Васіль Нарымонтавіч (? — 1390) — князь пінскі (1348—1390)

Сын пінскага князя Нарымонта Гедзімінавіча. Упершыню згаданы пад 1355 годам, але ў дакуменце 1586 года з «выпісам» ранейшай фундацыйнай граматы царквы Раства Божай Маці ў Куранцы ад «пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого»Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя… С. 14-16.. Праз такую згадку Юзаф Вольф падаў у сваёй працы князя Васіля Нарымонтавіча сынам Міхаіла Нарымонтавіча і ўнукам Нарымонта. Такой думкі трымаўся і Юзаф Пузына. Пры гэтым князь Міхаіл Нарымонтавіч з крыніц не вядомы. Пазней, Аляксандр Белы, у рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, выказаў думку тоеснасці пінскага князя Васіля Нарымонтавіча з друцкім князем Васілём Міхайлавічам і, адпаведна, Міхаіла Нарымонтавіча з друцкім князем Міхаілам, згаданым пад 1330 годамБелы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 297—298..

Пазней Юзафу Вольфу пярэчыў Ян Тэнгоўскі, які адзначыў неадпаведнасць індыкта году, траплянне Мсціслава пад уладу Літвы толькі ў 1359 годзе і анахранічнасць паняццяў, то бок на яго думку Васіль Нарымонтавіч у 1355 годзе не мог называцца ні «панам», ні «мсціслаўскім». Наогул, Тэнгоўскі лічыў «выпіс» з 1355 года фальсіфікатам, фундатарам куранецкай царквы мсціслаўскага князя Васіля Міхайлавіча Заслаўскага, а Васіля Нарымонтавіча сынам Нарымонта, а не ўнукам, але пры гэтым не тоесным пінскаму князю ВасілюTęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań—Wrocław, 1999. — S. 26.. Аднак, Васіль Варонін заўважыў, што калі адлічваць індыкты не студзеньскай сістэмай, прынятай у каталіцкім свеце, а вераснёўскай, прынятай на праваслаўных землях, то 9 індыкт і праўда прыпадае на 1.9.1355-31.8.1356 гадоў, але і ён лічыць «выпіс» падазроным, у т.л. праз анахранічныя паняцці, аднак, спрабуе тлумачыць скажэнні тэксту сярэдзіны XIV ст. шматкротным перапісваннем, а таксама паказаць траплянне Мсціслава пад уладу Гедзімінавічаў раней за 1359 год. Аляксандр Груша лічыць, што калі «выпіс» і не фальсіфікат, то яўна скажоны і ў ім, магчыма, змяшана ў адно некалькі імёнаў фундатараў, праз што Васіль Нарымонтавіч атрымаў дадатковае імя па бацьку — Міхайлавіч, і такім чынам князь Міхаіл Нарымонтавіч — асоба створаная разважаннямі Юзафа ВольфаГруша А. І. Мяноўная грамата… С. 6-7; С. 7, заўв. 1.. З думкай Яна Тэнгоўскага, што Васіль Нарымонтавіч не ўнук, а сын Нарымонта, згодны і Яраслаў НікодэмNikodem J. Narymunt Giedyminowicz i jego uposazenie // Scriptura custos memoriae. Prace historyczne. — Poznań, 2001. — S. 622.. Наконт тоеснасці пінскага князя Васіля Нарымонтавіча з друцкім Васілём Міхайлавічам, Васіль Варонін заўважае, што нават калі Васіль Нарымонтавіч і быў Міхайлавічам, і жыў тым самым часам, і быў таксама прыхільны культу Багародзіцы, то займаў іншыя пазіцыі — быў прыхільнікам караля Ягайлы, калі друцкі князь Васіль Міхайлавіч быў прыхільнікам полацкага князя Андрэя Альгердавіча.

Наступным разам «Васіль князь Пінскі» (Wassily dux Penen) згаданы 27 кастрычніка 1386 года, калі ў Луцку прысягнуў на вернасць польскім каралю Уладзіславу Ягайлу і каралеве Ядвізе. Паводле Мацея Стрыйкоўскага, «Нарымонт Васіль Пінскі» браў удзел у вясельных урачыстасцях у Кракаве ў 1386 годзе. Князь «Васіль з Пінска» (Wassilio de Pinsko) 11 жніўня 1387 года разам з князем Вітаўтам і іншымі даў галіцкаму ваяводу Бенедыкту грамату пра добразычлівасць і дапамогу.Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 7-8.

Праз меркаванне Юзафа Вольфа, з пінскім князем Васілём Нарымонтавічам атаясняюць нейкага князя Васіля Міхайлавіча, другога сярод паручыцеляў за Грыдку Канстанцінавіча перад вялікім князем Скіргайлам у грамаце 1390—1392 гадоў. Цяпер, праз сумнеўнасць гэтага атаяснення, прапанаваны іншыя варыянты, яшчэ Ян Тэнгоўскі не выключаў, выбіраючы толькі сярод Гедзімінавічаў, што гэта мог быць сын Міхаіла Яўнутавіча або Міхаіла КарыятаГруша А. І. Мяноўная грамата… С. 8, заўв. 1.. Пазней Андрэй Кузьмін прапанаваў атаясненне гэтага паручыцеля з друцкім князем Васілём МіхайлавічамКузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 58..

Таксама захавалася недатаваная менавая грамата, якую «князь Васіль Нарымонтавіч», не тытулаваны пінскім, але відавочна ўладарны князь, даў Паўлу Катовічу на землі ў Пінскім княстве. На думку Аляксандра Грушы, грамата выдана ў 1390 годзе, у самым канцы жыцця Васіля Нарымонтавіча, па-першае, бо выдана ад імя князя Васіля, а зацверджана ўжо яго сынам князем Фядушкам, па-другое, бо планаваны «двор» на абмененых землях, напэўна, так і не быў пабудаваны. У свой час Ян Тэнгоўскі ведаў пра гэту грамату, але толькі ў «выпісе» з «Рэвізіі пушч і пераходаў звярыных» ад 1559 года ў выданні XIX ст., напэўна, лічыў яе такім самым фальсіфікатам як «выпіс» 1586 года з фундацыі куранецкай царкве і за крыніцу не разглядаў, таму грамата не згадана ў яго працы, а князь Фядушка не пададзены сярод нашчадкаў Нарымонта. Грамата, аднак, захавалася ў арыгінале, які быў даследаваны і апублікаваны ў 2010 годзе Аляксандрам Грушам. Грамата — адзіная крыніца, дзе пінскі князь Васіль называецца з імем па бацьку — Нарымонтавічам, прытым выданая ім самім, і, такім чынам, пацвярджае рацыю Яна Тэнгоўскага.Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 24.

На думку Юзафа Вольфа, князь Васіль Нарымонтавіч памёр у канцы XIV ст. Пазней Юзаф Пузына, уда­кладніў дату — 1390 год, ён прыйшоў да высновы, што забіты на загад князя Вітаўта, паводле Яна Длугаша і Мацея Стрыйкоўскага, «князь Нарымунд» тоесны Васілю Нарымонтавічу. Паводле Яна Длугаша, «князь Нарымунд» кіраваў абаронай віленскіх замкаў ад князя Вітаўта з немцамі і трапіў у палон, тады Вітаўт раззлаваны нейкай «падступнасцю» князя «Нарымунда» загадаў павесіць яго за ногі на возе і расстраляць з лукаў.Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 20.

Паводле Длугаша, жонкай «Васіля Нарымота» была Ульяна — родная сястра Ганны, жонкі Вітаўта, то-бок таксама дачка смаленскага князя Святаслава Іванавіча. Напэўна, шлюб з Ульянай быў не першым, сама яна перад тым была жонкай баярына Бутрыма (пам. 1382), пляменніка вялікай княгіні Біруты, а пасля яго казні выйшла за Васіля Нарымонтавіча, пасля і яго казні, трэцім шлюбам — за ўплывовага баярына Манівіда КайлікінавічаЛіцкевіч А. У. Комплекс звестак «Летапісца вялікіх княёў літоўскіх» пра нобіля Вайдылу: да праблемы верагоднасці і кантэксту // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории И87 Восточной Европы : науч. сб. Вып. 6. — Минск : РИВШ, 2013. — 314 с. — С. 155..

Меў прынамсі аднаго сына — князя Фядушку, пэўна, ад папярэдняга шлюбу, бо да 1390 года сын быў паўналетні і меў уласную пячатку.Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 25.

Літаратура

Катэгорыя:Гедзімінавічы Катэгорыя:Нарымонтавічы Катэгорыя:Князі пінскія