Касцёл Узвышэння Святога Крыжа — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Першамайск Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Размяшчаецца ў паўночнай частцы вёскі.
Гісторыя Да 1920 года жыхары Сабакінцаў (цяпер Першамайск) не мелі ўласнай святыні. Мясцовыя вернікі адносілся да Забалацка-Сабакінскай парафіі і былі вымушаны дабірацца да касцёла ў Забалаці. Парафіяне з Сабакінцаў пайшлі з прашэннем да мясцовай улады аб выдзяленні ім якога-небудзь будынка. У выніку ім перадалі склад, што знаходзіўся ў прыдатным стане. У 1923 годзе з’яўляецца касцёл пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа і парафія, якая пачынае называцца Сабакінскай.
У 1925 годзе быў арганізаваны камітэт пабудовы мураванага касцёла. Тэрыторыю для святыні ахвяраваў уладальнік маёнтка Сабакінцы Станіслаў Крыдаль. Новую святыню пасвяціў арцыбіскуп Віленскі Рамуальд Ялбжыкоўскі 17 кастрычніка 1938 года.
У савецкія часы касцёл пэўны час быў зачынены. Адрамантаваны і асвечаны ў 1990 годзе.
Архітэктура Помнік архітэктуры мадэрна. Вырашаны прамавугольным у плане аб'ёмам пад двухсхільным дахам. Да вуглоў франтальнага фасада далучаны чатырохгранныя двух’ярусныя вежы, прарэзаныя наверсе круглымі люкарнамі і завершаныя шпілямі з крыжамі. Цэнтральная частка фасада завершана франтонам з увагнутымі гранямі і вылучана акруглым казырком на двух чатырохгранных пілонах. Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі і контрфорсамі ў прасценках (рудыменты неаготыкі). 3 алтарнага боку далучана прамавугольная ў плане апсіда, да вуглоў якой прыбудаваны чатырохгранныя сакрысціі. Тарцовы фасад апсіды завершаны франтонам з увагнутымі схіламі (рудыменты неабарока).
Касцёл абкружаны бутавай агароджайПЕРШАМАЙСКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА.
Літаратура Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін.
Спасылкі
Першамайская (Сабакінцы) — парафія Узвышэння Святога Крыжа — http://catholic.by/
Катэгорыя:Першамайск (Шчучынскі раён) Катэгорыя:Касцёлы Шчучынскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:1918 год у Беларусі