Зона адпачынку экіпажа — адсек або спецыяльна адведзенае месца ўнутры самолёта, прызначанае для адпачынку членаў экіпажа пры выкананні дальніх рэйсаў. Паколькі максімальна дапусцімая працягласць работы экіпажа абмежаваная авіяцыйным рэгламентам, а часам таксама працоўным заканадаўствам, рэйсы, якія па працягласці перавышаюць гэты час, выконваюцца са зменным экіпажам. Члены экіпажа могуць скарыстацца зонамі адпачынку ў нерабочы час..

Размяшчэнне

Адсекі для адпачынку экіпажа звычайна прысутнічаюць на далёкамагістральных лайнерах і могуць размяшчацца над пасажырскім салонам (у гэтым выпадку ў іх трэба падымацца па сходах) або побач з ім. Секцыі для пілотаў, размешчаныя ў пярэдняй частцы самалёта, аддзеленыя ад размешчаных ззаду секцый для бортправаднікоў.

На некаторых самалётах існуе магчымасць усталявання такога адсека ў выглядзе модуля (). Модуль альбо мае форму стандартнага грузавога кантэйнера і памяшчаецца ў грузавы адсек самалёта, размешчаны пад пасажырскім салонам (уваход у яго ажыццяўляецца праз спецыяльны люк, схаваны ад пасажыраў), альбо прызначаны для ўстаноўкі ўнутры пасажырскага салона. Такая схема дазваляе ўсталёўваць адсекі па неабходнасці і здымаць іх, калі борт не выкарыстоўваецца для далёкіх рэйсаў.

Адсекі адпачынку таксама могуць прысутнічаць на транспартных і ваенна-транспартных самалётах.

Апісанне Адсекі могуць абсталёўвацца спальнымі месцамі, часам — дадатковымі сядзеннямі. Спальныя месцы могуць быць койкамі або секцыямі капсульнага тыпу, могуць аддзяляцца перагародкамі ці фіранкамі. Ложкі маюць пасы на выпадак траплення ў турбулентнасць, аднак знаходзіцца на іх падчас рулення, узлёту і пасадкі забаронена. Адсекі таксама абсталёўвацца адмысловымі аддзяленнямі (якія закрываюцца) для дарожных сумак і іншых прадметаў. Месцы могуць быць абсталяванымі экранамі бартавой сістэмы забаў (IFE). Адсекі для пілотаў могуць мець асобны туалет.

У пакоях адпачынку забаронена знаходзіцца падчас рулення, ўзлёту і пасадкі. Выключэнні могуць рабіцца для адсекаў, абсталяваных крэсламі з пасамі. Для забеспячэння адпачынку адсекі могуць мець палепшаную гукаізаляцыю ў параўнанні з пасажырскім салонам.

Доступ пасажыраў у адсекі адпачынку абмежаваны рэгламентам. Для прадухілення несанкцыянаванага доступу ўваходы ў адсекі могуць быць абароненымі звычайнымі або кодавымі замкамі.

Наяўнасць і ўзровень аснашчанасці зон адпачынку вар’іруецца не толькі на розных тыпах самалётаў, але і на самалётах адной мадэлі ў розных авіякампаній. Самалёты абсталёўвацца адсекамі па жаданні заказчыка. У некаторых краінах наяўнасць такіх адсекаў патрабуецца заканадаўствам, напрыклад, у ЗША у патрабаваннях FAA ёсць палажэнні, паводле якіх адсекі адпачынку павінны прысутнічаць на доўгіх рэйсах, дзе выкарыстоўваецца некалькі змен экіпажа. Паколькі ўстаноўка гэтых секцый павялічвае кошт самалёта, кампаніі могуць на іх эканоміць, да прыкладу, не абсталёўваючы самалёты адсекамі для бортправаднікоў. Так, на далёкамагістральных самалётах Аэрафлота адасоблены адсек адпачынку ёсць толькі ў лётнага экіпажа, бортправаднікі ж могуць адпачываць толькі на задніх шэрагах салонаў, калі там няма пасажыраў.

Тыпы зон адпачынку FAA вызначае 3 класы зон адпачынку, якія павінны надавацца ў залежнасці ад колькасці членаў экіпажа і працягласці рэйса:

1 клас — адсек фізічна аддзелены ад кабіны пілотаў і пасажырскага салона; абсталяваны ложкамі або плоскасцямі для сну; ёсць магчымасць гукавой і светлавой ізаляцыі. 2 клас — ёсць магчымасць заняць ляжачае становішча (раскладныя сядзенні ў бізнэс-класе альбо некалькі размешчаных побач крэслаў эканомкласа); наяўнасць фіранак, якія можна запнуць. 3 клас — наяўнасць адкідных крэслаў з падтрымкай для ног.

Самалёты, абсталяваныя адсекамі адпачынку

Крыніцы

Катэгорыя:Грамадзянская авіяцыя Катэгорыя:Канструкцыя самалёта Катэгорыя:Паветраны транспарт