Ігнацій (свецкае імя: Якаў Лявонцьевіч Жалязоўскі; , Вялікія Сяхновічы, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня — , Гродна, Расійская імперыя) — беларускі ўніяцкі, потым праваслаўны царкоўны дзеяч, епіскап Брэсцкі (1848—1870)Ігнацій (Жалязоўскі, Якаў Лявонцьевіч ; епіскап Брэсцкі ; 1802—1872) // Зборны электронны каталог бібліятэк Беларусі. . Кандыдат багаслоўя (1829).
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і ўніяцкага святара. Пачатковую адукацыю атрымаў у Брэсцкім дваранскім вучылішчы (1812—1821). 26 кастрычніка 1824 года ў Тараканьскім базыльянскім кляштары быў пастрыжаны ў манаства з прыняццем імя Ігнацій. 27 мая 1826 года быў пасвечаны ў дыякана, праз тры дні — у іерэя. Працягнуў навучанне ў Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце, якую скончыў у ступені кандыдата багаслоўя.
Па сканчэнні семінарыі ў 1829 годзе быў прызначаны выкладчыкам у вучылішча пры Лаўрышаўскім манастыры, з 1830 да 1833 года працаваў настаўнікам у Кобрынскім павятовым духоўным вучылішчы, да 1836 года займаў пасаду наглядчыка Супрасльскага духоўнага вучылішчаИгнатий (Железовский) // Русский биографический словарь : в 25 томах; т. 8 (1897): Ибак — Ключарев. — СПб. — М., 1896—1918..
У 1836—1839 гадах быў інспектарам Літоўскай духоўнай семінарыі. Тады ж ён пазнаёміўся з Іосіфам Сямашкам і стаў яго прыхільнікам. У часе Полацкага царкоўнага сабора 1839 года падпісаў сярод іншых святароў «Саборны акт аб уз’яднанні» уніяцкай царквы з праваслаўнай і неўзабаве быў узведзены ў сан архімандрыта.
З 1839 да 1848 года Ігнацій з’яўляўся настаяцелем Барысаглебскага манастыра ў Гродне, клапаціўся аб захаванні Каложскай царквы. Пасля абвалу часткі будынка ў Нёман арганізаваў збор сродкаў на аднаўленне храма, хадайнічаў перад уладамі аб адсяленні манахаў.
20 мая 1848 года архіепіскап Літоўскі і Віленскі Іосіф пасвяціў Ігнація Жалязоўскага ў сан епіскапа Брэсцкага. Адначасова ён быў прызначаны другім вікарыем Літоўскай епархіі. Жыў у Жыровіцкім манастыры, з 1852 года — у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі.
На пасадзе епіскапа Ігнацій шмат увагі надаваў будаўніцтву і рэканструкцыі храмаў, асабіста агледзеў усе цэрквы епархіі. Уласнаручна асвяціў 16 цэркваў, у тым ліку кафедральны Свята-Сімяонаўскі сабор. Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў падтрымліваў закрыццё касцёлаў і ператварэнне іх у цэрквы. Распарадзіўся прыбраць з храмаў абразы Іасафата Кунцэвіча, спаліць уніяцкія кнігі і малітоўнікі, праводзіць богаслужэнні выключна на рускай мове.
21 чэрвеня 1870 года з-за хваробы пакінуў епіскапскую кафедру, апошнія гады жыў у Барысаглебскім манастыры, займаўся мецэнацтвам, збіраў бібліятэку. Памёр у Гродне 1 красавіка 1872 года і быў пахаваны ў могілкавай царкве. На пахаванні Ігнація прысутнічалі архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Міхаіл і епіскап брэсцкі Яўген.
Памяць З 1875 года ў Віленскім духоўным вучылішчы была ўстаноўлена імянная стыпендыя епіскапа Ігнація для дзяцей-сірот, якія паказвалі выдатныя здольнасці ў авалоданні навукамі. Фундатарамі стыпендыі сталі протаіерэй Антоній Катовіч, святары Іван Лявіцкі, Васіль Макавецкі і іншыя. Падчас святкавання пяцідзесяцігоддзя Полацкага царкоўнага сабора ў 1889 годзе ладзіліся ўрачыстасці ў гонар епіскапа Ігнація. Сакратар епіскапа Аляксандр Катлінскі пакінуў апісанне знешнасці Ігнація: Узнагароды Ордэн Святой Ганны 1-й ступені. Ордэн Святога Уладзіміра 2-й ступені.
Зноскі
Літаратура Жалязоўскі Ігнацій (1802–1872) / А. Р. Бензярук // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыкл. даведнік. — Мінск, 2001. С. 164. Жалязоўскі Ігнацій // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жабінкаўскага р-на / рэд.-уклад. Р. Я. Смірнова. — Менск: Ураджай, 1999. — 510 с. (8) л. іл. ISBN 985-04-0272-5
Катэгорыя:Епіскапы брэсцкія і кобрынскія Катэгорыя:Нарадзіліся ў Кобрынскім павеце Катэгорыя:Нарадзіліся ў Жабінкаўскім раёне Катэгорыя:Памерлі ў Гродне Катэгорыя:Постаці беларускага ўсходняга каталіцтва Катэгорыя:Кандыдаты багаслоўя Катэгорыя:Выпускнікі Віленскай духоўнай семінарыі Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Постаці Гродна