Вольга Уладзіміраўна Бабкова, па нараджэнні Голубева (нар. , Мінск) — беларуская гісторык, архівістка, пісьменніца. Лаўрэатка Літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча (2010).
Біяграфія Нарадзілася ў сям’і інжынера Уладзіміра Сцяпанавіча Голубева (1933—2010, родам з украінскіх Шчорсаў) і філолага Ірыны Паўлаўны Леановіч (1931, родам з Ваўкавыска). Скончыла сярэднюю школу № 80 у Мінску. У 1983 годзе скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.
З 1982 года працуе ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР (цяпер Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі). Займала пасады архіварыус, архівіста, малодшага навуковага супрацоўніка аддзелаў інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыйна-пошукавых сістэм. Займалася ўлікам і камплектаваннем бібліятэкі архіва.
Некаторы час працавала навуковым супрацоўнікам у Заслаўскім запаведніку. З 1991 года вярнулася ў НГАБ, працавала ў аддзеле старажытных актаў вядучым навуковым супрацоўнікам, палеографам. З 2003 года — загадчыца аддзела старажытных актаў.
У 2008—2010 гадах выкладала ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. У 2013—2020 гадах сумяшчала працу ў НГАБ з загадваннем літаратурна-драматургічнай часткай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Член Беларускага ПЭН-цэнтра.
Навуковая і літаратурная дзейнасць Займаецца распрацоўкай актавых кніг XVI—XVII стагоддзяў (Менскі гродскі суд, Слонімскія гродскі і земскі суды). Даследуе гісторыю Менска XVI—XVII стагоддзяў, гісторыю штодзённасці насельніцтва Беларусі на падставе вывучэння актавых матэрыялаў.
Прымала ўдзел у складанні даведніка «Фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі» (2006). З’яўляецца адным з аўтараў-складальнікаў навуковага зборніка «Тэстаменты другой паловы XVI ст. па матэрыялах актавых кніг НГАБ» (2012).
Аўтар шэрагу публікацый па гісторыі Беларусі XVI—XVII стагоддзяў, а таксама артыкулаў пра вядомых дзеячаў культуры Беларусі: Васіля Цяпінскага, Соф'ю Слуцкую, Паўлюка Багрыма, Міхаіла Мялешку. Аўтар цыкла гістарычных эсэ, надрукаваных у газеце «Наша Ніва» («Стары Менск», «Дзеці», «Чарадзейства», «Грошы», «Старажытныя імёны», «Вяселле», «Дарога», «Шляхецкія скарбы» і іншыя). Выйшла кніга эсэ з гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага «…І цуды, і страхі» (2010).
Бібліяграфія Новыя дадзеныя аб В. Цяпінскім на падставе актавага матэрыялу ЦДГА БССР у Мінску // Наш радавод. Кн. 3. Ч. 1. Гродна, 1991. С. 194‑198. Васіль Цяпінскі: Новыя дакументы // Спадчына. 1991. № 3. С. 15‑19. Паўлюк Багрым: Фрагменты да біяграфіі // Культура. 1993. 25 студзеня. Вяртанне (публ. дзённіка Міхаіла Мялешкі) // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1994. С. 131‑140. Тры дакументы пра Зафею Слуцкую // Архіварыус: Зб. навук. паведамл. і арт. Вып. 2. Мн., 2004. С. 83‑92. Новы факт да біяграфіі Паўлюка Багрыма // Архіварыус: Зб. навук. паведамл. і арт. Вып. 2. Мн.: НГАБ, 2004. С. 92‑93. Тэстаменты з актавых кніг Менскага гродскага суда XVI–XVII cтст. // Архіварыус: Зб. навук. паведамл. і арт. Вып. 3. Мн., 2005. С. 104–119. Карчма // Найясьнейшая Рэч Паспалітая. Мн.: Кнігарня НН, 2007. — С. 40–44.
Крыніцы
Літаратура
Архівісты Беларусі: біябібліягр. давед. / Склад. С. У. Жумар, М. Ф. Шумейка. — Мн.: БелНДІДАС, 2006. — С. 60-61. — 254 с. — ISBN 985-6733-12-X. Шынкарэнка В. К. Гістарычнае эсэ як вопыт рэканструкцыі мінулага // Известия Гомельского государственного университета имени Ф.Скорины, № 1 (82), 2013. — С. 185—190.
Катэгорыя:Нарадзіліся 27 лютага Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1961 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Архівісты Беларусі Катэгорыя:Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Эсэісты Катэгорыя:Палеографы Беларусі Катэгорыя:Археографы Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускага ПЭН-цэнтра