«Tygodnik Petersburski» () — палітычна-літаратурнае выданне, якое выходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў 1830—1859 гадах пад рэдакцыяй Юзафа Працлаўскага і (пачаткова) Францішка Малеўскага.
Ідэя выдання ўзыходзіць да намеру Адама Міцкевіча і Францішка Малеўскага стварыць у Пецярбургу польскамоўны літаратурны часопіса «Iris». Пасля выезду Міцкевіча за мяжу, у кантакце з ім Мікалай Маліноўскі аднавіў клопаты па атрыманні дазволу на польскамоўнае перыядычнае выданне, і ў 1828 годзе атрымаў яго — пад назвай «Tygodnik Petersburski». Жыццёвыя абставіны вымусілі Маліноўскага пакінуць Санкт-Пецярбург, таму кіраўніцтва праектам узялі на сябе Юзаф Працлаўскі і Францішак Малеўскі, — абодва літвіны, выпускнікі Віленскага ўніверсітэта і былыя «шубраўцы».
«Тыднёвік Пецярбургскі» задумваўся як «ўніверсальны» часопіс, які мусіў «падтрымліваць жыццё польскай мовы і літаратуры» ў Расійскай імперыі і ствараць «хоць нейкі прытулак для калег, калі яны зноў здабудуць здольнасць распараджацца сабой» (ліст Ф. Малеўскага да Я. Лелевеля ад 11 жніўня 1829 года ў Archiwum philomatów). Малеўскі як непасрэдную мадэль бачыў французскую газету «Le Globe», якая выходзіла ў Парыжы ў 1824—1832 гадах і чыёй галоўнай місіяй была прапаганда рамантычнай літаратуры, а з 1828 года яна прыкметна палітызавалася — перайшла на адкрыта ліберальныя пазіцыі і ў апазіцыю да рэстаўрыраваных Бурбонаў, адным з яе зацікаўленых падпісчыкаў быў Іаган Вольфганг Гётэ.
Арганізацыйныя клопаты занялі больш за год, і першы нумар выйшаў 15 студзеня 1830 года.Mikołaj Banaszkiewicz. «Tygodnik Petersburski» // Polski Petersburg Але ўжо ў лютым 1830 года Малеўскі, праз вялікую занятасць у 3-м дэпартаменце расійскага Сената ў аддзяленні Метрыкі ВКЛ, вымушаны значна абмежаваць свой удзел у выданні, якім амаль аднаасобна пачаў кіраваць Працлаўскі. У лістападзе 1830 года пачалося Лістападаўскае паўстанне ў Каралеўстве Польскім, і новая газета вымушана прыстасавалася да сітуацыі, заняла лаялісцкую пазіцыю, асуджала паўстанне і само імкненне палякаў дабіцца аднаўлення незалежнай дзяржавы ў прынцыпе. З 1831 года газета пачала выходзіць двойчы на тыдзень (па аўторках і пятніцах). Пасля паражэння паўстання, у 1832 годзе пецярбургская газета атрымала статус афіцыйнай урадавай газеты Каралеўства Польскага. А ў канцы 1834 года Малеўскі, расчараваны курсам газеты, паведаміў Працлаўскаму, што спыняе супрацоўніцтва.
З 1841 года — нефармальны орган так званай — прымірэнчай, праца́рскай, кансерватыўнай і артадаксальна-каталіцкай групы пісьменнікаў (Казімір Буйніцкі, Ігнацы Галавінскі, Міхал Грабоўскі, Аляксандр Пшаздзецкі, Юзаф Эмануэль Працлаўскі, Станіслаў Халанеўскі, Людвік Штырмер) на чале з Генрыкам Жавускім. Пэўны час актыўным аўтарам выдання быў і Юзаф Крашэўскі. Уплыў «катарыі» быў такім дамінуючым, што іншы погляд на літаратуру і грамадскае жыццё выказваўся толькі ў непадцэнзурных выданнях за межамі імперыі. Аднак пасля выхаду двухтомніка «Mieszaniny obyczajowe» Генрыка Жавускага, чыя ўльтракансерватыўная і згодніцкая да царызму пазіцыя абурыла большасць польскамоўнай публікі, узнялася вялікая хваля крытыкі, якую падтрымаў нават Юзаф Крашэўскі. Неўзабаве, аднак, і ён трапіў пад агонь крытыкі маладых літаратараў, якія заснавалі ў Кіеве альманах «Gwiazda», і гэта ў некаторай ступені вярнула яго ў лагер «Тыднёвіка Пецярбургскага».
Выданне змагалася з прагрэсіўнымі плынямі філасофскай думкі, выступала супраць дэмакратычных і рамантычных тэндэнцый у сучаснай польскай літаратуры. Яго мэтай была прапаганда польскай нацыянальнай літаратуры, асабліва гістарычных раманаў вальтэрскотаўскага тыпу, апалагетычных адносна «сармацкага» шляхецкага мінулага. Гэтая тэндэнцыя асабліва праяўлялася ў літаратурнай крытыцы Міхала Грабоўскага, прозе Генрыка Жавускага і публіцыстыцы ксяндза Ігнацыя Галавінскага, будучага каталіцкага мітрапаліта Расійскай імперыі. У галіне эстэтыкі і маральнасці «Тыднёвік» рэзка выступаў супраць «вар’яцкай літаратуры», увасабленнем якой для яго былі сучасныя французскія аўтары: Анарэ дэ Бальзак, Віктор Гюго і Жорж Санд. Згадкі пра культуру, мову мясцовага люду калі і траплялі ў артыкулы, то толькі ў кантэксце выкарыстання на карысць польскай літаратуры або культуры. Пасля падзей 1848 года ва ўмовах Змрочнага сямігоддзя, але асабліва пасля пераходу да эпохі рэформаў Аляксандра ІІ «Тыднёвік» страціў папулярнасць. Апошні нумар газеты выйшаў 30 снежня 1858 rода (11 студзеня 1859 года па новым стылі).
Крыніцы
Спасылкі Нумары газеты ў электронным фармаце на старонцы Федэрацыі лічбавых бібліятэк Вольная энцыклапедыя WIEM
Катэгорыя:Газеты Расійскай імперыі Катэгорыя:Газеты на польскай мове Катэгорыя:Газеты Санкт-Пецярбурга