Аляксей Васіле́ня (, в. Малая Бераставіца, цяпер Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласць — , Сідней, Аўстралія) — беларускі грамадскі і вайсковы дзеяч.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і чыноўніка. Вучыўся ў Гродзенскім рэальным вучылішчы. Падчас Першай сусветнай вайны — у эвакуацыі. Скончыў рэжысёрскія курсы ў Новарасійску. Пасля Кастрычніцкага перавароту ваяваў у кавалерыйскім корпусе генерала Дзянікіна. На пачатку 1920-х гадоў — польскі вайсковец, служыў у Вільні ў сапёрных частках. У 1921 годзе вярнуўся на радзіму, працаваў у Беларускім аб’ездным тэатры да моманту яго ліквідацыі польскімі ўладамі. У 1927—1928 гг. сакратар Палескага аддзела Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Пазней выконваў абавязкі сакратара беларускага пасольскага клуба «Змаганне».

У часе нямецкай акупацыі — кіраўнік Беларускай народнай самапомачы ў Слоніме, маёр БКА, кіраўнік канцылярыі Галоўнага камандавання БКА, удзельнік Другога Усебеларускага кангрэсу. Сябра Беларускай незалежніцкай партыі, Таварыства беларускай школы, Беларускай каапэрацыі. Улетку 1944 г. выехаў у Германію, жыў у Берліне, займаў пасаду сакратара Прэзідыума Беларускай Цэнтральнай Рады. У лагерах для перамешчаных асобаў рэдагаваў сатырычны часопіс «Смехам па галаве», у Гамбургу разам з Сяргеем Хмарам і Міколам Паньковым выдаваў сатырычны часопіс «Маланка».

З 1949 года жыў у Аўстраліі. Актыўны ўдзельнік жыцця беларускай грамады ў Сіднеі. Адзін з арганізатараў Беларускага аб’яднання ў Новым Паўднёвым Уэльсе, у якім займаў розныя пасады. Шматгадовы распаўсюднік беларускага друку і сталы прадстаўнік газеты «Беларус» у Сіднеі.

Літаратура

Катэгорыя:Беларусы ў Аўстраліі Катэгорыя:Выпускнікі Гродзенскага рэальнага вучылішча Катэгорыя:Нарадзіліся ў Бераставіцкім раёне Катэгорыя:Члены Беларускай незалежніцкай партыі‎ Катэгорыя:Члены Беларускай цэнтральнай рады‎ Катэгорыя:Члены Беларускай краёвай абароны Катэгорыя:Члены Беларускай народнай самапомачы‎