў Караліне ў 1670 г. чыкаса ўсталявалі з ёю кантакты, частка насельніцтва перасялілася бліжэй да англійскіх паселішчаў. У 1702 г. французскія гандляры ацэньвалі агульную колькасць гэтага народа ў 10 тысяч чалавек, у тым ліку каля 2 тысяч дарослых мужчын-воінаў. Аднак да 1761 г. колькасць воінаў знізілася да 400CHICKASAW HISTORY . Гэта тлумачыцца ваеннымі дзеяннямі, якія чыкаса вялі супраць чакта і іншых французскіх саюзнікаў.
У 1786 г. чыкаса заключылі саюзны дагавор з ЗШАTreaty of Hopewell і ў далейшым падтрымлівалі амерыканцаў у войнах супраць іншых індзейскіх плямён на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе«Mad Anthony» Wayne and the End of the Northwest Indian WarGeorge (Chooshemataha), Levi (Itawamba Mingo), and William (Tootemastubbe) Colbert. У першай трэці XIX ст. значная ўлада апынулася ў руках братоў Кольберт, нашчадкаў шатландскага гандляра і жанчын-чыкаса. Яны служылі ў амерыканскай арміі і пасля атрымання пасад правадыроў актыўна супрацоўнічалі з уладамі ЗША. У 1816 г. і 1818 г. яны выступілі за перадачу часткі тэрыторый белым пасяленцам. Дагаворы прадугледжвалі кампенсацыю правадырам у памеры 100—150 долараў, але братам Кольбертам перадалі па 1000 долараў, іншыя грашовыя выплаты і зямельныя гарантыі. Пад уплывам амерыканцаў чыкаса былі ўцягнуты ў рынкавую эканоміку, стваралі камерцыйныя плантацыі, дзе выкарыстоўвалі працу неграў-рабоў. Так, у 1837 г. у іх было 1 156 рабоўCHICKASAW HISTORY .
Хаця ў ЗША чыкаса разглядаліся як адно з пяці «цывілізаваных плямён», якія згодна праграме Б. Хокінса маглі быць «акультураваны», у 1820-х гг. амерыканская палітыка ў дачыненні гэтага народа змянілася. Правадырам прапаноўвалася перадаць за кампенсацыю ўсе карэнныя трыторыі і перасяліцца ў Аклахому. Падчас перагавораў 1826 г. і 1827 г. чыкаса адказалі адмовай. У 1828 г. Леві Кольберт, што займаў пасаду вярхоўнага правадыра, даследваў прапанаваныя для перасялення землі і знайшоў іх непрыдатнымі. Але ў 1830 г. пасля новай экспедыцыі ён змяніў сваё меркаванне і выступіў за падпісанне адпаведнага дагавораGeorge (Chooshemataha), Levi (Itawamba Mingo), and William (Tootemastubbe) Colbert. 20 — 27 жніўня 1830 г. правадыры чыкаса сустрэліся з прэзідэнтам Э. Джэксанам і пасля складаных перамоў пагадзіліся падпісаць пагадненне аб перасяленні на захадChickasaw Treaty Council Of 1830. Гэты дагавор так і не быў ратыфікаваны кангрэсам, таму перамовы працягваліся ў 1832 г., 1834 г. і ў 1835 г. Між тым, землі, знойдзеныя Леві Кольбертам, былі заняты чакта, якія адмаўлялі прадаваць іх і прапаноўвалі чыкаса стаць суб’ектам іх палітычнай канфедэрацыі. У 1837 г. пад пагрозай ужывання арміі амерыканцы прымусілі чыкаса пачаць перасяленне. Яно адбывалася за сродкі, атрыманыя з кампенсацыі. 530 тысяч долараў чыкаса перадалі чактаThe Removal of the Chickasaw Indians. У выніку на новым месцы яны апынуліся ў гаротным стане і былі вымушаны звяртацца за дапамогай да ўрада ЗША. Група чыкаса чалаклава не ўдзельнічала ў перамовах, а таму засталася на сваіх землях у Паўднёвай Караліне. Іх нашчадкі з’яўляюцца грамадзянамі ЗША і прызнаны як племянная супольнасць з боку штата Паўднёвая Караліна.
Чыкаса, пераселеныя ў Аклахому, спярша ўваходзілі ў канфедэрацыю чакта. 22 чэрвеня 1855 г. два народы падпісалі дагавор, згодна якому племянныя тэрыторыі чыкаса вылучаліся ў асобнае дзяржаўнае фарміраванне. 30 жніўня 1856 г. была прынята Канстытуцыя нацыі чыкасаConstitution, Laws, and Treaties of the Chickasaws, што рэгламентавала падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, дзяржаўную школьную адукацыю і захаванне рабства. Замест спрэчнай постаці вярхоўнага правадыра ўводзілася пасада губернатара. Ён узначальваў выканаўчую ўладу. Першым губернатарам стаў правадыр Сайрус ХарысPAST GOVERNORS , занепакоены ўмяшвальніцтвам амерыканцаў ва ўнутраныя справы індзейцаў. Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША, урад чыкаса падтрымаў Канфедэратыўныя Штаты. Пасля іх паражэння ў 1866 г.Chickasaw — Unconquerable in the Mississippi Valley быў вымушаны падпісаць мірны дагавор з ЗША, які прадугледжваў вызваленне рабоў, наданне ім статуса паўнапраўных грамадзян. Паколькі чыкаса не выканалі ўмову аб наданні былым рабам грамадзянства, ЗША пакаралі іх анексіяй часткі тэрыторый.
У 1907 г. са стварэннем штата Аклахома аўтаномная дзяржава чыкаса перастала існаваць. Аднак у 1970 г. кангрэс ЗША ўзнавіў дазвол на выбранне самастойных органаў улады. У нашы дні ўрад нацыі чыкаса месціцца ў горадзе Ада, дзейнічае Канстытуцыя, прынятая ў 1990 г.
Асаблівасці культуры З часоў існнавання місісіпскай культуры найважнейшым гаспадарчым заняткам чыкаса было земляробства. Асноўную працу на зямлі выконвалі жанчыны, таму зямля пераходзіла ў спадчыну па жаночай лініі, адлік сваяцтва вёўся пераважна па жаночай лініі. У XVII ст. саюз з англічанамі дазволіў атрымоўваць і выкарыстоўваць агнястрэльную зброю супраць суседніх плямён. У 1720—1725 гг. і 1733—1743 гг. чыкаса вялі войны супраць французскіх каланістаў і іх саюзнікаў. Еўрапейцы разглядалі іх як найбольш ваяўнічы народ у рэгіёне МісісіпіChickasaws: The Unconquerable People . Сталыя ваенныя дзеянні садзейнічалі ўмацаванню вайсковай культуры сярод мужчын і ўсталяванню ўлады ваенных правадыроў.
Да XIX ст. чыкаса не мелі агульнага кіравання. Асноўнымі палітычнымі і гаспадарчымі адзінкамі былі паселішчы да 200 жыхароў. Іх будавалі на ўзвышшах каля рэк, умацоўвалі драўлянымі частаколамі. Паселішчы складаліся з самастойных гаспадарак. Кожная з іх уключала некалькі драўляных будынкаў для жытла і захавання збожжа. Акрамя таго ў паселішчах былі рытуальныя гульнёвыя пляцоўкі, будынак для рады старэйшынHOUSING. Грамадства падзялялася на матрылінейныя роды. Яны насілі назвы жывёлін, ім прыпісваліся асаблівыя ўласцівасціAncient Chickasaw Culture & the Muskogean Clan System. Шлюбы знутры родаў былі забароненыSOCIETY.
У другой палове XVIII — першай палове XIX ст. ваенныя правадыры склалі надродавую палітычную структуру на чале вярхоўнага правадыра. Ад імя правадыроў вяліся перагаворы з брытанцамі, а потым амерыканцамі, правадыры прымалі і размяркоўвалі падарункі за ваенную падтрымку і перадачу зямель. З пачатку XIX ст. сярод чыкаса актыўна вялася місіянерская дзейнасць. Місіянеры адчынялі школы, лекавалі мясцовых жыхароў. Такая сістэма фактычна пратрымалася да прыняцця Канстытуцыі 1856 г.Constitution, Laws, and Treaties of the Chickasaws Перасяленне ў Аклахому і спыненне існавання аўтаноміі ў 1907—1970 гг. спрыялі разбурэнню традыцыйнай сістэмы ўлады, хаця памяць пра роды і матрылінейны адлік сваяцтва захаваліся.
Літаратура Clark, B. Indian Tribes of Oklahoma: A Guide. — University of Oklahoma Press, 2009 ISBN 978-0-8061-4060-5 Ethridge, R. From Chicaza to Chickasaw: The European Invasion and the Transformation of the Mississippian World, 1540—1715 / R. Ethridge. — Chapel Hill: University of North Carolina Press, 2010 ISBN 978-0-8078-3435-0 Minahan, J. Ethnic Groups of the Americas: An Encyclopedia/ J. Minahan. — Santa Barbara, Denver, Oxford: ABC-CLIO, 2013 ISBN 978-1-61069-163-5
Спасылкі
Нацыя чыкаса Чыкаса Паўднёвай Караліны Рада чыкаса Агенцтва чыкаса Радыё чыкаса Навіны чыкаса Культурны цэнтр чыкаса Фонд Інкана
Катэгорыя:Індзейцы Паўночнай Амерыкі Катэгорыя:Народы ЗША