Архірэ́йская Пу́стынь або Анто́ніева Пу́стынь — колішні хутар на левым беразе ракі Свіслач, уласнасць мінскіх архірэяў. Цяпер у межах Мінска, на тэрыторыі Мінскага аўтамабільнага завода.
На захадзе ад Архірэйскай Пустыні месціцца Шчотаўка, на паўночным усходзе — Слоўвец, на паўднёвым усходзе — Архірэйская Слабада.
Назва У праваслаўнай традыцыі — пустынь — адасобленае месца (скіт), дзе жыў адзін або некалькі манахаў-пустэльнікаў.
Гісторыя
У 1847 годзе, плануючы сысці з месца мінскага архіепіскапа, тут вырашыў пасяліцца мінскі архіепіскап Антоній Зубко. На атрыманыя ад Найсвяцейшага Сінода 3000 рублёў Антоній пабудаваў дом і царкву пры ім, царкву асвяцілі ў імя святога Антонія Пячэрскага. Архітэктарам дома быў епархіяльны архітэктар Восіп Андрэеевіч Выляжынскі (пам. 1869), які раней удзельнічаў у пабудове Мінскай духоўнай семінарыі, архірэйскага дома і храма на Траецкай гары.
Паселішча ўваходзіла ў склад Мінскага павета Мінскай губерні. Пасля 1861 года ў Сеніцкай воласці Мінскай губерні.
Падарожнік Павел Шпілеўскі, які быў тут ў 1850-х гадах, так апісваў паселішча: «аточаны бярозавымі і хваёвымі лясамі, вядомы сваёй чысценькай сажалкай, садам і домікамі з мяккай гліны з дамешкамі верасу, пабудаванымі паводле плану самога ўладальніка хутару архіепіскапа Антонія…, пры Пустыні заснаваная архірэйская царква ў імя святога Антонія»Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // .
Першапачаткова ў рэзідэнцыі жыў толькі Антоній Зубко, аднак неўзабаве сюды стаў рэгулярна наведвацца Міхаіл Галубовіч, наступны мінскі архірэй. Галубовіч разбіў у рэзідэнцыі вялікі сад з кветнікам, сярод раслін былі рэдкія для беларускага клімату віды. Пры Галубовічу рэзідэнцыю наведвалі найвышэйшыя чыны Мінскай губерні. У 1862 годзе Антоній Зубко з’ехаў з рэзідэнцыі, яна афіцыйна перайшла да мінскага Архірэйскага дома, і афіцыйна стала летняй рэзідэнцыяй мінскіх архірэяў.
9 сакавіка 1907 года архірэйскую дачу абрабавалі, а 17 траўня 1907 года здарыўся пажар. Цалкам згарэў дом з архірэйскімі пакоямі і царквой, а таксама яшчэ некалькі пабудоў. Неўзабаве дачу адбудавалі. У часе Першай сусветнай вайны ў Пустыні быў санаторый для хворых і параненых.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. За савецкім часам будынкі нацыяналізаваны, у іх размясцілі начны санаторый.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
Пасля вайны тэрыторыю хутара заняў Мінскі аўтамабільны завод і трасы вуліц Свіслацкай і Машынабудаўнікоў.
Насельніцтва 1908 год — 1 двор, 13 жыхароў 1917 год — 1 двор, 8 жыхароў, усе беларусы
Крыніцы
Літаратура Jelski A. Pustynia-Archirejska // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — T. IX Pożajście — Ruksze, 1888, 960 s.
Щеглов Гордей, иерей. Антониева Пустынь: страница из истории Минской епархии (XIX — начало XX в.) // Церковно-исторический альманах. — 2016. — № 3. — С. 40-49.
Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска