Магілё́ў () — горад абласнога падпарадкавання ва ўсходняй частцы Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Магілёўскага раёна і Магілёўскай вобласці. Порт на рацэ Дняпро. Знаходзіцца за 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў, аўтамабільных дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Трэці паводле колькасці насельніцтва горад краіны.
Назва Тапонім «Магілёў», відавочна, мае патранамічнае паходжанне — ад асабістага імя Магіла, якое ў сваю чаргу ўтварылася ад адпаведнай славянскай асновы. Выказваліся таксама меркаванні пра сувязь тапоніма з канкрэтнай гістарычнай асобай — галіцкім князем Львом Данілавічам Могіем («Магутным Ільвом»), які нібыта збудаваў у 1267 годзе замак у сутоках рэчак Дубравенка і Дняпро (археалагічныя раскопкі не выявілі гэтага ўмацавання). Некаторыя даследчыкі лічаць, што назва Магілёва паходзіць ад імя князя полацкага Льва Уладзіміравіча (Льва Магутнага).
Народнае паданне звязвае назву горада з імем асілка Машэкі, над магілай якога насыпалі вялікі курган, названы Магілай Льва (захавалася ўрочышча Машакоўка). Народны паэт Беларусі Янка Купала апрацаваў гэту легенду ў аднайменную паэму. Паводле «Запісак ігумена Арэста», у старажытнасці на месцы Магілёва быў стан разбойнікаў (іх атамана звалі Магіла) і шматлікія магілы забітых імі людзей, каля якіх узнікла вёска Магілка
Гісторыя
Старажытны Магілёў Паводле археалагічных раскопак, старажытнае паселішча існавала на месцы Задубравенскага пасада яшчэ ў XII ст. Апроч таго, на гары Магіла мелася даўняе ўмацаванне. У пачатку XIII ст. Магілёў, відаць, быў цэнтрам феадальнай сядзібы-вотчыны і выконваў функцыі фартэцыі. У пачатку XIV ст. горад далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці.
Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае
Упершыню Магілёў згадваецца ў «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх», што датуецца канцом XIV ст. Таксама ёсць паданне пра заснаванне горада галіцка-валынскім князем Львом Данілавічам у XIII ст., ад якога імя горад нібыта атрымаў сваю назву, але гэтыя звесткі неверагодныя. Імаверна, горад заснаваны ў 2-й палове XIV ст., больш ранняга матэрыялу археалагічныя даследаванні не выявілі, і на месцы будаўніцтва першага замка будаўнікамі быў выяўлены вялікі старажытны грунтавы могільнік — відаць, адсюль пайшла назва горада. У гэты час Магілёў знаходзіўся ва ўладанні каралевы Ядвігі, жонкі караля і вялікага князя Ягайлы. У 1431 годзе ён перайшоў да вялікага князя Свідрыгайлы, а ў 1503 — да вялікай княгіні Алены Іванаўны.
У XV ст. Магілёў быў адным з важных пунктаў на гандлёвых шляхах, што вялі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, тут мелася ўласная мытня. Пад 1447 годзе згадваецца праваслаўная Спаская царква. У пачатку XVI ст. горад увайшоў у склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.
У сувязі з падзеннем Смаленска (1514) і пераходам яго на стагоддзе пад уладу Маскоўскай дзяржавы, многія тамтэйшыя купцы перабраліся ў Магілёў. Праз гэта яго ваколіцы неаднаразова (у 1518, 1519 і 1535 гг.) цярпелі ад рабаўніцкіх набегаў маскоўскіх захопнікаў, якія, аднак, самім горадам авалодаць не здолелі. У 1526 годзе скончылася будова новага замка. У 1561 годзе горад атрымаў права на войтаўства.
Магiлёў атрымаў магдэбургскае права ў 1561 г., а 28 студзеня 1577 г. кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Магілёву поўнае Магдэбургскае права і першы герб. У велікакняжацкай грамаце зазначалася:
На 1577 год у Магілёве быў 1261 жылы дом (на 1588—1500 жылых дамоў). У Інфлянцкую вайну 27 чэрвеня 1581 г. маскоўскія захопнікі цалкам знішчылі Задубровенскі пасад, спалілі 10 будынкаў у Пакроўскім пасадзе, але штурм Старога горада і замка быў безвыніковым. Пад 1588 упершыню згадваецца тутэйшы рымска-каталіцкі касцёл. Недзе ў 1590—1592 гг. у Магілёве адкрылася агульнаадукацыйная брацкая школа, у якой вывучалі старабеларускую і лацінскую мовы. У 1594—1604 гг. ішло ўзвядзенне першага мураванага будынка — Фарнага касцёла. 13 снежня 1595 г. казацкія загоны С. Налівайкі спалілі каля 40 % забудовы Магілёва, у тым ліку некалькі цэркваў, і знішчылі значную колькасць гараджан. Захавалася паведамленне пра тыя падзеі:
У 1601—1633 гг. завяршылася будаўніцтва развітой абарончай сістэмы гарадскіх умацаванняў з трох ліній абароны. Першую лінію складаў замак — «Высокі горад», другая лінія ўмацаванняў — Кругавы (альбо Бліжні) вал — ахоплівала Стары горад і мела чатыры брамы, трэцяя лінія абароны — Палявы (Дальні, Кругавы) вал — у розныя часы мела розныя памеры і колькасць брам. На 1604 год тэрыторыя Магілёва падзялялася на 15 соцень. У межах Старога горада (Нагорскі пасад) знаходзіліся Астрожская і Нагорская сотні, за імі ва ўсходнім кірунку размяшчалася Ледкаўская сотня, на правабярэжжы Дняпра (Пакроўскі пасад) — Курдзянеўская, Перахрысценская, Слабодская, Грыўлянская, Выганская і Бярозаўская сотні, за Дубравенкай (Задубравенскі пасад) — Папінская, Трыснёнская, Каскоўская, Дабраслаўская сотні, за Дняпром (Задняпроўскі пасад) — Траецкая і Лупалаўская сотні.
У пачатку XVII ст. Магілёў быў адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага (у 1604 налічваў 15 тыс. жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў), меў права на правядзенне двух рэгулярных кірмашоў. У 1616 годзе пры Магілёўскім брацтве пачала працаваць друкарня, у якой на працягу XVII—XVIII стст. надрукавалі каля 40 кніжак. У 1632 годзе тут заснавалі адзіную ў той час на Беларусі праваслаўную епархію. У сяр. XVII ст. умацаванні Старога горада налічвалі 4 брамы: Алейную, Ветраную, Каралеўскую і Дубравенскую; у Палявым вале, які абкружаў Новае горада, стаяла 8 драўляных брам: Курдзянеўская (Гваздоўка), Ледзвяеўская, Шклоўская дальняя, Віленская, Уструшненская, Трыснёнская, Быхаўская, Папінская.
З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 годзе магілёўцы здалі горад маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 г. у выніку народнага паўстання гараджане знішчылі акупацыйную залогу. За выяўленую ў час паўстання мужнасць 9 чэрвеня 1661 г. кароль і вялікі князь Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй. Апроч таго, горад атрымаў новы герб «у блакітным полі тры сярэбраныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узнятым мячом, а над ім герб — Пагоня». У 1681 годзе на гандлёвай плошчы ўзвялі новую мураваную ратушу (першая была драўлянай і знаходзілася на вуліцы Ветранай). У XVIII ст. у горадзе дзейнічаў шпіталь, які знаходзіўся каля Алейнай брамы.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 8 верасня 1708 года расійскія войскі па загаду цара маскоўскага Пятра I спалілі Магілёў. На 1745 год у горадзе быў 1301 будынак, працавалі некалькі цагельняў — «Антона Апоці», «паноў Батвіннікаў», «Дарошкі з братам Сапрончыкаў». На тэрыторыі пасад знаходзіліся «ізба цэху шавецкага… цэх гарбарскі… дом цэхавы пякарскі… цэх шавецкі», непадалёку ад царквы Св. Міколы — «цэх алейніцкі». Тут жылі злотнікі (ювеліры), алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы і кавалі. На 1756 год дзейнічала 9 праваслаўных цэркваў і 2 манастыры, 2 уніяцкія цэрквы (Дальняя Уваскрэсення Хрыстова і Пакрова Прасв. Багародзіцы), 6 рымска-каталіцкіх касцёлаў і 3 кляштары (кармелітаў, езуітаў і бернардзінцаў). На 1765 год у горадзе налічвалася 1879 будынкаў.
Перыяд Расійскай імперыі У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Магілёў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам аднайменнай губерні. 22 лістапада 1773 года тут размясціўся цэнтр Беларускай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, пры якой адкрыліся семінарыя і акадэмія. У 1780 годзе ў горадзе адбылася сустрэча паміж расійскай імператрыцай Кацярынай II і аўстрыйскім імператарам Іосіфам II, у гонар чаго быў закладзены Сабор Св. Іосіфа. У 1781 годзе расійскія ўлады даравалі Магілёву новы герб, таксама з выявай Пагоні. У канцы ХVIII ст. у горадзе было 22 вуліцы, 32 завулкі, 2000 будынкаў; працавала 33 прадпрыемствы, у тым ліку 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельні, 2 вадзяныя млыны, каля 240 крам, праводзілася 3 кірмашы на тыдзень.
У 1809 годзе на базе народнага вучылішча (дзейнічала з 1789 года) адкрылася Магілёўская гімназія. У ходзе вайны 1812 года горад на пэўны час занялі французскія войскі. У 1838 годзе пачала выдавацца газета «Могилевские губернские ведомости». У 1848—1856 гадах праз горад прайшла шаша, у 1902 годзе — Пецярбургска-Адэская чыгунка. У 1867 годзе ў Магілёве заснавалі музей, у 1888 годзе завяршылася будоўля гарадскога тэатра. У 1879 годзе з’явіўся водаправод. У час Усерасійскага перапісу (1897) 12 847 магілёўцаў (або 29,79 % ад усіх гараджан) назвалі роднай мовай беларускую, што было найвышэйшым паказчыкам сярод усіх гарадоў на этнічнай тэрыторыі беларусаў. У чэрвені 1880 года гарадская ўправа Магілёва прыняла пастанову аб неабходнасці электрыфікацыі горада, і ўжо ўлетку пачалося ўзвядзенне будынка гарадской электрастанцыі (пушчана ў эксплуатацыю толькі ў 1910 годзе).
У Першую сусветную вайну са жніўня 1915 года ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у горадзе спыняўся расійскі цар Мікалай II. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі жыхары горада актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях, мітынгах і сходах, у дзейнасці палітычных партый, суполак, таварыстваў і арганізацый. Выходзілі газеты «Могилевский вестник», «Труд», «Жизнь», «Эхо» і інш.
Рэвалюцыі і інтэрвенцыі У сакавіку 1917 года быў створаны Магілёўскі Беларускі камітэт, адным з арганізатараў, а пазней старшынёй МБК быў Міхаіл Кахановіч. Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага пасля абвяшчэння савецкай улады ў лістападзе 1917 года занялі савецкія войскі.
У студзені 1918 года польскія часці Ю. Доўбар-Мусніцкага вялі наступленне на Магілёў. 5 сакавіка горад занялі германскія войскі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Магілёўская губерня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Па ініцыятыве МБК 31 сакавіка быў праведзены агульнагарадскі сход (каля 400 дэлегатаў) на якім было прынята рашэнне аб падтрымцы стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Германскія войскі адышлі пад канец 1918 года.
Часы Савецкай улады 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Магілёў увайшоў у склад БССР, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць яго са складу рэспублікі ў склад РСФСР. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Магілёўскую губерню часткай РСФСР. У 1924 годзе Магілёў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі і раёна (з 1938 года цэнтр Магілёўскай вобласці).
Вялікая Айчынная вайна У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 года да чэрвеня 1944 года Магілёў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Акупанты стварылі Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, перасылачны лагер для ваеннапалонных. Загінула 70 тыс. чал. У Магілёве дзейнічала падполле. Горад вызвалены ў чэрвені 1944 года войскамі 2-га Беларускага фронту падчас Магілёўскай аперацыі. У пасляваенныя гады Магілёў быў адбудаваны.
Пасляваенны перыяд У 1946 годзе тут адкрыўся першы аўтобусны маршрут, у 1970 годзе адбыўся пуск тралейбуса.
Суверэнная Беларусь У 2005 годзе гістарычны герб горада атрымаў афіцыйны статус, хаця ён шырока выкарыстоўваўся ўжо з пачатку 1990-х гадоў.
Геаграфія
Тэрыторыя горада падзяляецца ракой Дняпро на дзве няроўныя і неаднолькавыя па рэльефе часткі. Правабярэжная частка ўяўляе сабой паката-ўзгорыстае плато, якое абрываецца крутым уступам у даліне Дняпра. Левабярэжная частка горада размешчана ў даліне ракі Дняпро, на яго пойменай тэрасе. У тэктанічных адносінах тэрыторыя горада размешчана ў межах Маскоўскай упадзіны.
Даледавіковыя асадкавыя пароды выходзяць на дзённую паверхню ў агаленні рэк у выглядзе чацвярцічных адкладанняў. Яны з’яўляюцца ападкамі мораў палеазойскай і мезазойскай эр, што неаднаразова пакрывалі сучасную тэрыторыю Магілёўшчыны. Карэнныя пароды ў межах горада залягаюць пад моцнай тоўшчай чацвярцічных адкладанняў.